У сьпіс палітвязьняў уключаныя Сяргей Глебка, Дзьмітры Равіч, Дзяніс Дзікун, Алег Малчанаў, Сяргей Канавалаў, Сяргей Пляшкун, Юры Сельвіч, Яўген Мінкевіч, Дзьмітры Клімаў, Уладзімер Аўрамцаў — усім ім інкрымінаваны артыкул 289 КК (акт тэрарызму).
Таксама палітычным зьняволеным прызнаны Аляксей Шышкавец, які праходзіць па крымінальнай справе паводле арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім).
Цяпер у краіне 1145 палітычных зьняволеных.
Рознага кшталту дывэрсіі на чыгунцы сталі формай пратэсту беларусаў супраць уварваньня арміі РФ на тэрыторыю Ўкраіны. Мэтай такога супраціву абвешчана замаруджваньне чыгуначных перавозак расейскай тэхнікі ў зону баявых дзеяньняў.
Сілавыя органы РБ ставяцца да «рэйкавых партызан» жорстка. Як паведамляла МУС, трое з новых беларускіх палітвязьняў — Мінкевіч, Клімаў і Аўрамцаў — пры затрыманьні 30 сакавіка атрымалі кулявыя раненьні. Паводле інфармацыі Супольнасьці чыгуначнікаў Беларусі, яны не аказвалі супраціву, але былі «мэтанакіравана расстраляныя ў каленныя суставы».