У сытуацыі «прававога каляпсу», у якой апынулася Беларусь, неабходна зьмяніць падыход да вызначэньня крытэраў, паводле якіх зьняволеных прызнаюць палітычнымі, пашырыўшы іх. Такую думку выказаў кіраўнік ініцыятывы Dissidentby Вячаслаў Касінераў.
Цяперашнія крытэры прызнаньня палітвязьнямі беларуская праваабарончая супольнасьць зацьвердзіла ў 2013 годзе на падставе падыходу, прынятага Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы.
«Крытэры цудоўныя, мы ня робім замаху на працу міжнародных юрыстаў. Мы мяняем падыход да іх, ён неактуальны», — заявіў Касінераў.
Кіраўнік ініцыятывы прапанаваў распаўсюдзіць магчымасьць прызнаньня палітвязьнямі на тых, хто рабіў спробы фізычнага супраціву сілавікам: «Адзін з галоўных камянёў спатыкненьня — магчымасьць абараняць сябе ў экстрэмальнай сытуацыі, калі ты ведаеш, што прадстаўнікі МУС — гэта карнікі».
«Праваабаронцы кансэрватыўнай клясы лічаць, што трэба разьбірацца з гэтым пытаньнем», — падкрэсьліў кіраўнік Dissidentby. На яго думку, праваабарончай супольнасьці неабходна аднастайна падыходзіць да прызнаньня палітвязьнямі тых, каго затрымліваюць за «тэрарызм», што апошнім часам адбываецца ўсё часьцей.
Актывіст лічыць, што важна «проста ацэньваць характар перасьледу — палітычны ці не».
Паводле дадзеных на 16 траўня, беларускія праваабаронцы прызнаюць палітычнымі зьняволенымі 1 197 чалавек. Ініцыятыва Dissidentby да такіх адносіць 1 457 чалавек. Праект дапамогі палітвязьням Politzek.me, запушчаны штабам экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, гаворыць пра 1 458 чалавек.