Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СК Беларусі завёў на Стрыжака справу за «фінансаваньне вайны». Той адказаў сьледчым і зьвярнуўся да ўладаў Украіны


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Сьледчы камітэт завёў новую крымінальную справу на грамадзкага актывіста Андрэя Стрыжака, кіраўніка фонду BySOL, раней прызнанага экстрэмісцкім фармаваньнем.

На гэты раз Андрэю Стрыжаку прад’явілі прэтэнзіі за «фінансаваньне і матэрыяльнае забесьпячэньне ўзброенага канфлікту і ваенных дзеяньняў на тэрыторыі сумежнай дзяржавы».

У беларускім Сьледчым камітэце крымінальны артыкул завялі за арганізацыю збору сродкаў фондам BySOL на падтрымку Ўкраіны і беларускіх дабраахвотнікаў.

«Праз сацыяльныя сеткі Стрыжак сумесна зь іншымі асобамі займаўся дзейнасьцю, зьвязанай з вэрбаваньнем, навучаньнем, іншай падрыхтоўкай і фінансаваньнем грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія ў далейшым накіроўваліся для ўдзелу ў баявых дзеяньнях на тэрыторыі Ўкраіны ў складзе ўзброеных фармаваньняў і нацыяналістычных батальёнаў названай дзяржавы», — лічаць у СК.

У СК заяўляюць, што нібыта ўстанавілі некалькі асоб, якія пералічвалі грошы зь Беларусі на збор ад фонду.

«Галоўным упраўленьнем па расьсьледаваньні злачынстваў у сфэры арганізаванай злачыннасьці і карупцыі ў дачыненьні А.Стрыжака дадаткова пачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 361-3 Крымінальнага кодэксу за фінансаваньне і іншае матэрыяльнае забесьпячэньне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фармаваньні, узброеным канфлікце, ваенных дзеяньнях».

Сам Андрэй Стрыжак адрэагаваў на абвінавачаньні, іранічна назваўшы сябе «збройным баронам і міжнародным злачынцам».

«Дзяржаўныя арганізацыі нарэшце прайшлі свае гнеў, адмаўленьне, гандаль і прыняцьце і прызналі, што фонд рэальна фінансаваў „беспарадкі“ ў Рэспубліцы Беларусь. Гэта значыць, ня „бабкі пілаваў“, як яны раней казалі, а ўліваў іх у рэвалюцыю. Не прайшло і двух гадоў. Яны падкрэсьліваюць важнасьць нашай працы ў дапамозе Ўкраіне, а гэта значыць, што мы сапраўды істотна дапамагаем украінцам выйграць у гэтай вайне».

Таксама кіраўнік фонду BySOL завочна спытаў у СК, дзе крымінальныя справы на кіраўніцтва краін Эўразьвязу і іншых дзяржаў, якія ахвяравалі значна больш на падтрымку ўкраінскага войска, чым беларускі фонд.

Акрамя таго, Андрэй Стрыжак задаў і пытаньне ўкраінскаму кіраўніцтву:

«Дык што, спадары Арастовіч і Зяленскі? Па-ранейшаму хочаце сябраваць і выгадна гандляваць з суседам, які ня толькі раскачаў у блін і перасаджаў сваіх грамадзян, запусьціў аркаванаў (расейскія войскі. — РС) і даў ім магчымасьць запускаць свае ракеты па вас, але і заводзіць крымінальныя справы на тых, хто ўсімі сіламі дапамагае Ўкраіне выстаяць?»

Кіраўнік фонду BySOL, беларускі праваабаронца Андрэй Стрыжак у 2013-2014 гадах быў назіральнікам ва Ўкраіне на падзеях Эўрамайдану, а ў 2015-м арганізаваў ініцыятыву «Гуманітарны маршрут Беларусь — АТА» і на працягу пяці гадоў пастаўляў гуманітарную дапамогу на Данбас.

Створаны ім фонд BySOL з 2020 году дапамагае беларусам, якія былі арыштаваны ці былі вымушаны зьехаць з краіны з прычыны палітычных рэпрэсій, а таксама пачаў падтрымліваць украінскіх вайскоўцаў і ўцекачоў.

У Беларусі Стрыжак абвешчаны ў вышук, на яго за апошнія гады завялі некалькі крымінальных спраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG