У Беластоку праз абвінавачваньне ў шпіянажы на карысьць замежнай выведкі затрымалі расейца і беларуса, паведамляе партал Tvp.info. Як паведамляе Служба ваеннай контравыведкі, шпіёны зьбіралі інфармацыю аб вайсковых частках, кадравым становішчы і падразьдзяленьнях саюзных войскаў. Яны абодва шмат гадоў жылі ў Польшчы.
Расеец і беларус былі затрыманыя вайсковай паліцыяй 21 і 22 красавіка ў Беластоку. Расьследаваньне ў гэтай справе праводзяць аддзел вайсковых спраў акруговай пракуратуры ў Варшаве і Служба вайсковай контравыведкі.
«Высновы Служба вайсковай контравыведкі паказалі, што яны займаліся шпіёнскай дзейнасьцю на карысьць Расейскай Фэдэрацыі. Абодва падазраваныя шмат гадоў жылі ў Польшчы. У рамках сваёй дзейнасьці яны зьбіралі інфармацыю аб вайсковых частках, іх дыслякацыі, разьвіцьці, абсталяваньні і ўкамплектаванасьці, а таксама аб падразьдзяленьнях саюзных войскаў, — пацьвярджае ў інтэрв’ю Tvp.info прэс-сакратар акруговай пракуратуры Варшавы Аляксандра Скшыняж.
Прэс-сакратар міністра каардынатара спэцслужбаў Станіслаў Жарын у інтэрвію парталу Tvp.info пацьвердзіў, што матэрыялы, сабраныя SKW, сьведчаць, што «расеец і беларус, якія дзейнічаюць на карысьць расейскай выведкі супраць Польшчы, праводзілі мерапрыемствы, накіраваныя на вывучэньне функцыянаваньня польскіх узброеных сіл».