Урад Швэцыі абвясьціў аб намеры краіны ўступіць у NATO.
Рашэньне было прынятае пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Да гэтага Стакгольм больш за 200 гадоў захоўваў нэўтралітэт.
16 траўня прэм’ер-міністарка Магдалена Андэрсан у звароце да парлямэнту ў Стакгольме назвала рашэньне «гістарычнай зьменай палітыкі бясьпекі краіны». «Швэцыя мае патрэбу ў гарантыях бясьпекі, якія прыходзяць разам зь сяброўствам у альянсе», — сказала яна. Пазьней на прэсавай канфэрэнцыі яна сказала, што большасьць дэпутатаў падтрымлівае гэтае рашэньне.
Швэцыя і суседняя Фінляндыя каардынуюць крокі па далучэньні да NATO. Фінляндыя захоўвала нэўтралітэт пасьля Другой сусьветнай вайны.
16 траўня прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на саміце АДКБ заявіў, што ня лічыць гэтае пашырэньне NATO непасрэднай пагрозай бясьпецы Расеі, але пашырэньне вайсковай інфраструктуры на новых чальцоў «выкліча рэакцыю ў адказ».