Пра гэта — у матэрыяле Свабоды.
Імёны герояў зьмененыя па іх просьбе і зь меркаваньняў бясьпекі.
«У паліцыі сказалі: „Вязі яго на пяскі!“»
Беларус Аляксей пачатак вайны сустрэў у Кіеве. Кажа, што нават думкі не было выяжджаць з Украіны. «Бо рызыкі — яны для ўсіх аднолькавыя. Мне здавалася, выяжджаць неяк подла. Я вырашыў застацца і дапамагаць. Бо калі проста сядзіш дома, пакуль украінскае войска абараняе цябе — так сабе адчуваньне. Шукаў магчымасьць валянтэрыць. На блёк-посьце мяне спыніла тэрытарыяльная абарона. Калі даглядалі рэчы, то знайшлі ўлёткі. Такія звычайныя — што рабіць, калі раптам вайна, чым запасацца, ці куды бегчы, ці як дапамагаць. Праз тыя ўлёткі павялі ў паліцыю. Казалі: «Ты ў курсе, што цяпер на нас зь Беларусі войскі ідуць? І што ты мне прапаноўваеш рабіць з табой? Ты разумееш, што ты ў маіх вачах — дывэрсант?» У паліцыі дапытвалі, потым сказалі: «Вядзіце яго на пяскі!» Я запытаўся: «Што гэта?» Мне адказалі: «Ты ж хацеў дапамагаць, вось будзеш працаваць», — кажа Аляксей.
Яго прывялі на задні двор участку, на будаўніцтва барыкад. Ён насыпаў пясок у мяхі. Потым сам прыходзіў у паліцыю і прапаноўваў дапамагаць у будаваньні барыкад.
Калі расейскія войскі адступілі з поўначы Ўкраіны, Аляксей зарэгістраваўся як валянтэр, працаваў у разбураных гарадах — Бучы, Ірпяні, Барадзянцы. У Ірпяні ён прыбіраў парк. Кажа, што ўсе дрэвы былі ў дзірках ад асколкаў.
«Сказалі, што СБУ мусіць кантраляваць кожнага расіяніна і беларуса, а нас шмат — таму і „выкідаюць“»
У Аляксея былі гатовыя дакумэнты, каб падацца на часовы від на жыхарства. Ён пайшоў у міграцыйную службу. Там адказалі, што з грамадзянамі РФ і РБ не працуюць. Потым прайшла інфармацыя, што грамадзяне Беларусі могуць атрымаць від на жыхарства — Аляксей зноў пайшоў у міграцыйную службу. Але яму зноў адмовілі, сказалі, што чакаюць указаньняў наконт беларусаў.
Беларус кажа, што працягваў валянтэрыць, езьдзіў па разбураных гарадах, дапамагаў там.
«Калі вярталіся ў Кіеў, спынілі на блёк-посьце, мяне адправілі ў паліцыю — за тое, што беларус. У паліцыі апыталі і сказалі ехаць разам у міграцыйную службу. Там размова была кароткая, на жаль. Мае дакумэнты, што я сабраў на від на жыхарства, ніхто не глядзеў, ня браў пад увагу. Правялі інтэрвію. Але запісалі мае паказаньні аднабока. Што я нібыта проста прыехаў ва Ўкраіну, проста жыў, і ўсё. Я прапанаваў дапісаць, што я праз вайну не падаў у час дакумэнты. Але мне адказалі: „Ты што — ашалеў? Ды з тваёй краіны ракеты на нас ляцяць!“. Мне на гэта не было чаго адказаць», — кажа Аляксей.
Яму далі штраф — 5100 грыўняў, абавязалі за 10 дзён пакінуць Украіну. У пашпарт паставілі забарону на ўезд на 3 гады. «Чаму? Ніхто нічога не тлумачыў. Пазьней мне сказалі, што СБУ мусіць кантраляваць усіх расіян і беларусаў. І чым больш нас тут — тым больш ім працы. Таму „выкідаюць“», — дадаў беларус.
Цяпер ён у Польшчы. І валянтэрыць тут — дапамагае ўжо з польскага боку ўкраінскім уцекачам.
«Добра, што ў нашым квартале няма блёк-пастоў»
Раман зь вялікай сям’ёй — жонкай, дачкой, цёшчай, сястрой жонкі і яе блізкімі — перабраўся ў Кіеў пасьля рэпрэсій у Беларусі. Думалі, што часова — пераседзець. Але на радзіме сытуацыя не паляпшалася. Таму вырашылі асесьці ў Кіеве. У Менску прадалі жытло. Набылі кватэру ва ўкраінскай сталіцы. Дачка пайшла ва ўкраінскую школу.
«Трохі пазмагаліся з эмігранцкай дэпрэсіяй, дый жылі. Кіеў выбралі таму, што ў блізкіх была тут праца. Дый не было пачуцьця рэзкіх зьменаў. Атрымалі часовы від на жыхарства. Як толькі пачалася вайна, жонка і цешча пайшлі валянтэрыць. На суседняй вуліцы дапамагалі тэрытарыяльнай абароне — варылі ежу. У мяне тым часам выйшаў тэрмін часовага віду на жыхарства. Мы схадзілі ў міграцыйную службу, але нас не прынялі. Потым я пачаў чытаць па чатах, што беларусам не працягваюць від на жыхарства ці прымушаюць пакінуць краіну. Ці прапаноўваюць выехаць і заехаць — вось толькі было такое, што беларусы выехалі, але не заехалі. Проста не пусьцілі ва Ўкраіну. Што нам рабіць? Ня ведаю. Сяджу пакуль тут. Ня хочацца нікуды ехаць... Дый кватэра ж тут ва ўласнасьці, але гэта нікога не цікавіць», — кажа Раман.
У міграцыйную службу ён цяпер баіцца ісьці. «Некаторым там кажуць — ды нічога страшнага, выедзеце і вернецеся. Але на мяжы ня пусьцяць — і што тады рабіць увогуле? Добра, што ў нашым квартале няма блёк-пастоў. То спынілі б, і чым тады скончыцца — ня ведаю», — кажа беларус.
Ім, як і многім беларусам, заблякіравалі банкаўскія рахункі. «Жывем за кошт таго, што ашчаджалі, і сваякі нам дапамаглі грашамі. У банк зьвярталіся, там сказалі, што яны ні пры чым. Наконт віду на жыхарства — крыўдна, што мы не пабеглі, калі Кіеў бамбілі, не спалохаліся ракет, а змаганьня зь бюракратыяй ня вытрымалі», — дадаў Раман.