Тысячы людзей гэтымі днямі выходзяць у Паўночнай Македоніі на пратэсты, пасьля таго як нацыянальны ўрад пагадзіўся на кампрамісы адносна скандальных патрабаваньняў, якія суседняя Баўгарыя вылучыла як умовы інтэграцыі краіны ў Эўразьвяз.
Гэтыя патрабаваньні першапачаткова тычыліся самой македонскай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Папулісцкія баўгарскія ўлады патрабавалі ад македонцаў афіцыйна прызнаць сваю мову і сваю нацыю непаўнавартаснымі, вытворнымі ад баўгарскай першакрыніцы. У Паўночнай Македоніі многія пайсьці на такое не гатовыя. Але Баўгарыя як паўнапраўная краіна-чалец Эўразьвязу мае права вэта на далучэньне новых чальцоў да ЭЗ.
Францыя толькі што фармальна здолела пераканаць Баўгарыю зьняць з патрабаваньняў найбольш абуральныя фармулёўкі. Але яскравыя неадназначнасьці ў кампрамісным дакумэнце, які цяпер абмяркоўваецца, застаюцца. І баўгарскія палітыкі наўпрост кажуць, што справа на гэтым ня скончаная і македонцаў як самастойны народ яны прызнаваць не зьбіраюцца і далей.
Доўгая дарога македонцаў у Эўропу
Паўночнай Македоніі даводзіцца праходзіць праз ужо другую сэрыю прыніжэньняў з боку суседзяў, каб быць дапушчанай у эўрапейскія і эўраатлянтычныя структуры.
Спачатку ёй давялося зьмяніць свой сьцяг, каб Грэцыя пагадзілася ўсталяваць зь ёю дыпляматычныя адносіны. Потым — памяняць сваю афіцыйную назву з «Рэспубліка Македонія» на «Рэспубліка Паўночная Македонія», каб Грэцыя зьняла сваё вэта на яе далучэньне да NATO. Перад гэтым у міжнародных арганізацыях Македонію з прычыны пратэстаў Грэцыі дваццаць пяць гадоў афіцыйна называлі «Былая югаслаўская рэспубліка Македонія».
Сучасныя назвы краінаў і іх гісторыя — рэч вельмі часта неадназначная. Можна доўга разважаць пра Малдову і Малдавію, Расею і Русь, Летуву і Літву ці нават пра Belarus і White Ruthenia, але канструктыўнага ў такіх спрэчках няшмат.
Тая ўпартасьць, зь якой Грэцыя чвэрць стагодзьдзя блякавала эўраінтэграцыю рэспублікі са сталіцай у Скоп’е, перадусім нараджае думкі пра праблемы і комплексы ў грэцкім грамадзтве, а не пра якіясь гістарычныя несправядлівасьці з боку маленькай нацыі македонцаў ці з боку сацыялістычнага рэжыму ў колішняй Югаславіі.
І вось, пасьля Грэцыі і NATO, цяпер прыйшла чарга Баўгарыі і Эўрапейскага Зьвязу.
Расея як вялікая Баўгарыя з ракетамі
Можна сабе ўявіць, каб такія хамаватыя патрабаваньні, якія Баўгарыя ставіць перад Паўночнай Македоніяй, ставіў бы Пуцін перад Украінай. Але тут размова пра краіну Эўрапейскага Зьвязу, што асабліва абуральна.
І гэта кажа нам адначасова пра дзьве рэчы, якія тычацца ніяк ня толькі Баўгарыі і Паўночнай Македоніі.
Па-першае, што Расея — гэта ўсё ж Усходняя Эўропа, а тэорыя пра асобную «расейскую цывілізацыю» — гэта самазадаволеныя мроі расейскіх нацыяналістаў.
Расея літаральна нагадвае павялічаную вэрсію Баўгарыі, толькі з атамнай зброяй і прыроднымі рэсурсамі. Роўна з тымі ж пост-імпэрскімі праблемамі, што тычацца ідэнтычнасьці і пошуку нацыянальнай ідэі. Праблемамі, якія маюць таксама Вугоршчына, Сэрбія, часткова Польшча і іншыя. І вырашэньне гэтых праблемаў палягае, мабыць, у нечым падобным да палітыкі Эўропы ў дачыненьні да згаданых краінаў: інвэстыцыі, асьвета, разьвіцьцё інстытутаў, уцямная эўрапейская будучыня. І ніякай цярпімасьці да местачковага карумпаванага нацыяналізму пад шыльдай «асаблівага шляху».
Па-другое, што пуцінізм — гэта не выключна расейская зьява. Насамрэч гэта дэман, які сьпіць у галовах многіх усходнеэўрапейскіх народаў. Яго могуць абудзіць аўтарытарызм, адсутнасьць рэформаў і здаровых пэрспэктываў. Так і здарылася ў Расеі, дзе маштабы, неабмежаваныя грошы і пачуцьцё беспакаранасьці з улікам наяўнасьці атамнага арсэналу зрабіліся каталізатарамі гэтых рэчаў.
У Заходняй Эўропе даўно няма спрэчак аб тым, ці не зьяўляецца, скажам, некалі нямецкамоўны францускі Эльзас спрадвечна нямецкай зямлёй. І ніхто ня ставіць пад сумнеў бэльгійскую або швайцарскую нацыянальную ідэнтычнасьць.
А ў нас, на Ўсходзе, многія палітыкі гэтым займаюцца і зарабляюць на гэтым палітычныя балы. Празь беднасьць, нізкую культуру і нявылекаваныя гістарычныя траўмы сваіх народаў.
Нацыянальныя траўмы патрабуюць мудрасьці
Толькі што статус кандыдатаў на ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз атрымалі Ўкраіна і Малдова. І цалкам верагодна, што мы яшчэ пабачым, як нейкія прыніжальныя ўмовы будзе да Ўкраіны вылучаць тая ж нацыяналістычная Вугоршчына. Або як Румынія, напрыклад, будзе вылучаць гэткія патрабаваньні да Малдовы, дзе і без таго ў некаторых колах лічыцца прагрэсіўным ставіць пад сумнеў уласную нацыянальную ідэнтычнасьць.
Ёсьць рызыка, што ўсё гэта можа калісь зрабіцца актуальным і для Беларусі. Альбо прынамсі што зьявяцца нядобрасумленныя людзі, якія захочуць стварыць Беларусі падобныя перашкоды. Калі зыходзіць з таго, што і для беларусаў эўрапейская інтэграцыя будзе на парадку дня ў нейкай, спадзяёмся, недалёкай гістарычнай пэрспэктыве.
Да гонару нашых суседзяў, сёньня не выглядае рэалістычным, каб афіцыйная Польшча запатрабавала ад Беларусі на ўзроўні Канстытуцыі, скажам, прапісаць нешта пра «польскія крэсы ўсходнія». І не падобна, каб Літоўская Рэспубліка зьбіралася запатрабаваць ад нас адмовіцца ад «Пагоні» і ў Канстытуцыі напісаць штось з савецкага падручніка па гісторыі пра прыгнёт «польска-літоўскімі фэадаламі» «сялянскага» беларускага народу. Дзеячы, якія гэтага б хацелі, ёсьць і ў Польшчы, і ў Літоўскай Рэспубліцы. Але, на шчасьце, яны, здаецца, ня маюць вялікага грамадзкага ўплыву.
І беларусам трэба таксама вучыцца мудрасьці, каб адначасова не губляць гонару перад суседзямі, але і не ператварацца ў тых карыкатурных баўгарскіх палітыкаў, якія патрабуюць ад македонцаў прызнаць сваю мову дыялектам баўгарскай. Мудрасьці, якой мы, канечне ж, ня маем.
Бо беларускія нацыянальныя траўмы ня тое што не перапрацаваныя і не пераадоленыя. Яны часта нават не ўсьвядомленыя. У многіх беларусаў (нават адукаваных і беларускамоўных) як быццам яшчэ не зьявілася таго месца ў самасьвядомасьці, на якім павінна быць нацыянальная годнасьць, а значыцца, і нацыянальныя траўмы. А значыцца, можа здарыцца так, што мы як нацыя ўсё гэта будзем праходзіць тады, калі баўгары, палякі, сэрбы, ды можа нават і расейцы, праз гэта ўжо пройдуць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.