Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларускіх рублях па заніжаным курсе. Як даходзяць грашовыя пераводы ў Беларусь з-за мяжы


Тысячы беларусаў апынуліся за межамі Беларусі. З розных прычынаў: вялікая колькасьць работнікаў ІТ-кампаній рэлякаваліся ў Польшчу, Літву, Грузію, шмат людзей выехалі з палітычных матываў ад перасьледу і турмы. У многіх засталіся пажылыя бацькі, сваякі, сябры, якім патрэбная дапамога.

Як фінансава іх падтрымаць? Пагаварылі зь беларусамі, якія цяпер за мяжой.

«Уважліва сачу за навінамі банкаў»

З увядзеньнем санкцый супраць расейскіх і беларускіх банкаў, адмовай некаторых фінансавых кампаній працаваць зь Беларусьсю ў людзей скараціліся магчымасьці рабіць грашовыя пераводы на радзіму. Таму тыя, хто пераводзіць грошы ў Беларусь, вымушаныя ўважліва сачыць за навінамі з банкаў, кажа праграміст Ягор, які рэлякаваўся ў Грузію і дапамагае бацькам-пэнсіянэрам.

«Літаральна кожны тыдзень мяняюць умовы, таму ўважліва сачу за навінамі банкаў Раней без праблем пераводзіў грошы бацьку на ягоную рублёвую пэнсійную картку „Беларусбанку“ з дапамогай сэрвісу „Залатая карона“ (КoronaРay). Я тут адпраўляў у далярах, ён атрымліваў у рублях, курс у Беларусі быў стабільны — нас гэта задавальняла.

Цяпер на рублёвую картку перавод у Беларусь паслаць немагчыма, толькі на валютную. Давялося адкрыць валютны рахунак. Я шлю даляры, у Беларусь прыходзяць таксама нібыта даляры, але аддаюць іх бацьку ў беларускіх рублях па заніжаным курсе. Дзесьці прыкладна чвэрць грошай губляецца, а што рабіць?» — дзеліцца сваім варыянтам Ягор.

З краінаў Эўразьвязу грошы пераслаць можна праз PaySend

Існуюць цалкам легальныя мэханізмы пераводу ў Беларусь грошай з краінаў Эўразьвязу, напрыклад аплікацыя PaySend. Прычым камісія там невялікая — 1,5% за перавод. Аплікацыя выступае, так бы мовіць, пасярэднікам паміж замежным і беларускім банкамі, тлумачыць суразмоўца Свабоды Аляксей.

«Але праблема ў тым, што Беларусь забараніла пераводы ў беларускіх рублях, яна хоча, каб з-за мяжы ў краіну слалі толькі валюту. Для гэтага трэба адкрыць валютны рахунак у беларускім банку. А з-за мяжы неабходна высылаць грошы ў валюце. Аднак ня факт, што адрасат атрымае валюту. Бо гэта вырашае сам банк. І можа аддаць перавод у рублях паводле ўласнага курсу, які значна меншы за курс на чорным рынку», — расказвае ён.

Павал і яго жонка Вольга больш за год жывуць у Літве. Павал — палітуцякач, прызнаецца, што добрую працу па спэцыяльнасьці ў Літве знайшоў без праблем. Жонка працуе ў ІТ-кампаніі дыстанцыйна, заробак атрымлівае ў Беларусі на карту. Натуральна, у беларускіх рублях.

«Калі было больш варыянтаў, мы асабліва не „замарочваліся“, слалі пераводы ці зь літоўскай карткі (дзе на той момант былі грошы, натуральна, у эўра), ці праз Paysera, ці праз Revolut. Я, як той казаў, „усе яйкі ў адным кошыку“ не трымаю, у мяне некалькі картак.

Цяпер магчымасьцяў стала значна менш (Paysera, да прыкладу, яшчэ ў лютым прыпыніла пераводы ў Беларусь), таму бацькам і бабулі дапамагаем зь беларускай карткі Вольгі. Яна празь інтэрнэт перакідвае заробленыя беларускія рублі зь беларускай карткі на іхныя рахункі», — расказаў Павал.

У некаторых беларускіх банках грошы можна зьняць па кодзе. Натуральна, у рублях

Ганна, якая жыве і працуе ў Польшчы, акцэнтуе ўвагу на тое, што ўсё залежыць ад беларускага банку, у які дасылаецца перавод.

«Раней бабулі слала грошы на беларускую пэнсійную картку „Беларусбанку“ ў беларускіх рублях. Цяпер патрэбен валютны рахунак для атрыманьня пераводу з-за мяжы. Бабулі гэта цяжка тлумачыць, таму даручаю маці перадаваць частку з маіх пераводаў. Маці ў мяне спрактыкаваная, лёгка засвойвае ўсе новыя тэхналёгіі.

Апошнім часам карыстаюся сэрвісам PaySend. Дарэчы, вельмі прывабная камісія — усяго 1,5 эўра. У маці рахунак у банку „БелВЭБ“. І там ёсьць функцыя „Зьняцьце гатоўкі па кодзе“ (у беларускіх рублях). Праўда, там ёсьць абмежаваньні па суме: можна пераслаць за адзін раз да 800 беларускіх рублёў. Я генэрую код, выбіраю суму, потым павінна паведаміць маці суму і тыя лічбачкі коду. Яна ідзе ў любы банкамат „БелВЭБ“, там ёсьць функцыя „Зьняцьце гатоўкі па кодзе“. Маці ўводзіць суму і код і атрымлівае беларускія рублі. Гэта вельмі падобна на польскі „blik“. Зручна, што ня трэба ўводзіць ні прозьвішча атрымальніка, ні нумар ягонай карткі.

Дарэчы, зьняцьце гатоўкі па кодзе ёсьць яшчэ ў беларускім банку „Дабрабыт“, пра іншыя я ня чула», — тлумачыць Ганна.

«З маіх 100 даляраў сваякі атрымліваюць прыкладна 70 у эквіваленце. Нявыгадна, а што рабіць?»

Сяргей з Чэхіі таксама адзначае, што варыянтаў пераводу грошай у Беларусь стала менш.

«Яшчэ тры-чатыры месяцы таму „перакідваў“ з чэскай карткі ў кронах маці грошы на беларускую рублёвую картку. Яна іх здымала ў рублях — курс быў нармальны. Цяпер маці давялося завесьці валютны рахунак у „Беларусбанку“.

Карыстаюся аплікацыяй PaySend. Мае грошы праходзяць, скажам так, некалькі канвэртацый. Спачатку я пераводжу чэскія кроны ў даляры, у Беларусь грошы ідуць у далярах, а там беларускі банк прымае мае даляры, пераводзіць іх у беларускія рублі па сваім курсе. Умоўна кажучы, са 100 даляраў, што я паслаў у Беларусь, там мае сваякі атрымаюць прыкладна 70 даляраў. Нявыгадна, а што рабіць? Хоць так», — расказвае Аляксей.

Трэба зазначыць, што людзі ня вельмі ахвотна дзеляцца спосабамі пераводу грошай у Беларусь. Хтосьці шукае знаёмых, якія едуць у Беларусь, і перадаюць гатоўкай. Кажуць, ёсьць іншыя спосабы, але дзяліцца са СМІ імі людзі ня хочуць.

«Я ўсім знаёмым расказваю, як я раблю. Але калі пра гэта напіша Свабода, баюся, што і гэты канал перакрыюць, гэта 90 адсоткаў», — напісаў чытач Свабоды.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG