Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У замежным легіёне Ўкраіны расказалі, дзе ваююць, чаго пабойваюцца і што патрэбна для эфэктыўнасьці баявых заданьняў


Дам’ен Магру
Дам’ен Магру

Прадстаўнік Інтэрнацыянальнага легіёну Дам’ен Магру заявіў, што ўдзельнікі міжнароднага фармаваньня, якія ваююць у складзе Ўзброеных сіл Украіны, выконваюць ня толькі баявыя, але і гуманітарныя задачы.

«Мы тут для таго, каб абараніць украінцаў і ўкраінскі народ. Мы выконваем баявыя задачы, але ёсьць і цывільныя функцыі. Мы, сярод іншага, таксама дапамагаем эвакуаваць цывільных. Частка нашай працы — гэта наш удзел у апэрацыях па эвакуацыі. Такія заданьні вельмі пазытыўна ўплываюць на маральны стан нашых прадстаўнікоў, яны лічаць гэта важнай місіяй, і тыя грамадзяне, якіх яны эвакуююць, ім вельмі ўдзячныя», — сказаў Дам’ен Магру 21 чэрвеня на брыфінгу ў Кіеве.

Якія заданьні выконвалі

Паводле яго, за чатыры месяцы пасьля стварэньня легіёну ягоная дзейнасьць стала больш арганізаванай і эфэктыўнай.

«За гэтыя чатыры месяцы шмат чаго зьмянілася. Мы зараз значна лепш арганізаваныя, значна больш эфэктыўныя як баявая адзінка, і паступова ў нас некаторыя пытаньні, якія існавалі напачатку, пачынаюць вырашацца. Мы ўжо даказалі, што міжнародны легіён карысны на полі бою. Вызваленьне Ірпяня і Бучы — гэта некаторыя прыклады працы, або ўдзел у баявых дзеяньнях у Севераданецку. Паступова мы даводзім сваю карыснасьць у ваенным сэнсе», — дадаў ён.

Дам’ен Магру мяркуе, што наперадзе яшчэ цяжэйшыя баі.

«Усё рухаецца ў правільным кірунку, хоць яшчэ шмат працы нам трэба зрабіць і на поле бою. Цяпер цяжкія месяцы, і нам варта рыхтавацца да дастаткова цяжкіх баёў», — сказаў прадстаўнік замежнага легіёну.

Трэба больш зброі

Сьпікер Інтэрнацыянальнага легіёну заклікаў урады замежных краін актывізаваць выдзяленьне зброі Ўкраіне. «Узбраеньне, якое выдзяляецца Ўкраіне, вельмі патрэбнае і карыснае, але яго трэба больш. Нам трэба больш цяжкага ўзбраеньня, супрацьпаветраных і далёкабойных сыстэм. Я ведаю, што былі новыя пастаўкі, у тым ліку ад ЗША, дзякую ад міжнароднага легіёну, але трэба, каб гэтых паставак было больш. Зацягваньне можа штодзень каштаваць да 250 жыцьцяў украінскіх вайскоўцаў», — адзначыў Дам’ен Магру.

Паводле яго, найбольш складаная сытуацыя — у Севераданецку.

«Магчымасьці эвакуацыі адтуль вельмі абмежаваныя, калі яны ўвогуле ёсьць, улічваючы бягучую сытуацыю. Мы вельмі занепакоеныя лёсам тых, хто знаходзіцца ў Севераданецку, і там можа адбыцца нешта падобнае да Марыюпалю. Мы сочым і вельмі перажываем. Калі там, у прамзоне, ёсьць замежныя вайскоўцы, то іх чакае той жа лёс. Мы павінны вывучыць урокі з сытуацыі ў Марыюпалі, і заўсёды трэба ставіць пад сумнеў абяцаньні расейцаў», — удакладніў прадстаўнік замежнага легіёну.

Дам’ен Магру нагадаў пра сьмяротны вырак, вынесены ў так званай «ДНР» тром замежным грамадзянам, якія не былі ўдзельнікамі замежнага легіёну, але ваявалі шмат гадоў у складзе Ўзброеных сіл Украіны, таму ня могуць лічыцца наймітамі, згодна зь міжнародным правам. Ён зноў заклікаў Расею выконваць Жэнэўскія канвэнцыі аб абароне правоў ваеннапалонных і аб тым, што іншаземцы, якія служаць у складзе ўкраінскага войска, не зьяўляюцца наймітамі.

Статыстыка Расеі пра замежны легіён ва Ўкраіне — дэзынфармацыя

Прадстаўнік Інтэрнацыянальнага легіёну Ўзброеных Сіл Украіны таксама зьняпраўдзіў інфармацыю, распаўсюджаную Міністэрствам абароны Расеі, пра колькасьць іншаземцаў, якія загінулі і ваююць на баку Ўкраіны ў складзе замежнага падразьдзяленьня.

У прыватнасьці, ён пракамэнтаваў інфармацыю пра тое, што нібыта ва Ўкраіне загінулі 214 грамадзян ЗША.

«Усе, хто сочыць, разумеюць, што ня можа такога быць. Так, некаторыя выпадкі гібелі грамадзян Амэрыкі сталі вядомыя, але ва ўсіх гэтых выпадках актыўна выступаюць сем’і, і калі б было столькі загінулых, то сем’і б не маўчалі. Інфармацыя Міністэрства абароны Расеі — суцэльныя прыдумкі», — сказаў Дам’ен Магру.

Паводле яго, інфармацыя Расеі пра гібель 200 іншаземцаў у выніку ракетнага абстрэлу Явараўскага палігона ў Львоўскай вобласьці (першага галоўнага месца дысьлякацыі інтэрнацыянальнага легіёну) таксама не адпавядае рэчаіснасьці. «Гэта прыклад дэзынфармацыі, і толькі такім чынам гэтую статыстыку я магу пракамэнтаваць», — падсумаваў прадстаўнік Інтэрнацыянальнага легіёну.

Паводле афіцыйнай інфармацыі ўкраінскага боку, тады загінулі 35 асобаў і атрымалі раненьні 134, але ўлады Ўкраіны сьцьвярджалі, што гэтыя ахвяры — зь ліку ўкраінскіх цывільных і вайскоўцаў.

Як у Расеі палічылі беларусаў

У інфармацыі Міністэрства абароны Расеі таксама сьцьвярджалася, што на баку Ўкраіны з 24 лютага ваявалі 197 грамадзян Беларусі. Зь іх нібыта 69 загінулі і 59 адмовіліся ад далейшай службы.

У той жа час дакладна вядома, што першапачаткова беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага налічваў каля 40 байцоў, але зь цягам часу да яго далучылася гэтулькі беларусаў-добраахвотнікаў, што трэба было рэарганізавацца ўжо ў полк. Сёлета беларусы змагаліся за Кіеў, Мікалаеў, удзельнічалі ў баях на Данбасе і ў Марыюпалі.

У Міністэрстве абароны Ўкраіны адмовіліся ўдакладніць, колькі беларусаў удзельнічала ў баях на прамысловай пляцоўцы «Азоўсталі» і якая цяпер іхная доля. На пытаньне Свабоды намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр адказала: «Па грамадзянах Беларусі мы ня маем інфармацыі для абнародаваньня».

З пачатку расейска-ўкраінскай вайны ў баях загінулі шэсьць беларусаў — добраахвотнікаў і жаўнераў УСУ: Аляксей «Тур» Скобля, Ільля «Літвін» Хрэнаў, Зьміцер «Тэрор» Апанасовіч, Зьміцер «Ганс» Рубашэўскі, Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла і Павал «Волат».

Сярод загінулых ёсьць і беларусы, якія ваявалі на баку Расеі. Іх таксама шэсьць: Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў і Андрэй Бабко.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG