Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта маўчаць пра палітвязьняў, калі аб гэтым просяць сваякі? Дыскусія экспэртаў


Сям’я палітвязьня просіць СМІ не паведамляць пра лёс іх сваяка. Чалавек просіць СМІ прыбраць ці заблюрыць яго фота на акцыі пратэсту. Што павінны адказваць мэдыя на такія просьбы, чаго вымагае этыка і прынцыпы журналістыкі?

Гэтыя пытаньні на канале Свабода Premium абмяркоўваюць старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў, юрыст, пісьменьнік Андрэй Бастунец і спэцыяльны карэспандэнт і рэдактар Эўрапейскага радыё для Беларусі Зьміцер Лукашук.

— Сытуацыя, зь якой неаднаразова сутыкаліся незалежныя СМІ. Мэдыя запісваюць і публікуюць інтэрвію са сваяком палітвязьня. А ён пасьля публікацыі зьвяртаецца да нас — прыбярыце, калі ласка, гэта можа пашкодзіць (ці ўжо пашкодзіла) яму ці яго зьняволенаму родзічу. Мне пра гэта і адвакат кажа, і сьледчы. Што павінны рабіць СМІ?

Бастунец

Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец
  • Гэта не юрыдычнае, а этычнае пытаньне. Гэтае пытаньне неаднаразова абмяркоўвалася і ў журналісцкай, і ў праваабарончай супольнасьці як у Беларусі, гэтак і ў Расеі і ў іншых аўтарытарных дзяржавах.
  • Калі гаворка ідзе пра тое, каб прыбраць з сайту матэрыял, які ўжо быў абнародаваны, — гэта, на мой погляд, просьба недарэчная. Але кожны такі выпадак трэба разглядаць індывідуальна, асобна. Тут трэба ўзважваць — страх, жаданьне не пашкодзіць чалавеку, але і грамадзкі інтарэс, інтарэс мэдыя, якія выступаюць прадстаўнікамі гэтага грамадзкага інтарэсу.
  • Часам сваякі палітвязьняў саступаюць ціску сьледзтва, але ня думаю, што такім чынам яны паляпшаюць становішча іх родзіча-палітвязьня.

Лукашук

Зьміцер Лукашук
Зьміцер Лукашук
  • Гэтай праблеме шмат гадоў. Такія сытуацыі ўзьнікалі і 5, і 15 гадоў таму. Нашая пазыцыя заўсёды была адна — трэба тлумачыць людзям, што толькі галоснасьць, публічная агалоска можа дапамагчы чалавеку. А тое, што адвакат, а тым больш сьледчы параіў не агучваць гэтую інфармацыю, — гэта «размовы для бедных». Калі вы прамаўчыце, то будзе лепш — гэта няпраўда.
  • Да 2020 году пад палітычны перасьлед трапляла адносна невялікая колькасьць людзей. У 2020 годзе маштаб рэпрэсіяў рэзка пашырыўся. І шмат беларусаў даведаліся, як адбываецца сьледзтва і суд па палітычных справах.
  • Зараз людзей прасьцей пераканаць, што замоўчваць ня трэба, што верыць словам сьледчых і адвакатаў ня трэба. Хоць усё адно мы сутыкаемся з такімі сытуацыямі.
  • Калі, нягледзячы на нашыя тлумачэньні і пераконваньне, чалавек настойвае на сваёй просьбе, мы ідзем насустрач чалавеку, мяняем інфармацыю так, каб нельга было ідэнтыфікаваць, ад каго мы атрымалі гэтыя зьвесткі. Такая нашая рэдакцыйная пазыцыя.
  • Мы робім так нават тады, калі інфармацыю распаўсюдзілі ня толькі мы — Эўрарадыё. Калі чалавек зьвяртаецца і да іншых СМІ, якія распаўсюдзілі інфармацыю, і яны не ідуць яму насустрач, — гэта іх пазыцыя.

— Крыху мадыфікаваная сытуацыя. Інтэрвію дадзенае, але яшчэ не апублікаванае. І чалавек просіць яго зьняць ці нешта зь яго выкрасьліць. І не абавязкова публікацыя нечым пагражае таму, хто даў гэтае інтэрвію. Што тут варта рабіць?

Бастунец

  • Так, такія сытуацыі здараюцца. У мяне такія сытуацыі былі, калі я працаваў у газэце. Паводле аўтарскага права і той, хто бярэ інтэрвію, і той, хто дае, маюць пэўныя правы. Там даволі заблытаная сытуацыя. Калі размова ідзе пра паведамленьні інфармацыі, то рэдакцыя павінна вырашаць, ці ісьці насустрач чалавеку.
  • Наколькі я ведаю, многія заходнія СМІ наагул не даюць інтэрвію на вычытку, і гэта прынцыповая пазыцыя.
  • Ёсьць адрозьненьне ў стаўленьні да публічных асобаў і да звычайных людзей. Публічныя асобы знаходзяцца пад большым грамадзкім кантролем з боку СМІ. Але ў любым выпадку, калі інфармацыя мае грамадзкі інтарэс, журналісты маюць права абнародаваць яе нават насуперак волі крыніцы. Ёсьць інтарэсы крыніцы як асобы, але ёсьць і інтарэсы грамадзтва ведаць важную для яго інфармацыю.

— Крыху іншая сытуацыя: сваяк палітвязьня просіць СМІ зьняць інфармацыю, матэрыял пра гэтага палітвязьня, прычым СМІ атрымаў гэтую інфармацыю не праз гэтага сваяка. Тым ня менш сваяк просіць — маўляў, майму родзічу за кратамі галоснасьць пашкодзіць. Што павінна рабіць мэдыя?

Лукашук

  • Я асабіста сутыкаўся з такой сытуацыяй неаднойчы. Я атрымліваў інфармацыю пра палітвязьня, але з дадаткам — сваякі прасілі яе не распаўсюджваць. Паводле той жа схемы: сьледчы сказаў, што калі гэта стане вядома грамадзкасьці, то будзе горш для яго.
  • Калі мы атрымліваем інфармацыю з такім папярэджаньнем, то мы яе не даем. Але калі мы атрымалі інфармацыю, ня ведаючы, ці згодныя зь яе абнародаваньнем сваякі, то мы яе абнародуем. Калі ўжо пасьля сваякі да нас зьвяртаюцца з просьбамі, тады часам пачынаецца тое, што мы ўжо з вамі абмяркоўвалі, — тлумачэньні, абмеркаваньне.

— Падчас пратэстаў 2020 году і пазьнейшых СМІ апублікавалі безьліч фатаздымкаў з гэтых пратэстаў. Часам зь нядаўнімі ці нават даўнімі, 2020 году, здымкамі пратэстаў бывае паводле Оруэла: чалавек зьвяртаецца ў СМІ — прыбярыце фота пратэсту з маім тварам. Ці хаця б заблюрце яго.

Усе ж бачаць, што ў краіне адбываецца. Быў на пратэсьце — крымінальная справа. І чалавек просіць — прыбярыце маё фота, не падстаўляйце мяне пад справу.

Дык што — усе здымкі з адкрытымі тварамі прыбіраць? Перапісваць усю фотагісторыю?

Тут ёсьць адрозьненьне ад папярэдніх сытуацыяў, пра якія я пытаўся. Ці на шкоду, ці на карысьць палітвязьню абнародаваньне інфармацыі пра яго — гэта пытаньне. Але тое, што за фота на пратэсьце, апублікаванае ў незалежных СМІ, могуць пасадзіць, — гэта праўда. І такія выпадкі былі. Дык што рабіць у адказ на просьбу прыбраць такое фота ці заблюрыць твар на ім?

Лукашук

  • Мы ведаем, у якой сытуацыі цяпер жыве Беларусь. Паводле Оруэла і жывем. Тлумачэньні, што не ў адных нас такія здымкі, што інтэрнэт усё памятае, што ўсё гэта ёсьць у кэшы, не заўсёды пераконваюць. Калі чалавек настойвае, каб мы яго фота прыбралі ці заблюрылі, калі яму так будзе лягчэй, — мы ідзем насустрач.

Бастунец

  • Яшчэ некалькі гадоў таму мы спакойна маглі сказаць, што калі чалавек выйшаў на масавую акцыю, то ён выказвае публічна сваё меркаваньне. Але ў 2020–2022 гадах мы ўжо гаворым пра адказнасьць за публікацыю фота з пратэстаў і рэдакцыі, і журналіста.
  • Тут няма адназначнага адказу. У дэмакратычных дзяржавах адназначны адказ ёсьць: ты выйшаў на масавую акцыю — ты выказаў сваё меркаваньне, і ты адказны за яго выказваньне. У аўтарытарных і таталітарных рэжымах сытуацыя неадназначная. У 2020 годзе ніхто не ўсьведамляў ступень адказнасьці, зь якой людзі сутыкнуцца.
  • Калі СМІ апублікавала фота з пратэсту, якое было скарыстана ў крымінальнай справе супраць асобы, якая фігуруе на фота, — гэта не віна СМІ. Гэта віна сілавых структураў, уладаў Беларусі, якія зламалі закон.
  • Журналісты мусяць у межах рэдакцыі выпрацаваць палітыку дзеяньняў у такіх сытуацыях.
  • У Беларусі ёсьць інфармацыйныя рэсурсы, якія прынцыпова адмаўляюцца ісьці насустрач просьбам прыбраць фота ці заблюрыць твары на іх.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG