Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зрабіў мост, ставіў помнікі, дбаў пра царкву. Чым вядомы пэнсіянэр, якога арыштавалі за прапановы ў Канстытуцыю


Мікалай Віцікаў
Мікалай Віцікаў

Пракуратура санкцыянавала арышт на два месяцы для 68-гадовага Мікалая Віцікава зь Церухі Гомельскага раёну. Цяпер ён падазраваны ў крымінальнай справе аб «распальваньні варожасьці». Пэнсіянэр трапіў за краты пасьля таго, як аднёс у раённую газэту «Маяк» ліст з прапановамі ў Канстытуцыю.

Газэта «Маяк» выпусьціла артыкул з нагоды затрыманьня Мікалая Віцікава, дзе зьдзекліва напісала пра яго так: «сельскі жыхар, які свае пасквілі разносіць ня горш за сэктанта», «правінцыйны інтэлігент пэнсійнага ўзросту», «на пасадзе дэпутата зьдзейсьніў шэраг скандальных учынкаў», «правакатар».

Блізкія і знаёмыя Мікалая Герасімавіча былі, па іх словах, шакаваныя такімі фармулёўкамі і падзяліліся са Свабодай тымі добрымі справамі, якімі ён вядомы ў Церусе.

Мікалай Герасімавіч з 1980 году жыве ў вёсцы Церуха. Ён сапраўды вясковы інтэлігент — з 1982 па 1992 год быў намесьнікам дырэктара ў мясцовай школе. У школе ён стварыў гурток юных садаводаў і кіраваў ім. Пры Віцікаву ў школе быў закладзены сад, ён быў узорны. Сад прыносіў грошы, і калі здарыўся землятрус у Сьпітаку — сродкі ад саду накіравалі на дапамогу ахвярам.

Мікалай Віцікаў (крайні справа)
Мікалай Віцікаў (крайні справа)

Доўгі час Віцікаў займаўся фэрмэрствам, хоць і зь перашкодамі. Ён прасіў ва ўладаў зямлю, але атрымліваў няўдобіцы.

У 2010 годзе яго абралі дэпутатам сельскага Савету. На пасадзе дэпутата ён адзначыўся «скандальнымі ўчынкамі» — ня раз задаваў нязручныя пытаньні, напрыклад, пра сапраўдны падзел галін улады, бо старшыня сельскага Савету і старшыня сельскага выканкаму — адна асоба, прызначаная райвыканкамам. Уздымаў такія тэмы, як фармаваньне мясцовага бюджэту з прыцягненьнем падаткаў арганізацый на тэрыторыі сельскага Савету, або — хто павінен утвараць выбарчыя камісіі: сельскі выканкам ці раённы.

Быўшы дэпутатам, за свае сродкі і сваімі сіламі Віцікаў зрабіў мосьцік праз раку Ютранку — каб дзецям зручна было хадзіць у школу. У 2013 годзе ён узяў самы чынны ўдзел ва ўстанаўленьні памятнага знаку зажыва спаленым жыхарам вёскі Церуха.

«Герасімавіч сваімі рукамі бэтанаваў падмурак пад памятны камень, добраўпарадкаваў тэрыторыю вакол. Ён дапамагаў у рэканструкцыі школьнага музэю ваеннай славы, якім кіравала ягоная жонка, з 2005 году актыўна дапамагаў царкве — ад прыбіраньня тэрыторыі да таго, што зрабіў лавы і лесьвіцу на стромкім пад’ёме да храма», — расказалі землякі.

Мікалай Віцікаў (другі справа)
Мікалай Віцікаў (другі справа)

У 2017 годзе на месцы разбуранай бальшавікамі царквы паставілі памятны крыж. Усе арганізацыйныя пытаньні ўзяў на сябе Віцікаў.

«Ён усё жыцьцё стараўся, каб было па законе, па справядлівасьці! У 2020 годзе пасьля выбараў Віцікаў дабіваўся, каб абнародавалі пратакол галасаваньня. І вось тады на яго першы раз выклікалі міліцыю! 24 сакавіка 2021 году яго прыехала затрымліваць міліцыя нібыта за ўдзел у маршах! Без аніякай пастановы. Ён адмовіўся ехаць, яны вярнуліся з пастановай і забралі яго. Тады Віцікаў запатрабаваў ад пракурора запіс аб тым, што ён не зьдзяйсьняў ніякіх правапарушэньняў. Ён тым больш ня ўдзельнічаў ні ў якіх маршах», — кажуць людзі, знаёмыя зь Віцікавым.

Апошнія гады Мікалай Герасімавіч працуе на сваёй гаспадарцы. Займаецца пчоламі, цяпліцамі, садовымі дрэвамі. Апроч усяго, піша вершы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG