Аб тым, што Ігара Лосіка этапавалі з гомельскага СІЗА-3 яго жонка Дар’я Лосік даведалася выпалкова, калі ў аўторак 21 чэрвеня прыехала забраць непатрэбныя яму рэчы.
«Ігара этапавалі з СІЗА ў ноч з панядзелка на аўторак, — расказала Дар’я Лосік. — Я сёньня прыехала ў Гомель забраць рэчы Ігара, якія яму не спатрэбяцца ў калёніі. І калі мне аддавалі заяву ў СІЗА, то сказалі, што Ігар ужо выбыў. Адпаведна і ўсе рэчы выбылі разам з ім. Я паехала ва ўпраўленьне Дэпартамэнта выкананьня пакараньняў па Гомельскай вобласьці. Яны дакладна павінны ведаць, дзе Ігар. Мяне не хацелі пускаць. Пагражалі выклікаць АМАП. У выніку начальнік адвёў мяне ў актавы зал і тры разы зачытаў артыкул, паводле якога Ігар на працягу трох дзён пасьля прыбыцьця ў калёнію вышле мне на мой адрас паведамленьне аб тым, дзе зараз знаходзіцца».
Па словах Дар’і, шмат хто з родных зьняволеных усё ж атрымлівае ад адміністрацыі СІЗА зьвесткі аб тым, куды накіроўваюць вязьняў. Маўчаньне ў выпадку Ігара Дар’я зьвязвае з рэзанансам яго справы.
«Гуляюць са мной у хованкі, ну гэта такое сабе, — наракае Дар’я. — Я начальніку гомельскага ўпраўленьня ДВП сказала, што гэта ўсё незаконна. Ён мне параіў напісаць скаргу. Яны мне не сказалі дакладна, дзе Ігар. Зараз мне павінны даслаць адказ пісьмовы, там можа быць той самы адказ, што яны нічога ня ведаюць».
Па словах Дар’і, сам Ігар зможа паведаміць ёй аб сваім месцазнаходжаньні толькі тады, калі трапіць у калёнію. Этапаваньне туды можа працягвацца нават тыдзень.
Ігар Лосік быў затрыманы ў сябе дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году, увесь гэты час ён знаходзіўся ў розных СІЗА — ў Менску, Жодзіне і Гомлі. Прысуд у выглядзе 15 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму судзьдзя Мікалай Доля агучыў Ігару 14 сьнежня 2021 году. На пачатку чэрвеня 2022 Вярхоўны суд пакінуў прыгавор бязь зьменаў.