Мікалай Віцікаў быў затрыманы 14 студзеня 2022 году. Тады па Беларусі праходзілі ініцыяваныя ўладай «дыялёгавыя пляцоўкі» па абмеркаваньні паправак у Канстытуцыю. Пэнсіянэр таксама хацеў узяць удзел у абмеркаваньні. Ён пайшоў 5 студзеня да дэпутата Гомельскага абласнога савету Ігара Дзягцярыка з прапановай арганізаваць у вёсцы Церуха «дыялёгавую пляцоўку». Пасьля, у гэты ж дзень, ён пайшоў да рэдактаркі раённай газэты «Маяк» Ірыны Канавалавай (яна ж старшыня раённай арганізацыі «Белай Русі». — РС) са сваімі разважаньнямі і бачаньнем Канстытуцыі. Рэдактарка газэты заявіла на пэнсіянэра ў міліцыю.
Віцікаў апынуўся ў СІЗА.
Суд быў адкрыты. На ім было прадстаўлена хадайніцтва жыхароў Церухі. Яны прасілі не караць пэнсіянэра строга, пісалі, што ён ніколі не прыцягваўся да адказнасьці, 12 гадоў узначальваў школу, актыўна займаўся добраўпарадкаваньнем вёскі, быў дэпутатам сельскага савету, дапамагаў мясцовай царкве.
«Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»
Абвінавачаньне агучыў пракурор Кірыл Кадоўба. Паводле абвінавачаньня, Віцікаў наўмысна, «з мэтай распаўсюджваньня дыскрэдытуючых Рэспубліку Беларусь і яе органаў улады заведама непраўдзівых зьвестак, накіраваных на прычыненьне шкоды дзяржаўным і нацыянальным інтарэсам», прадставіў дэпутату і рэдактару газэты «непраўдзівыя зьвесткі пра палітычнае і сацыяльнае жыцьцё».
Гаворка ідзе пра асабістыя развагі пэнсіянэра наконт зьменаў у Канстытуцыю і падзей пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі. Развагі былі запісаныя на аркушы паперы, зь якім Віцікаў хадзіў да дэпутата і рэдактара газэты.
Паводле абвінавачаньня, пэнсіянэр хацеў «распаўсюдзіць непраўдзівыя зьвесткі шырокаму колу асоб». Сам жа Віцікаў казаў на судзе, што не зьбіраўся распаўсюджваць свае развагі — хацеў толькі падзяліцца імі з дэпутатам і рэдактаркаю.
«Я сустракаўся з дэпутатам абласнога Савету, бо хацеў, каб у нашай вёсцы прайшла дыялёгавая пляцоўка, бо зьмены ў Канстытуцыю — гэта лёсавызначальная падзея, і я хацеў бы, каб улада раілася зь людзьмі», — тлумачыў на судзе Віцікаў.
«Праўдзівая інфармацыя» ад СК
У сваіх развагах ён закранаў тэму гвалту з боку міліцыі пасьля 9 жніўня 2020 году.
«Вы ведалі праўдзівую інфармацыю — СК і міліцыя выказваліся, што гвалт не прымяняўся да пратэстоўцаў. Чаму вы пісалі ў лісьце, што быў гвалт? Адкуль вы гэта ўзялі?» — пытаўся пракурор.
«Я бачыў асабіста рэпартаж па дзяржаўным тэлебачаньні. Там паказвалі, што трое ці чацьвёра міліцыянтаў білі дубінкамі чалавека, які ляжаў на зямлі. Мяне гэта абурыла», — адказаў Віцікаў.
«Але гэта быў ня гвалт, гэта было сілавое затрыманьне, і яно дазволенае законам», — паправіў яго пракурор.
На судзе да Віцікава ўзьніклі пытаньні і наконт таго, што ў лісьце ён напісаў пра фальсыфікацыі выбараў. Пракурор сьцьвярджаў, што фальсыфікацый на выбарах не было.
«Я не скажу за ўсю краіну. Я прасіў на сваім участку ў вёсцы азнаёміць мяне з выніковым пратаколам выбараў. Гэтага зроблена не было і па сёньняшні час», — адказаў пэнсіянэр.
«Бласлаўляць ганіцеляў»
У апошнім слове Віцікаў казаў, што ў турме пачаў больш чытаць Біблію і яму шмат чаго адкрылася. Ён цытаваў урыўкі з Эвангельля, дзе гаворыцца пра тое, што трэба бласлаўляць ганіцеляў і маліцца за тых, хто цябе крыўдзіць, любіць людзей, у тым ліку і ворагаў. Ён зазначыў, што з пункту гледжаньня хрысьціянскіх паводзінаў ён вінаваты, бо дазваляў сабе асуджэньне міліцыянтаў і ўлады.
З улікам таго, што адзін дзень пазбаўленьня волі лічыцца як паўтара дня ў СІЗА, Віцікаву засталося адбыць 2 тыдні пакараньня.