Бацька палітзьняволенага Максіма Знака атрымаў спатканьне з сынам. Вось што ён расказаў пра сустрэчу:
«Учора быў на спатканьні з Максам. Чатыры гадзіны размаўлялі праз шкло і слухаўкі. Выглядае нармальна. Пазнаў яго не адразу. Ну ня тое, каб ён моцна зьмяніўся, але фрызура, адзеньне… Чагосьці новага, чаго не было ў лістах, не пачуў. Але пераканаўся, што фізычны стан ягоны добры. Сваім выглядам ён пацьвердзіў, што мае пэўныя посьпехі ў фізкультуры. Курыць і піць чыфір не пачаў.
Трохі схуднеў, але ад таго, што адначасова павялічыліся цягліцы, гэта ня вельмі прыкметна. Хаця ён сьцьвярджае, што скінуў 9 кілё. Цікавіўся навінамі на поўдні, але я аказаўся менш дасьведчаны ў гэтым пытаньні, чым ён. Адносіны з калегамі нармальныя, чаго нельга сказаць пра адносіны з адміністрацыяй. Яно і зразумела. Але падкрэсьліў, што за межы правілаў унутранага распарадку ніхто не выходзіць. Прасіў усім перадаць прывітаньне. Працягвае верыць, што «будзе дзень!» Пэўна, якраз гэта мяне больш за ўсё і зьдзівіла».
Хто такі Максім Знак
- Максім Знак — беларускі юрыст, адвакат і палітык, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Палітычны зьняволены.
- У часе прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі 2020 году стаў юрыстам у штабе кандыдата Віктара Бабарыкі. 14 ліпеня 2020 году ЦВК Беларусі адмовіла Віктару Бабарыку ў рэгістрацыі, Максім Знак падаў скаргу на адмову ў рэгістрацыі кандыдата, аднак Вярхоўны суд скаргу не задаволіў.
- Пасьля выбараў і пачатку масавых пратэстаў 15 жніўня пачалося фармаваньне Каардынацыйнай рады для арганізацыі працэсу пераадоленьня палітычнага крызісу, Максім Знак быў выбраны ў яе прэзыдыюм, куды ўсяго ўвайшлі 7 чалавек.
- 6 верасьня 2021 году Менскі абласны суд прызнаў Максіма Знака вінаватым у злачынствах, прадугледжаных ч. 1 арт. 357, ч. 3 арт. 361, ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу і прысудзіў 10 гадоў пазбаўленьня волі. Гаворка ідзе, у прыватнасьці, аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні такім фармаваньнем, публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады.
Сяргея Ціханоўскага этапавалі ў магілёўскую калёнію
Палітзьняволенага блогера Сяргея Ціханоўскага, асуджанага летась на 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, этапавалі ў магілёўскую калёнію, паведамляюць праваабаронцы.
Ён будзе адбываць тэрмін пакараньня па адрасе: 213105, Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадзкая шаша, 183.