Беларусь з паказчыкам 11,88% заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР па росьце спажывецкіх цэн у студзені—траўні 2022 году, паведамляе выданьне «Позірк. Навіны пра Беларусь».
На першай пазыцыі — Малдова (17,57%), на другой — Украіна (13,9%), на чацьвёртай — Расея (11,8%).
Па ўзроўні травеньскай інфляцыі — 0,72% — Беларусь заняла дзявятае месца пасьля Латвіі (4%), Украіны (2,7%), Літвы (2,3%), Малдовы (2,04%), Эстоніі (1,9 %), Казахстана (1,4%), Грузіі (1,1%) і Узбэкістана (1%).
Сярэдняя інфляцыя на тэрыторыі былога СССР у траўні склала 1,36% супраць 2,20% — у красавіку, 3,29% — у сакавіку, 1,12% — у лютым і 1,15% — у студзені.
У студзені — траўні 2021 году спажывецкія цэны ў Беларусі павялічыліся на 5,16 працэнта (трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР), па выніках года — на 9,97 працэнта (дзявятае).