Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жорсткія баі ў Севераданецку, выбухі ў акупаваных гарадах. 110-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Лісічанск Луганскай вобласьці, 12 чэрвеня 2022 г.
Лісічанск Луганскай вобласьці, 12 чэрвеня 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 7 мільёнаў чалавек сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны.
  • Расейцы абстралялі ракетамі горад Прылукі Чарнігаўскай вобласьці.
  • Генштаб Украіны паведамляе, што расейцы выцесьнілі ўкраінскія войскі з цэнтру Севераданецку.
  • У выніку расейскага абстрэлу Лісічанску загінула 6-гадовае дзіця.
  • Пачынаецца працэдура апазнаньня целаў абаронцаў Марыюпалю, вывезеных з акупаванага гораду ў выніку двух абменаў з Расеяй. Яшчэ каля 200 целаў застаюцца ў Марыюпалі.
  • 12 чэрвеня выбухі гучалі ў Цярнопальскай вобласьці і ў акупаваным расейцамі Бярдзянску.
  • Генштаб Украіны паведаміў аб прасоўваньні расейскіх войскаў да Бахмута, за некалькі кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад гораду.
  • 4,5 мільёна ўкраінцаў вярнуліся ва Ўкраіну пасьля выезду на пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня на ўкраінскую тэрыторыю.
  • Дарадца кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў, што страты ўкраінскіх вайскоўцаў цяпер складаюць ад 100 да 200 чалавек штодзень.


Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны па стане на 12 чэрвеня 2022

Што адбываецца 13 чэрвеня

Прадстаўнікі «ДНР» заявілі пра сьмерць трох чалавек, у тым ліку дзіцяці, ад абстрэлу рынку ў Данецку

Штаб тэрытарыяльнай абароны самаабвешчанай «ДНР» абвясьціў, што артылерыйскі абстрэл вялі ўзброеныя сілы Украіны з 155-мілімэтровых артылерыйскіх гарматаў. Кіеў гэтага не камэнтаваў.

Сэпаратысты, якія падтрымліваюцца Расеяй, рэгулярна абвінавачваюць украінскія ўлады ў невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты. У траўні Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ заклікала ўсе бакі вайны выконваць міжнароднае гуманітарнае права, якое наўпрост забараняе такія атакі. 13 чэрвеня міжнародная няўрадавая арганізацыя Amnesty International апублікавала справаздачу, у якой у рэгулярных невыбіральных атаках на цывільныя абʼекты абвінавачваецца Расея.

На тэрыторыі Беларусі перамяшчаюць расейскую тэхніку да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі Ўкраіны


На беларускай тэрыторыі з боку Валынскай вобласьці застаецца каля 700 расейскіх вайскоўцаў. Як паведамілі 13 чэрвеня ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом, на беларускай тэрыторыі таксама працягваюць перамяшчаць расейскую вайсковую тэхніку бліжэй да мяжы з Валынскай і Ровенскай абласьцямі.

Да такіх высноў прыйшлі мясцовыя ўлады пасьля таго, як праінспэктавалі больш за 200 кілямэтраў супольнай беларуска-ўкраінскай мяжы ў Валынскай вобласьці.
Кіраўнік Валынскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Юры Пагуляйка паведаміў, што сытуацыя кантралюецца, а патэнцыйна небясьпечныя ўчасткі мяжы ўмацоўваюцца.

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Прылуках Чарнігаўскай вобласьці

Пра напад на горад Прылукі паведамілі ў абласной дзяржадміністрацыі. Старшыня абласной адміністрацыі Вячаслаў Чавус паведаміў аб прылёце трох ракет. Інфармацыя пра разбурэньні і пацярпелых удакладняецца.

На Луганшчыне Расея мае перавагу ў артылерыі, але ўкраінскія войскі не адступаюць

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заявілі, што Расея працягвае штурмаваць Севераданецк і канцэнтравацца на поўдні Луганскай вобласьці.

«На севераданецкім кірунку вораг пры падтрымцы артылерыі вёў штурмавыя дзеяньні ў Севераданецку, меў частковы посьпех, адцясьніў нашыя падразьдзяленьні з цэнтру гораду, баявыя дзеяньні працягваюцца», — паведаміў сьпікер Генэральнага штабу Ўкраіны Аляксандар Штупун.

Паводле яго, расейскія войскі канцэнтруюць свае дзеяньні для наступленьня, каб узяць у аблогу ўкраінскія войскі, якія абараняюць Севераданецк і Лісічанск, і заблякаваць украінцам лягістычныя шляхі забесьпячэньня з гораду Бахмут.

Расейцы рыхтуюцца да пераправы празь Северскі Данец

У выведцы Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі лічаць, што найбольш вызначальным чыньнікам ваеннай апэрацыі на поўначы Луганскай вобласьці стане пераправа па рацэ Северскі Данец.

«Для дасягненьня посьпеху на цяперашнім апэратыўным этапе наступу на Данбасе Расеі давядзецца праводзіць амбітныя флянгавыя дзеяньні або штурмаваць і фарсаваць рэчкі», — адзначаецца ў паведамленьні брытанскай выведкі.

У брытанскай выведцы дадалі, што раней украінскія войскі зьнішчалі масты, а расейскія падразьдзяленьні спрабавалі ажыцьцявіць пераправы праз рэкі пад абстрэлам.

Ва Ўкраіне ад пачатку агрэсіі Расеі з 24 лютага пацярпелі 815 дзяцей, зь іх 288 — загінулі

У Офісе Генэральнага пракурора Ўкраіны заявілі, што ў выніку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне пацярпелі 815 дзяцей — 288 зь іх загінулі і 527 атрымалі раненьні.

«Гэтыя лічбы не канчатковыя, паколькі працягваецца праца па іх вызначэньні ў месцах вядзеньня актыўных баявых дзеяньняў на часова акупаваных і вызваленых тэрыторыях», — адзначылі ў Офісе генпракурора.

Найбольш дзяцей пацярпелі ў Данецкай, Харкаўскай, Кіеўскай, Чарнігаўскай, Луганскай, Херсонскай, Мікалаеўскай, Запароскай і Сумскай абласьцях.

Генштаб Украіны: Расейцы пры падтрымцы артылерыі вялі штурм Севераданецку

Паводле ведамства, расейскія сілы адціснулі ўкраінскія падразьдзяленьні з цэнтру гораду.

«У выніку расейскага абстрэлу Лісічанску загінула 6-гадовае дзіця», — кіраўнік Луганскай вобласьці

«Лісічанск рашысты магутна абстрэльваюць, сёньня ад варожага агню загінула шасьцігадовае дзіця», — напісаў кіраўнік Луганскай вобласьці Сяргей Гайдай у тэлеграм.

Па дадзеных Гайдая, на тэрыторыі заводу «Азот» у Севераданецку застаюцца каля 500 мірных жыхароў, зь іх 40 — гэта дзеці, часам вайскоўцам удаецца эвакуаваць кагосьці. Але арганізаванай эвакуацыі зь Севераданецку няма.

У Кіеў даставілі целы 220 абаронцаў Марыюпалю

Пачынаецца працэдура апазнаньня целаў абаронцаў Марыюпалю, вывезеных з акупаванага гораду ў выніку двух абменаў з Расеяй.

Паміж украінскім і расейскім бакамі адбыліся два абмены целамі: першы па формуле «160 на 160», а другі па формуле «50 на 50». Пра гэта паведаміў былы камандзір палку «Азоў» Максім Жорын.

Пры гэтым целы яшчэ каля дзьвюх сотняў загінулых украінскіх вайскоўцаў застаюцца ў горадзе.

Выбухі на Цярнопальшчыне

У выніку выбухаў у Чарткоўскім раёне Цярнопальскай вобласьці ёсьць пацярпелыя, у тым ліку дзеці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Цярнопальскай абласной вайсковай адміністрацыі Ўладзімір Труш.

«Пра сытуацыю на Чарткоўшчыне. Ахвяр, на шчасьце, няма. Усю ноч мы аказвалі дапамогу пацярпелым, у тым ліку дзецям».

Труш адзначыў, што вядуцца працы па ліквідацыі разбурэньняў і фіксацыі пашкоджанай маёмасьці мірных жыхароў. Пазьней улады паведамілі, што ў выніку чатырох удараў параненыя 20 чалавек.

Выбухі ў акупаваным Бярдзянску

З раніцы 12 чэрвеня ў Бярдзянску, акупаваным расейскімі войскамі, раздаліся тры выбухі. Палова гораду засталася без электрычнасьці.

Паводле інфармацыі РІА-Мелітополь, пашкоджана адна з электрападстанцый.

Што адбываецца ў Расеі

Расавіяцыя працягнула забарону палётаў на поўдні і ў цэнтральнай частцы Расеі да 18 чэрвеня

Як паведамляе РБК, абмежаваньні закранаюць Анапу, Белгарад, Бранск, Варонеж, Геленджык, Краснадар, Курск, Ліпецк, Растоў-на-Доне, Сімферопаль і Элісту.

Пуцін падпісаў указ аб выплаце 5 мільёнаў рублёў семʼям забітых ва Ўкраіне салдат

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ: выплаціць па пяць мільёнаў рублёў семʼям супрацоўнікаў Нацыянальнай гвардыі і памежнай службы ФСБ, якія загінулі на вайне ва Ўкраіне і падчас баёў у Сырыі. Згодна з указам, столькі ж атрымаюць сваякі загінулых ва Ўкраіне і Сырыі расейскіх «добраахвотнікаў».

Апошні раз Расея паведамляла пра свае страты ў вайне з Украінай 25 сакавіка, заявіўшы пра 1351 загінулага і 3825 параненых. Украінскі Генштаб ацэньвае страты Расеі больш як у 31 тысячу салдат.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага, які цяпер рэарганізаваны ў полк.

Генштаб Украіны: у Беларусі пачалі адпрацоўваць стварэньне ўдарных груповак

У Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны заяўляюць, што беларускія войскі адпрацоўваюць фармаваньне ўдарных падразьдзяленьняў.

«На валынскім і палескім кірунках, згодна з плянам праверкі, да 11 чэрвеня ва Ўзброеных сілах Рэспублікі Беларусь адпрацоўваюцца пытаньні стварэньня ўдарных груповак на адным з кірункаў і праверка гатоўнасьці транспартнай інфраструктуры да перамяшчэньня падразьдзяленьняў», — сказаў сьпікер Генэральнага штабу Ўзброеных сіл Украіны Аляксандар Штупун.

13 чэрвеня ўпершыню за ўвесь час у ваенных зводках сьпікер Генштабу Ўкраіны ўвогуле не згадаў, што адбываецца на апэратыўных кірунках на мяжы зь Беларусьсю. Раней штодня паведамлялі, што «не назіраюць фармаваньня наступальных груповак, але пагроза ракетных і артылерыйскіх абстрэлаў захоўваецца».

Ад пачатку вайны з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне запусьцілі 61 ракету, — Генштаб Украіны

«З тэрыторыі Беларусі было 1211 вылетаў авіяцыі — больш за 20% ад агульнай колькасьці — і 61 пуск крылатых ракет тыпу „Іскандэр“ з мэтай паражэньня аб’ектаў крытычнай інфраструктуры Ўкраіны», — паведаміў прадстаўнік Генштабу Аляксей Громаў.

Лукашэнка заснаваў новае апэрацыйнае вайсковае камандаваньне ў Беларусі — паўднёвае

Гэты крок матываваны эскаляцыяй баявых дзеяньняў ва Ўкраіне. Да гэтага часу ў Беларусі былі два апэрацыйныя камандаваньні — паўночнае і паўночна-заходняе.

Як рэагуе сьвет

Чэхія прыме 500 расейцаў і беларусаў, якіх перасьледуюць улады, па праграме МЗС

МЗС Чэхіі апублікавала падрабязнасьці праграмы паскоранай іміграцыі для расейскіх і беларускіх грамадзянаў. Прыём заяваў па праграме пачаўся 20 траўня і працягнецца цэлы год, але квота — усяго 500 чалавек.

Чэхія прыпыніла выдачу візаў расейцам і беларусам 24 лютага, адразу пасьля ўварваньня Расеі на тэрыторыю Ўкраіны.

Сусьветны банк зацьвердзіў выдзяленьне Ўкраіне 1,49 мільярда даляраў

Сусьветны банк ухваліў 1,49 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне, так што агульны заплянаваны пакет падтрымкі ўкраінскай эканоміцы перавысіў 4 млрд даляраў, паведамляе Reuters.

Грошы патрацяць на заробкі дзяржаўным і сацыяльным работнікам. Гэтыя сродкі ўключаюць у сябе крэдытныя гарантыі Вялікай Брытаніі, Нідэрляндаў, Літвы, Латвіі і шэрагу іншых краін. Праект таксама падтрымліваецца паралельным фінансаваньнем з Італіі і ўнёскамі з новага шматдонарскага траставага фонду.

Эўразьвяз ухваліў шосты пакет санкцый супраць Расеі і Беларусі за напад на Ўкраіну

Эмбарга на расейскую нафту ня будзе поўным, але ахопіць звыш 90% паставак. Патрыярха Кірыла вывелі з санкцыйнага сьпісу на патрабаваньне Вугоршчыны.

У рамках санкцый ЭЗ адключае ад SWIFT беларускі банк.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG