Паводле інфармацыі офісу Зяленскага, падчас паездкі прэзыдэнт наведаў перадавыя пазыцыі ўкраінскай арміі, уручыў дзяржаўныя ўзнагароды, а таксама правёў нараду зь мясцовымі чыноўнікамі, у тым ліку мэрам Харкава Ігарам Церахавым, начальнікам рэгіянальнай вайсковай адміністрацыі Алегам Сінягубавым, чальцамі вайсковага камандаваньня і кіраўніцтвам праваахоўных органаў.
«Вы рызыкуеце сваімі жыцьцямі дзеля ўсіх нас і дзеля краіны», — заявіў Уладзімір Зяленскі, зьвяртаючыся да вайскоўцаў.
Візыт украінскага лідэра адбыўся ў момант, калі Дзяржслужба Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях паведаміла аб выкліканых расейскімі абстрэламі пажарах вакол Харкава, другога паводле велічыні гораду краіны. Расея працягнула бамбаваньне Харкава пасьля таго, як украінскім войскам некалькі тыдняў таму ўдалося адкінуць расейскія войскі з пазыцыяў ля гораду.
Паводле Алега Сінягубава, украінская армія дамаглася пэўнага посьпеху ў контратацы. На гэты момант 31% тэрыторыі вобласьці акупавана расейскімі войскамі, 5% было нядаўна вызвалена. «Мы пакуль ня можам цалкам праінспэктаваць некаторыя з вызваленых населеных пунктаў, паколькі абстрэлы працягваюцца, або ажыцьцявіць поўнае разьмінаваньне і пачаць аднаўляць інфраструктуру», — сказаў кіраўнік рэгіянальнай адміністрацыі.
Ён дадаў, што ў Харкаве расейскія войскі пашкодзілі больш за 2200 шматпавярховікаў, зь якіх 225 цалкам разбураныя. Найбольшая шкода нанесеная паўночным і ўсходнім мікрараёнам.
Уладзімір Зяленскі прапанаваў вывучыць мэтазгоднасьць аднаўленьня пашкоджаных панэльных дамоў, сказана ў паведамленьні ягонага офісу.
«Калі ўжо так адбылося і ў нас вайна, то ці ня варта разгледзець магчымасьць прыбраць па ўсёй краіне панэльныя дамы, асабліва на разбураных тэрыторыях», — адзначыў Зяленскі. Ён таксама сказаў, што гэта яшчэ і магчымасьць мадэрнізаваць краіну і гарады, пабудаваўшы сучаснае жытло.