У Беларусі за чатыры месяцы 2022 году ўстаноўлена 390 выпадкаў пэдафіліі — паведаміў у інтэрвію БелТА назваў намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня наркакантролю і супрацьдзеяньня гандлю людзьмі МУС Віталь Капілевіч.
«З гэтай праблемай нашае падразьдзяленьне змагаецца ва ўзмоцненым рэжыме з 2012 году. Дзесяць гадоў таму мы выяўлялі ў сярэднім 36 такіх злачынстваў за год. На сёньняшні дзень гэтая лічба павялічылася ў разы», - сказаў Капілевіч.
Паводле яго слоў, за 10 гадоў міліцыі так і не ўдалося сфармаваць нейкі адназначны сацыяльны партрэт злачынца.
«У 120 з 390 устаноўленых выпадкаў злачынец і яго ахвяра раней не былі знаёмыя. У 195 выпадках пэдафіл быў тым ці іншым чынам зьвязаны з дзіцем. У 21 выпадку злачынства было ўчыненае бацькам у дачыненьні да ўласнага дзіцяці, у 22 выпадках — айчымам або ў прыёмных сем’ях....
Па 390 злачынствах праходзяць 214 падазраваных. У выніку іх злачынных дзеяньняў пацярпелі 358 дзяцей. На аднаго пэдафіла практычна прыпадае па дзьве ахвяры. Зь іх усяго дзевяць чалавек мелі судзімасьць за аналягічныя злачынствы. Гэта значыць доля рэцыдыву складае ўсяго 4,2% пры агульнакрымінальным — у 43,5%» — паведаміў Віталь Капілевіч.
Тэлеграм-канал Girl_power_Belarus, камэнтуючы гэтыя зьвесткі, адзначыў, што зараз у Беларусі практычна не засталося арганізацыяў, якія маглі б падтрымліваць дзяцей, якія пацярпелі ад гвалту.
З 2020 году ў Беларусі ліквідавана больш за 750 грамадзкіх арганізацый, частка зь іх магла б аказваць пацярпелым ад гвалту прафэсійную дапамогу, у тым ліку пацярпелым дзецям.