Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі можа зьявіцца першае палітзьняволенае немаўля. Што чакае чацьвёртае дзіця Дашкевічаў


Зьміцер і Наста Дашкевічы з сынам. Архіўнае фота
Зьміцер і Наста Дашкевічы з сынам. Архіўнае фота

Пракурор патрабуе прысудзіць Зьмітру і Насьце Дашкевічам 1,5 года пазбаўленьня волі кожнаму. Нядаўна ў сужэнцаў нарадзіўся сын. Старэйшай дачцэ Дашкевічаў Мары — 8 гадоў, сыну Давіду — 6, дачцэ Магдалене — 3 гады.

Суд у справе Дашкевічаў пачаўся ў Менску 11 ліпеня; разгляд справы, якім кіруе судзьдзя Тацяна Пірожнікава, завяршыўся ў першы ж дзень.

Сужэнцаў абвінавачваюць ва ўдзеле ў маршы пратэсту ў жніўні 2020 году, памочніца пракурора Маскоўскага раёну Менску Еліскевіч патрабуе пакараць абаіх пазбаўленьнем волі тэрмінам на 1,5 года.

Зьміцер Дашкевіч быў арыштаваны 23 сакавіка 2022 году, увесь час да суду ён знаходзіцца за кратамі. Насту затрымлівалі разам з мужам, але пазьней адпусьцілі дадому.

15 чэрвеня ў Дашкевічаў нарадзіўся сын Данііл, гэта ўжо чацьвёртае дзіця ў сям’і. У тым выпадку, калі абаіх Дашкевічаў асудзяць на пазбаўленьне волі ў калёніі, немаўля можа адправіцца за краты разам з маці. Старэйшыя дзеці альбо могуць быць перададзеныя на выхаваньне сваякам, альбо імі зоймуцца органы апекі. Судзьдзя таксама можа даць Насьце Дашкевіч адтэрміноўку ад адбываньня пакараньня ў сувязі з наяўнасьцю малалетніх дзяцей.

«У дамах дзіцяці ствараюцца ўмовы»

У Беларусі правілы ўтрыманьня непаўналетніх за кратамі рэгулююцца 95-м артыкулам Крымінальна-выканаўчага кодэксу. Згодна зь ім, у месцах пазбаўленьня волі, дзе ўтрымліваюцца бацькі непаўналетніх дзяцей, для саміх непаўналетніх арганізаваныя дамы дзіцяці.

«У дамах дзіцяці ствараюцца ўмовы, неабходныя для нармальнага пражываньня і разьвіцьця дзяцей, — сьцьвярджае кодэкс. — Асуджаныя жанчыны могуць зьмяшчаць у дамы дзіцяці папраўчых устаноў сваіх дзяцей ва ўзросьце да трох гадоў, мець зносіны зь імі ў вольны ад працы час без абмежаваньняў. Ім можа быць дазволена сумеснае пражываньне зь дзецьмі ў дамах дзіцяці».

Паводле гэтага ж дакумэнту, са згоды бацькоў дзеці ва ўзросьце да трох гадоў могуць быць перададзеныя для выхаваньня родным асуджаных альбо ў органы апекі. Пасьля трохгадовага ўзросту дзіця могуць аддаць у дзіцячы дом.
Калі дзіцяці спаўняецца тры гады на тэрыторыі калёніі, а маці на гэты момант застаецца адбыць за кратамі ня больш за год, адміністрацыя калёніі мае права пакінуць дзіця разам з маці да яе вызваленьня.

«Асуджаныя цяжарныя жанчыны і кормячыя маці ў адпаведнасьці з мэдыцынскімі паказаньнямі могуць атрымліваць дадатковыя харчовыя пасылкі і перадачы ў колькасьці і асартымэнце, неабходных для падтрыманьня звычайнага здароўя маці і дзіцяці, — сьцьвярджае дакумэнт. — Асуджаныя цяжарныя жанчыны на пэрыяд родаў і ў пасьляродавы пэрыяд маюць права на мэдыцынскую дапамогу».

«У каго няма груднога малака, можа бачыць немаўля толькі гадзіну на дзень»

Большасьць асуджаных жанчын у Беларусі адбываюць пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі. Адна з былых яе зьняволеных у размове са Свабодай згадвала, як абыходзяцца там з жанчынамі, якія нарадзілі за кратамі. Сама яна на момант зьняволеньня мела трэці месяц цяжарнасьці.

«Ваня нарадзіўся, калі я ўжо шэсьць месяцаў была за кратамі, — расказвала былая асуджаная. — Яго аддалі ў Дом дзіцяці пры калёніі. Хто меў грудное малако, мог наведаць сваё дзіця шэсьць разоў на дзень. Хто ня меў — гадзіну на дзень. Мне пашанцавала, што я здолела захаваць малако».

Выпраўленчая жаночая калёнія № 4 у Гомлі. Архіўнае фота
Выпраўленчая жаночая калёнія № 4 у Гомлі. Архіўнае фота

Праз 1,5 года жанчына аддала малое на выхаваньне мужу, які ня кінуў сям’ю. Яна расказвае, што калі зьняволеная жанчына перастае карміць дзіця грудным малаком, ім дазваляюць бачыцца толькі гадзіну на дзень. Прычым маці ня мае права пачаставаць сваё дзіця цукеркай, гэта лічыцца парушэньнем.

«Мяне неяк злавілі за гэтым „злачынствам“ — прынесла цукерку Ваню, — расказала суразмоўца. — Загадалі пісаць тлумачальную, выклікалі на камісію, пачалі мяне адчытваць. Я выбачалася перад імі. Стаю, мну гэтую сукенку, вочы долу. У нейкі момант гучыць фраза: „Вы разумееце, што гэта наша дзіця? Мы за яго адказваем“. Тут ува мне прачнулася злосная тыгрыца, якая абараняе сваё кацяня. Я кажу, што вельмі вам удзячная, што ён накормлены і чысьценькі, але гэта мой сын, мой, ня ваш, і ён заўсёды будзе маім! У мяне былі шалёныя вочы тады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG