Уладзімір Парасюк лічыць, што беларускія вайскоўцы ў выпадку збройнага далучэньня да вайны, якую разьвязалі расейцы, будуць мець вялікія праблемы і ня будуць мець шанцаў на перамогу, пагатоў ня маючы ніякай матывацыі да вайны з украінцамі.
Паводле Парасюка, ёсьць шэраг прычын, чаму беларускім вайскоўцам ня варта ісьці ва Ўкраіну. Сярод іх адсутнасьць матывацыі для вайны і баявога досьведу ў беларускага войска, а таксама пазыцыя саміх украінцаў:
«Насельніцтва Заходняй Украіны — гэта вам не Данбас. Ніхто ня будзе з дурнымі поглядамі сядзець у хованках. Вас тут заколюць віламі, а з кожнай хаты вы атрымаеце толькі агонь. Гэты край ніколі ні перад кім не станавіўся на калені. І перад вамі ня стане. Валынскія лясы вас проста праглынуць... Вы будзеце толькі паміраць праз хворыя жаданьні вусатага прыдурка, які год за годам з вас зьдзекуецца».
Парасюк узгадаў беларускіх ваяроў, якія ўжо змагаюцца на баку Ўкраіны, а многія — яшчэ з 2014 году, з пачатку баявых падзей на ўсходзе Ўкраіны. Ён заклікаў беларускіх вайскоўцаў далучацца да змаганьня за волю.
«Многія вашы землякі ўжо на нашым баку. Яны змагаюцца ня толькі за нашую незалежнасьць, але і за незалежнасьць Беларусі. Далучайцеся да іх, далучайцеся да нас. Разам мы хутчэй пераадолеем гэтае зло. Гэтыя два д’яблы — Лукашэнка і Пуцін — фактычна зьнішчылі вашу дзяржаўнасьць. Не дазвольце, каб яны зьнішчылі вашу ідэнтычнасьць. Ня трэба быць на баку зла».
Раней Лукашэнка спрыяў атацы на Ўкраіну расейскіх войскаў, паўнамаштабная вайна пачалася пасьля вучэньняў на тэрыторыі Беларусі. З тэрыторыі краіны вяліся абстрэлы ўкраінскай тэрыторыі, у якіх гінулі мірныя жыхары і вайскоўцы, якія сталі на абарону незалежнасьці Ўкраіны. Украінскія палітыкі і вайскоўцы неаднаразова зьвярталіся да грамадзян Беларусі з просьбамі змагацца з расейскай акупацыяй і не дапусьціць далейшага распальваньня вайны.
У Беларусі ўзьняўся антываенны рух — у прыватнасьці, актыўна дзейнічалі рэйкавыя партызаны, якія вывелі са строю некаторыя ўчасткі чыгункі, не дазволіўшы апэратыўна перакінуць расейскую вайсковую тэхніку на фронт. Дзясяткі беларусаў былі арыштаваныя за антываенную агітацыю і дэманстрацыю салідарнасьці з Украінай.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.