Нямецкае выданьне Zeit Online напісала, што падсуднага вінавацяць у незаконных пастаўках расейцам тэхналёгій вырабу хімічнай і ядзернай зброі.
З дэталяў біяграфіі мужчыны вядома, што ён досыць вядомы ў Ляйпцыгу бізнэсовец, які ў тым ліку чатыры гады быў сябрам Камітэту замежнага гандлю ў Прамыслова-гандлёвай управе.
Суд пачаўся яшчэ 24 траўня ў Найвышэйшым акруговым судзе Дрэздэну, але пра факт такога сьледзтва шырокай грамадзкасьці стала вядома толькі цяпер. Фэдэральная пракуратура знайшла факты паставак у Расею лябараторнага рыштунку, патрэбнага для вырабу зброі масавага паражэньня. Мужчына, як падазраюць у пракуратуры, дзейнічаў пад наглядам і з накіраваньня таемнай сеткі, якую кантралюе Крэмль.
Бізнэсовец Аляксандар С., як пішуць яго ў СМІ, знаходзіцца пад вартай ужо больш за год. Пракуратура выявіла мінімум 12 выпадкаў, калі ён парушаў закон, прадаючы элемэнты расейцам. Выглядае, што ён зарабіў на «чорным бізнэсе» звыш мільёна эўра. Інжынэр-хімік мае нямецка-расейскае паходжаньне, ягоная маці расейка.
Экспартам элемэнтаў для зброі ў Расею прадпрымальнік займаўся і раней, але і ў 2014-м, калі супраць Масквы ўвялі санкцыі, ня кінуў бізнэс, а пачаў парушаць закон. Фірмы-пракладкі, якія дазвалялі ігнараваць санкцыі, былі створаныя ў Казахстане і Кітаі.
Аляксандар С. адхіляе закіды ў тым, што ён ведаў пра ваенныя мэты расейскіх атрымальнікаў. Пракуратура спрабуе ў судзе давесьці, што ён супрацоўнічаў з расейскай спэцслужбай ФСБ. Яму пагражае 2 гады і 9 месяцаў турэмнага зьняволеньня.