Колішняга камандзіра 155-й брыгады вінавацяць па артыкуле «Бязьдзеяньне органаў ваеннага кіраваньня, учыненае ва ўмовах ваеннага становішча або ў баявой абстаноўцы», піша «Суспільне».
Паводле зьвестак Дзяржаўнага бюро расьсьледаваньняў (ДБР), былы камандзір уключаў у сьпіс байцоў, накіраваных на навучаньне ў Францыю, нематываваных людзей з папярэджаньнямі і забаронамі.
Праваахоўнікі вінавацяць у масавых фактах дэзэртырства былога камандзіра брыгады. Паводле сьледзтва, яму дакладваў пра праблемы камандны склад вайсковай часткі, але ён, насуперак закону, не паведаміў пра гэта органам папярэдняга сьледзтва.
У пачатку студзеня журналіст Юрый Бутусаў заявіў, што 1700 вайскоўцаў 155-й асобнай мэханізаванай брыгады імя Ганны Кіеўскай самавольна пакінулі службу яшчэ да таго, як падразьдзел зрабіў першы стрэл.
Фармаваньне брыгады журналіст апісвае як «поўны арганізацыйны хаос літаральна па ўсіх кампанэнтах». Паводле яго слоў, з сакавіка, калі пачалося фармаваньне брыгады, штомесяц самавольна пакідае частку пэўная колькасьць байцоў.
У кастрычніку, калі брыгада выехала на вучэньні ў Францыю, налічвалася ўжо 935 выпадкаў. У самой Францыі з службы дэзэртавалі яшчэ 50 удзельнікаў брыгады.
У ДБР тады адзначылі, што сьледзтва «вывучае факты, выкладзеныя ў СМІ», распачаўшы крымінальныя справы па артыкулах аб «дэзэртырстве» і «злоўжываньні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі ваеннай службовай асобай».
Пасьля розгаласу прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі ўзяў на кантроль сытуацыю з дэзэртырствам і самавольнымі адыходамі з 155-й брыгады. Камандуючы Сухапутнымі войскамі Ўзброеных сілаў Украіны Міхаіл Драпаты назваў сытуацыю у 155-й брыгадзе складанай, аднак, паводле яго слоў, гэта не былі масавыя інцыдэнты.
Форум