Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Мацкевіч з турмы: «Сядзець за кратамі ня страшна, калі ёсьць сябры»


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Філёзаф Уладзімер Мацкевіч, якога на мінулым тыдні асудзілі на 5 гадоў зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму, 27 чэрвеня меў спатканьне з роднымі і празь іх перадаў словы на волю сваім сябрам, калегам і ўсім, хто сочыць за яго лёсам.

«Быў бы ў Беларусі суд, выстаўленыя абвінавачаньні рассыпаліся б адразу, — цытуе словы філёзафа тэлеграм-канал methodology_by. — Але суду ў Беларусі няма, ёсьць прыдатак карных органаў. Гэты „суд“ праігнараваў усе аргумэнты адвакатаў і паказаньні сьведак. Гэта ўсё ня мела ніякага значэньня».

Уладзімер Мацкевіч адзначае, што хоць «рэжым у бязвыхадным становішчы», але яго «агонія можа доўжыцца доўга, нават вельмі доўга». Паводле яго, рэжыму можна супрацьпаставіць «сілу бясьсільных».

«Сіла такога супраціву ў салідарнасьці, адначасовасьці і масавасьці, — сьцьвярджае ў сваім паведамленьні на волю Мацкевіч. — Не рабіце таго, што чакае і патрабуе ад вас рэжым. Не хадзіце на ягоныя сьвяты, не чытайце яго газэт, не глядзіце тэлевізар, не аддавайце дзяцей у БРСМ, і шмат чаго яшчэ можна проста не рабіць, ня ўдзельнічаць».

«Суд нада мной быў закрыты не з прычыны сакрэтаў і таямніцы, а з прычыны сораму, — лічыць зьняволены філёзаф. — Судзьдзі было вельмі сорамна, але ён ад бязвольнасьці ці ад страху выканаў тое, што яму загадалі. Але ж мог і не рабіць гэтага. Цяпер кожны застаецца са сваім сумленьнем. (…) Яшчэ магу дадаць, што сядзець за кратамі ня страшна, калі па той бок кратаў ёсьць сябры, а ў мяне яны ёсьць, і шмат».

Мацкевіча затрымалі ў жніўні 2021 году. Яму выставілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) — за «Марш народнага ўльтыматуму» 25 кастрычніка;
  • ч. 1 арт. 361–1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня) — за плятформу «Сход»;
  • ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) — за відэазапіс на YouTube-канале.

У лютым, патрабуючы зьмяніць меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе, завяршыць сьледчыя дзеяньні і прызначыць дату судовага разбору, Уладзімер Мацкевіч трымаў 14-дзённую галадоўку. Да яго доўгі час не пускалі пастара і адваката.

Хто такі Ўладзімер Мацкевіч

Уладзімер Мацкевіч паходзіць зь сям’і рэпрэсаваных беларусаў, якія былі высланыя ў Сібір пасьля Другой сусьветнай вайны. Нарадзіўся ў 1956 годзе ў Іркуцкай вобласьці Расеі. Празь дзесяць гадоў сям’я пераехала ў Горадню, дзе хлопец і скончыў школу.

Мацкевіч працаваў фрэзэроўшчыкам на заводзе карданных валоў у Горадні. Потым служыў у войску ў Закарпацкай вобласьці Ўкраіны.

Пасьля паступіў у Ленінградзкі дзяржаўны ўнівэрсытэт на псыхоляга, у час вучобы зблізіўся з Маскоўскім мэтадалягічным гуртком.

Да 1994 году Мацкевіч жыў то ў Ленінградзе (Санкт-Пецярбургу), то ў Вільні, то ў Рызе, то ў Маскве. Затым прыехаў у Беларусь, дзе праз год атрымаў беларускае грамадзянства.

У 1990-я гады шчыльна супрацоўнічаў зь Міністэрствам адукацыі. У пэрыяд між 1997 і 2001 гадамі ўзначальваў цэнтар мэтадалёгіі Рэспубліканскага інстытуту прафэсійнай адукацыі (РІПА). У 1999–2000 гадах Мацкевіч браў актыўны ўдзел у дыялёгу грамадзка-палітычных сілаў, які адбываўся пад эгідай АБСЭ. Пасьля гэтага ён страціў працу ў сыстэме дзяржаўнай адукацыі.

Аднак у 2003 годзе Мацкевіча нечакана запрасілі весьці ток-шоў «Выбар» на тэлеканале АНТ. Яго праца доўжылася там толькі 9 выпускаў, і пасьля тэмы пра беларускую мову, дзе многія гледачы выказаліся за больш шырокі ўжытак нацыянальнай мовы, Мацкевіча звольнілі.

Мацкевіч падтрымаў стварэньне аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Адной з апошніх палітычных ініцыятываў стала кампанія ў падтрымку незалежнасьці Беларусі «Сьвежы вецер». Яна ўзьнікла ў адказ на актыўнае абмеркаваньне і падпісаньне інтэграцыйных «карт» паміж Расеяй і Беларусьсю. У сьнежні 2019 году падчас масавых акцый супраць інтэграцыі актывісты кампаніі «Сьвежы вецер» ініцыявалі жывыя ланцугі ў цэнтры Менску.

Мацкевічу належыць ідэя Лятучага ўнівэрсытэту — некалькі дзясяткаў курсаў лекцый ад вядомых у Беларусі мысьляроў.

Актыўны вернік, пратэстант кальвінісцкага толку. У 2006 годзе філёзаф далучыўся да посту-галадоўкі вернікаў царквы «Новае жыцьцё», у якіх забіралі будынак. Тады ўлады пакінулі іх у спакоі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG