Узброеныя сілы Ўкраіны нанесьлі ракетны ўдар па сьвідравальных устаноўках «Чарнаморнафтагазу», паведамілі народны дэпутат Украіны ад «Эўрапейскай салідарнасьці» Аляксей Ганчарэнка і кіраўнік расейскай адміністрацыі анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў.
У 2014 годзе сьвідравальныя ўстаноўкі, флёт і іншая маёмасьць украінскай дзяржкампаніі «Чарнаморнафтагаз» былі захопленыя падчас анэксіі Крыму Расеяй. Пасьля гэтага дзяржаўная кампанія «Нафтагаз Украіны» страціла кантроль над гэтым крымскім прадпрыемствам. Сьвідравальныя плятформы, якія трапілі пад удар, знаходзяцца за 100 кілямэтраў ад Адэсы і за 150 кілямэтраў ад Крыму. Яны таксама выкарыстоўваліся Расеяй для назіраньня за надводнай сытуацыяй з дапамогай радыётэхнічнай разьведкі.
«Ракетны ўдар па вышках крыху перашкодзіў газаздабычы ва ўкраінскім Чорным моры расейцамі», — напісаў у тэлеграм-канале Ганчарэнка.
Аксёнаў заявіў, што на трох вышках знаходзілася 109 чалавек. Паводле яго, наймацнейшы ўдар прыйшоўся па першай вышцы. «Там знаходзілася 12 чалавек, зь іх пяцёра параненыя, працягваюцца пошукі астатніх», — прыводзіць яго словы «Інтэрфакс». Газазабесьпячэньне Крыму, як сказаў ён, не парушанае.
Расейская сэнатарка ад анэксаванага Крыму Вольга Кавідзіці распавяла, што здабыча на пацярпелым ад удару Ўкраіны радовішчах прыпыненая. Паводле яе зьвестак, удар быў нанесены па трох плятформах — БК1, БК2, БК3. Дзьве апошнія не пацярпелі, БК1 будзе адноўленая, сьцьвярджае яна.
- «Чарнаморнафтагаз» быў адноўлены на матэрыковай частцы Ўкраіны. Расея працягвае здабываць газ на захопленых у Чорным моры ўкраінскіх вышках: за апошнія пяць гадоў было здабыта 9.2 мільярдаў кубамэтраў газу.