10 сакавіка, праз два тыдні пасьля маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, кампанія Google заблякавала магчымасьць аплаты падпісак, пакупкі мабільных праграм і лічбавых тавараў унутры іх карыстальнікам Android з Расеі ў сувязі з санкцыямі. З 5 траўня кампанія перастала разьмяшчаць у фірмовай краме новыя платныя прыкладаньні, створаныя расейскімі распрацоўнікамі, і абнаўленьні да ўжо існуючых.
Як паведамляе Dev.by, цяпер аналягічныя захады распаўсюджваюцца на распрацоўнікаў і карыстальнікаў зь Беларусі.
Беларускія карыстальнікі платных дадаткаў зараз пазбавяцца абнаўленьняў бясьпекі і новых функцый. Але, у адрозьненьне ад расейцаў, яны могуць рабіць унутраныя пакупкі і афармляць падпіскі ў бясплатных аплікацыях.