Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Найбольш падаражэюць замежныя прадукты». Разьбіраемся, на якія тавары хутка вырастуць цэны ў Беларусі


Імпартныя прадукты ў менскай краме
Імпартныя прадукты ў менскай краме

Гадавая інфляцыя ў Беларусі ўжо разагналася да 16,8%. Разам з экспэртамі разьбіраемся, што падаражэе найбольш у бліжэйшай будучыні

З пачатку вайны ва Ўкраіне ў Беларусі працягваюць расьці цэны. Найбольш вырасьлі цэны на харчовыя тавары — да 19%.

Па падліках Свабоды, найбольш падаражэла гародніна. З пачатку вайны ва Ўкраіне памідоры падаражэлі на 31%, перцы — на 35%.

Даражэе і садавіна: грушы — на 28%, вінаград — на 31%, бананы — на 11%.

Пры гэтым «малочка», крупы, мяса і яйкі падаражэлі нязначна: 1,2–2,5% у залежнасьці ад катэгорыі тавараў.

Што будзе даражэць далей

Паводле старшага навуковага супрацоўніка незалежнага цэнтру ў галіне эканамічных дасьледаваньняў у Беларусі BEROC Льва Львоўскага, найбольш будуць даражэць імпартныя прадукты.

«Зь імпартам — клясычныя праблемы з дастаўкай тавараў. Асобна будуць расьці цэны на харчовыя прадукты», — кажа Леў Львоўскі.

Прывазныя прадукты — гэта часткова садавіна і гародніна, Беларусь імпартуе перцы, памідоры і гуркі. Таксама, вядома, Беларусь імпартуе вінаград, бананы, апэльсіны, мандарыны. Таксама ў Беларусь завозяць рыбу і морапрадукты.

На думку Льва Львоўскага, меншымі тэмпамі будуць даражэць прадукты, уключаныя дзяржавай у пералік сацыяльна значных тавараў: цэны на іх рэгулюе ўрад.

«Гэта базавыя тавары — самы просты хлеб і батон, малако, яйкі. Калі хлеб, напрыклад, цэльназерневы — то ён ужо не ўваходзіць у сьпіс сацыяльна значных тавараў. Вось на базавыя прадукты цэны будуць расьці менш», — кажа Леў Львоўскі.

У пераліку сацыяльна значных тавараў сёлета больш за 2 дзясяткі пазыцый. Сярод іх мука, крупы, вэрмішэль, кефір і малако, ялавічына і сьвініна (апроч бескасьцёвага мяса), курыца, яйкі, цьвёрды і паўцьвёрды сыр, яблыкі, цыбуля, капуста, морква, цукар, бульба, кашы, сухія малочныя сумесі ды інш.

А што зь іншымі прадуктамі?

Калі ўрад будзе кантраляваць цэны на базавыя тавары, то інфляцыя ў дачыненьні да іншых тавараў будзе разганяцца, то бок яны будуць даражэць яшчэ больш.

«Рытэйлеры будуць кампэнсаваць свае патэнцыйныя страты за кошт кантролю цэнаў на базавыя тавары. Сярод прадуктаў харчаваньня будзе даражэць тое, чаго ў Беларусі ня робяць. Але ёсьць выключэньні. Напрыклад, улетку садавіна аб’ектыўна таньнейшая, бо час ураджаю», — кажа Леў Львоўскі.

А што будзе з палівам?

Цэны на паліва ў Беларусі рэгулюе ўрад, з пачатку году гэтыя цэны падрасталі ўжо боль 13 разоў.

«Урад можа стрымліваць гэтыя цэны. Аднак па практыцы мінулых гадоў урад павышаў цэны на паліва апераджальнымі тэмпамі, бо не складаўся бюджэт», — кажа Леў Львоўскі.

Наколькі падаражэюць прадукты?

Паводле Льва Львоўскага, інфляцыя працягне расьці, але рост запаволіцца. Да канца году, калі ня будзе вострага крызісу, то інфляцыя складзе каля 20%, паводле прагнозу Льва Львоўскага.

Што да прадуктаў, то падаражэньне кожнай маркі спрагназаваць у адсотках амаль немагчыма.

«Асобны нейкі від прадукту можа падаражэць на 40%, а іншы — на 5%. Залежыць, зь якой краіны пастаўлялася сыравіна, наколькі цяжка замяніць упакоўку, калі, напрыклад, яе стала немагчыма завозіць», — мяркуе Леў Львоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG