Павялічваецца бюджэт пражытковага мінімуму
У Беларусі з 1 траўня бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва павялічаны на 14,6 рубля да 311,15 рубля. Ён устаноўлены ў цэнах сакавіка і будзе дзейнічаць да 31 ліпеня.
БПМ для асобных катэгорый насельніцтва вызначаны ў наступных памерах:
- для працаздольнага насельніцтва — 347,2 рубля (+17,85 рубля),
- для пэнсіянэраў — 232,3 рубля (+8,2 рубля),
- для дзяцей да 3 гадоў — 194,36 рубля (+6,96 рубля),
- для дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 270,81 рубля (+11,34 рубля),
- для дзяцей ад 6 да 18 гадоў — 330,26 рубля (+12,93 рубля).
Да гэтага сацыяльнага нарматыву прывязаныя дапамогі. У выніку яны таксама павялічыліся:
- Дапамога пры нараджэньні першага дзіцяці складае з 1 траўня 3111,5 рубля, другога і наступнага — 4356,1 рубля.
- Аднаразовая дапамога жанчынам, якія сталі на ўлік у арганізацыях аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасьці, цяпер складае 311,15 рубля.
- На дзяцей ва ўзросьце ад 3 да 18 гадоў у пэрыяд выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 3 гадоў штомесяц будзе выплачвацца 155,58 рубля. Такую ж суму будуць атрымліваць асобныя катэгорыі сем’яў на дзяцей, старэйшых за тры гады.
- На дзіця-інваліда старэйшага за 3 гады будзе выплачвацца 217,81 рубля.
- Дапамога па доглядзе дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў з I і II ступеньню страты здароўя да спаўненьня дзіцяці 18 гадоў і з III і IV ступеньню страты здароўя да спаўненьня дзіцяці ўзросту 3 гадоў складзе 311,15 рублёў, а з III і IV ступеньню страты здароўя — 373,38 рубля.
- Дапамога на дзяцей ва ўзросьце да 18 гадоў, інфіцыраваных вірусам імунадэфіцыту чалавека, складзе 217,81 рубля.
З 1 траўня павялічыліся таксама «ўзроставыя» даплаты да пэнсій. Памер гэтых выплат складзе для асобаў ва ўзросьце 75-79 гадоў 58,34 рубля, а 80 гадоў і старэй (з улікам надбаўкі на догляд) — 116,69 рубля.
Бюджэтнікі атрымаюць дадатак да заробку
З 1 траўня ў Беларусі вырасьце базавая стаўка, да якой прывязаны заробак бюджэтнікаў: з 1 траўня яна складзе 210 рублёў. Першапачаткова яе рост у 2022 годзе плянаваўся ў 2 этапы: 1 студзеня і 1 верасьня, але пазьней урад прыняў рашэньне аб павышэньні базавай стаўкі з апераджальным графікам, пачынаючы з сакавіка. Так, 1 сакавіка яна вырасла да 208 рублёў, 1 красавіка — да 209 рублёў.
Вырасьце кошт за камуналку для тых, хто выехаў за мяжу
Цяпер «дармаедам» можа лічыцца нават той, хто афіцыйна працуе за мяжой. У адпаведнасьці з новай пастановай Саўміна прадаставіць дакумэнт, які пацьвярджае занятасьць за мяжой, могуць толькі грамадзяне, якія працуюць (або атрымліваюць адукацыю) на тэрыторыі дзяржаў — удзельніц Эўразійскага эканамічнага саюзу (Армэніі, Казахстане, Беларусі, Кіргізіі ці Расеі).
Калі вы працуеце ці вучыцеся ў краіне, якая не ўваходзіць у гэты сьпіс, і маеце ва ўласнасьці ў Беларусі жыльлё, то павінны будзеце плаціць за жыльлёва-камунальныя паслугі (газ, ацяпленьне, гарачая вада) па поўных тарыфах.
Павялічыцца кошт інтэрнэта ад мабільных апэратараў
Беларускія апэратары сотавай сувязі А1 і МТС з 1 траўня падвышаюць тарыфы на паслугі. Прычынай такога рашэньня паслужыла павелічэньне да 26 працэнтаў ПДВ на паслугі перадачы дадзеных. Мабільны апэратар Life:) заявіў, што ня будзе з 1 траўня падымаць тарыфы з-за павышэньня ПДВ.
З 1 траўня падвысіць тарыфы на некаторыя паслугі сувязі таксама «Белтэлекам». З наступнага месяца падаражэюць асобныя тарыфныя пляны па тэлебачаньні, а таксама некаторыя пакеты з хатнім інтэрнэтам.
Зьявіцца новы падатак
З 1 траўня ў Беларусі зьявіцца новы збор для рэклямадаўцаў: 10 працэнтаў — пры разьмяшчэньні вонкавай рэклямы і рэклямы на транспарце і 20 працэнтаў ад кошту паслуг па распаўсюджваньні рэклямы — у іншых выпадках. Збор закране ў тым ліку інтэрнэт-рэкляму.
Абавязковая дэзінфэкцыя транспарту на мяжы
Цяпер увесь транспарт, які ўяжджае ў Беларусь, будзе абавязкова дэзінфікавацца на ўсіх памежных пераходах, адпаведны ўказ уступае ў сілу з 1 траўня. Мэтай прыняцьця ўказу абвешчана «зьніжэньне рызыкі ўвозу на тэрыторыю краіны ўзбуджальнікаў небясьпечных інфэкцый і бактэрый».
У пунктах пропуску зьявяцца станцыі дэзінфэкцыі, празь якія мусіць праходзіць увесь транспарт, які ўяжджае ў Беларусь. Паслуга платная. Для кіроўцаў уводзяцца спэцыяльныя маркі, безь якіх аўтамабіль проста не прапусьцяць у Беларусь. Іх можна будзе набыць у пунктах пропуску.
Пэнсіянэры атрымаюць ільготу на праезд
З 1 траўня для пэнсіянэраў увядуць традыцыйную 50%-ю зьніжку на праезд у рэгіянальных лініях эканомклясы (электрычках). Яна будзе дзейнічаць да восені, пакуль ня скончыцца дачны сэзон. Прадаваць ільготныя білеты будуць толькі па пэнсійных пасьведчаньнях.
Асноўны крытэр для льготнага праезду — дасягненьне агульнаўстаноўленага пэнсійнага ўзросту (для жанчын — 58 гадоў, для мужчын — 63 гады), таму тыя, хто выйшаў на пэнсію раней за гэты тэрмін, зьніжку не атрымаюць.
Новыя правілы для прадпрымальнікаў
У траўні пашыраюць пералік выпадкаў абавязковага выкарыстаньня касавага абсталяваньня пры рэалізацыі тавараў і паслуг. Новыя правілы закрануць прадпрымальнікаў, якія прадаюць харчовыя тавары ўраздроб, у тым ліку сельскагаспадарчую прадукцыю, на кірмашах і гандлёвых месцах. З 18 траўня ім будзе забаронена гандляваць без касавага абсталяваньня.
Набыць і выкарыстоўваць касы павінны будуць наступныя юрасобы і ІП:
- прадаўцы нехарчовых тавараў на рынках і кірмашах;
- тыя, хто здае ў арэнду памяшканьні ў інтэрнатах, лецішчы, садовыя домікі і г.д.;
- тыя, хто займаецца разносным гандлем гароднінай, садавіной, ягадамі, грыбамі, арэхамі, семкамі (продаж з машын, перасоўных латкоў і т. п.);
- сельскія крамы спажыўкаапэрацыі (сельпо) з адным прадаўцом (гэта робіць працадаўца).
- тыя, хто гандлюе\ надае паслугі па-за пастаянным месцам працы, калі гэта адбываецца не ў сельскай мясцовасьці (напрыклад, цырульнік або сантэхнік, які прыходзіць па выкліку);
- настаўнікі, трэнэры непаўналетніх.
Для парушальнікаў правілаў прадугледжаны штраф: для фізычнай асобы або індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 базавых (3200 рублёў), для юрыдычнай асобы — да 200 базавых.
Зарадзіць Tesla ў Беларусі стане даражэй
З 1 траўня, апроч ужо звыклага двухкапеечнага падаражэньня аўтапаліва па аўторках, зьменяцца кошты на беларускіх электразапраўках. Тарыфы будуць такімі:
- павольная зарадка (6-8 гадзін) — 35 капеек/кВт·ч (раней 29 капеек)
- хуткая зарадка (30 хвілін) — 45 капеек/кВт·ч (39 капеек)
Першыя ЭЗС зьявіліся ў Беларусі ў 2014 годзе і да студзеня 2021-га былі бясплатнымі. Цяпер у Беларусі працуе каля 600 электразаправачных станцый.