«Вялізныя катастрофы адбываюцца, бо мы забываемся, што чалавечая годнасьць мусіць быць абароненая»
Беларускі рэжысэр, заснавальнік HUNCHtheatre Уладзімер Шчэрбань разам зь міжнароднай камандай стварыў дакумэнтальны спэктакль у стылі рэйв-вечарынкі, спэктакль-інсталяцыю, як ён яго называе. «P for Pischevsky» — гэта гісторыя беларуса Міхаіла Пішчэўскага, які ў 2014 годзе стаў ахвярай гамафобнай атакі. Яго пабілі каля начнога клюбу ў Менску, паўтара года ён быў паралізаваны і памёр ад наступстваў траўмы.
«Рухавіком усёй гэтай ідэі быў Андрэй Завалей, беларускі ЛГБТ-актывіст, ён „цягнуў“ гэтую тэму. Бо, як і ўсё важнае, беларускі ўрад яе замоўчвае і спрабуе нэўтралізаваць. Зь Мішам Пішчэўскім здарылася ў 2014 годзе жудасная траўма, якая прывяла да паралічу і ў выніку да сьмерці, а „hate crime“ (злачынства з прычыны нянавісьці. — РС) так і ня быў прызнаны як матыў, як усё ў нас і робіцца ў Беларусі. Андрэй арганізаваў кампанію, каб памятаць (пра тое, што здарылася зь Міхаілам. — РС). І калі мы тры гады таму ў Беларусі пачалі супрацоўнічаць з Андрэем, мы думалі, пра што мы можам зрабіць спэктакль, што нам блізка. І, вядома, узьнікла гэтая тэма», — расказвае Ўладзімер Шчэрбань.
Над спэктаклем працавалі 2 гады. Апошнімі месяцамі ўвесь сьвет сфакусаваны на вайне ва Ўкраіне і працаваць з гэтай тэмай стала цяжэй, сьцьвярджае ЛГБТ-актывіст, прадусар, мэнэджар HUNCHtheatre Андрэй Завалей.
«Штодня трэба было сабе нагадваць, праз што я прайшоў, навошта я пачаў гэта рабіць, што мяне рухае наперад. Бо маленькія справы і трагедыі сумуюцца, сутыкаюцца паміж сабой і зь іх нараджаецца вялікая трагедыя. І таму маленькія вельмі важныя для асэнсаваньня ўсёй карціны, якую мы маем. Вялізныя катастрофы адбываюцца, бо мы забываемся, як грамадзтва ігнаруе, што чалавечая годнасьць мусіць быць абароненая, і даём сыгнал сьвету, аўтарытарнай дзяржаве, схільнай парушаць правы, што можна працягваць, можна машыну рэпрэсій раскручваць і выводзіць на новы ўзровень. А грамадзтва гэта зьесьць. Так мы атрымліваем масавыя рэпрэсіі, якія мы бачылі ў жніўні 2020-га», — кажа Андрэй.
«P for Pischevsky» — міжнародны праект. У спэктаклі бяруць удзел амэрыканскі пэрформэр Джос Маккейн, брытанскі актор HUNCHtheatre Олівэр Бэнэт, нямецкая акторка тэатру і кіно Сюзана Саксэ і беларускія дыджэй, мастак, актор Глеб Кавальскі і сьпявачка Марына Шукюрава (Руся).
Рэжысэр Уладзімер Шчэрбань адзначае, што вельмі важна было надаць міжнародны розгалас, выклікаць рэзананс у справе Пішчэўскага.
«Гэта „hate crime“. І якая розьніца, што зьяўляецца прычынай: сэксуальная арыентацыя ці палітычныя перавагі? „Hate crime“ — гэта і ёсьць гвалт, гвалт дзяржаўны. Гэтае судовае слуханьне — выдатны прыклад на ўзроўні прыватнага выпадку, на які мала хто зьвярнуў увагу, што ўсё гэта гвалт і крывадушнасьць судовай сыстэмы, бо забойца правёў менш за год у турме. І ў гэтым наш магутны пасыл: нават калі здаецца, што ты не палітычна актыўны, што палітыка цябе ня тычыцца, то яна цябе тычыцца ў любым выпадку, бо так дзейнічае дыктатура, яна кантралюе цябе ва ўсіх аспэктах, нават тваю сэксуальнасьць і перавагі ў ежы».
«Гэта вельмі глыбокі, інтымны боль»
Тэкст для спэктакля заснаваны на рэальным запісе паседжаньня суду ў справе Міхаіла Пішчэўскага. Уладзімер прызнаецца, што працаваць над ім было эмацыйна цяжка.
«Гэта не мастацкі тэкст, гэта вельмі спэцыфічная рэч: судовае слуханьне, спрэчкі, заключэньні экспэртаў пра траўмы, якія прывялі да сьмерці. Гэта не для слабых нэрваў, гэта рэальна складаны тэкст, у які было вельмі цяжка паглыбляцца, чытаць яго шмат разоў, працаваць над ім».
Асабліва балючай праца над тэмай была для сьпявачкі, культурнай дзяячкі Русі (Марыны Шукюравай) праз асабістую трагедыю.
«Для мяне гэта была складаная тэма, але ў той жа момант тэрапэўтычная. Мой родны брат усё жыцьцё паміраў ад сваёй хваробы, а апошнія два гады ляжаў у ложку. Ён памёр, калі яму было 18, а мне 20. Гэта быў самы блізкі і любімы чалавек. Мне таксама даводзілася яго мыць, пераварочваць, калі ён апошнія гады дажываў, — дзеліцца Руся скрозь сьлёзы. — І для мяне гэта вельмі глыбокі, інтымны боль, і асабліва цяжка мне давалася сцэна сястры, дзе яна мые цела Мішы, які ляжыць у коме. У яшчэ аднаго нашага актора Ёса быў такі досьвед: калі ў яго не працавалі ногі, яго даглядала сястра. Таму для нас гэта была эмацыйна складаная сцэна, але вельмі яркая, мы любілі яе рэпэтаваць і граць. Яшчэ сьмяяліся, што калі нас разарвуць уласныя эмоцыі, дык гэта добра для спэктакля, гледачам на карысьць».
У Русі некалькі роляў у гэтым спэктаклі: голас-душа, сястра Мішы, маці і адвакатка маці, якая спрабуе данесьці суду, што Мішу забілі праз гамафобны матыў. Жанчына прызнаецца, што, хаця ролі эмацыйна складаныя, яны дапамагаюць публічна перажыць і «выгнаць» з душы боль.
«Ёсьць яшчэ сцэна, калі я пакрываю галаву чорным саванам, танчу, і побач са мной быццам Міша танчыць свой апошні раз перад сьмерцю. І гэтая сцэна — пік маіх эмацыйных перажываньняў, бо вельмі часта, калі мой брат мог яшчэ сядзець у інвалідным вазку, ён пад’яжджаў да вакна на кухні, глядзеў на хлопцаў, якія гралі ў футбол у двары, танчылі на стадыёне цераз дарогу, і так ціха казаў: «Сястрычка, мне так шкада, што я ніколі не змагу ні гуляць у футбол, ні танчыць». І калі Ёс (які граў Мішу) пачынаў танчыць, я ліла горкія сьлёзы, бо думала: «Эх, мой брацік ніколі ня зможа так танчыць».
«P for Pischevsky» — тэатральны дэбют для Русі. Акторка кажа, што мела некалькі страхаў, якія ў працэсе зьніклі, бо рэжысэр Уладзімер Шчэрбань і каманда вельмі падтрымлівалі яе.
«У мяне быў страх, зьвязаны з маёй дысьлексыяй, бо мне даволі цяжка ўтрымліваць кавалкі тэксту ў галаве. Другі страх, што я па жыцьці сама па сабе, аўтэнтычная, а ў тэатральнай прафэсіі трэба выходзіць са свайго эга і нібыта „заходзіць“ у характар іншай асобы, для мяне гэта было даволі складана. Але калі пачаліся рэпэтыцыі, то ўпасьці ў рукі прафэсіянала — гэта вялікае шчасьце і асалода. Так што я адчувала сябе даволі камфортна, добра, прыемна».
Пасьля паказу спэктакля ў Бэрліне быў канцэрт SHUMA, і Руся кажа, што ўжо там адчула, наколькі шмат ёй даў тэатральны досьвед.
«Я адчувала сябе на іншым узроўні. Я разумела, як можна абыграць песьню, паказаць схаваную эмоцыю. Гэта мяне вельмі разьвіла і дало такі штуршок наперад. Увогуле пасьля паказаў і цяпер я натхнёная, усхваляваная, гэтая праца мяне моцна ўразіла, бо спэктакль складаны. Там розныя сучасныя мастацкія сродкі выкарыстаныя, мікс клясычнага тэатру, электроннай музыкі і эстэтыкі рэйву, і аўтэнтычных сьпеваў, і візуальнага мастацтва, дыджэінгу. Карацей, супэр».
Прадусар Андрэй Завалей таксама дадае, што найбольш яму спадабаліся ў працэсе экспэрымэнты.
«У нас каманда з розных сфэраў, мы камбінуем музыку тэхна з паганскімі сьпевамі, якім больш за тысячу гадоў. І вось камбінацыя, якую робіць Руся, захоплівае дых, уражвае. Калі ты бачыш, як ідэя матэрыялізуецца на сцэне, — гэта кайф».
«Мы ўсе ахвяры гэтага рэжыму, гэтага болю, гэтага хворага саўка, дзе чалавек ніхто і нішто»
Гісторыю пра Мішу Пішчэўскага трэба расказваць заўсёды, перакананая Руся.
«Былі такія камэнтары: „Ва Ўкраіне вайна, а вы пра сваіх п...ў спэктаклі робіце“. Я не пагаджуся; я лічу, што нашая сыстэма беларуская, постсавецкая ўся такая гнілая ад таго, што людзі заплюшчваюць вочы на такія працэсы. Сёньня п...а (кажу гэтае слова з павагаю) не заўважылі, заўтра палітзэка, а потым ты ўжо ў крывавай дыктатуры жывеш. Я лічу, што справа Пішчэўскага вельмі важная для кожнага з нас, кожнага беларуса, кожнага постсавецкага чалавека, які цяпер вымушаны сутыкацца з жорсткай, нездаровай судовай, аўтарытарнай сыстэмай».
Сьпявачка кажа, што гісторыя Мішы — пра кожнага з нас.
«Бо мы ўсе ахвяры гэтага рэжыму, гэтага болю, гэтага хворага саўка, дзе чалавек — ніхто і нішто, а сыстэма можа саджаць і аднаго, і ўсю нацыю цалкам, як гэта адбываецца ў Беларусі. У гісторыі Мішы мяне крануў цынізм нашай судовай сыстэмы, якая ўвогуле не ўспрыняла сур’ёзна гамафобны матыў гэтага нападу, нібыта ЛГБТ-людзей не існуе. Я заўжды ўражваюся, калі чытаю гісторыі пра беларускія суды, законы, — гэта гамон. І вось нават абвінавачаны ў нападзе на Мішу праз увесь суд прайшоў са сьмехам, для яго гей так і ня стаў чалавекам, ён нават не зразумеў, ад чаго такі скандал і суд. Ну ўдарыў, і што? Забіў, і што? Мяне ўражвае гэты цынізм».
Тое, што адбылося зь Міхаілам Пішчэўскім, зусім не выключная зьява, кажа Андрэй Завалей.
«Асноўны вынік, што ў меншасьці ты можаш апынуцца ў любы момант, па любой прыкмеце. Нават калі ты адчуваеш сябе стабільна і ўпэўнена, заўтра таталітарная машына можа зрабіць ворагам менавіта цябе. І мы проста мусім памятаць, што можам апынуцца на месцы чалавека, які знаходзіцца пад сыстэмным гвалтам, у сытуацыі безабароннасьці перад дзяржавай, іншым чалавекам, які парушае нашыя межы, замахваецца на нашую годнасьць. Тут проста пытаньне эмпатыі, наколькі мы можам на сябе прымераць гэтую шкуру. Бо ўся таталітарная машына базуецца на ярархіі „каго мы больш любім, камусьці больш правоў, а камусьці менш“. І мы мусім распаўсюджваць доступ да абароны для ўсіх».
«Хацелася б папрацаваць з тэмай старасьці»
Неўзабаве працягнецца тэхнічная праца над спэктаклем, яго будуць пасылаць на тэатральныя фэстывалі, кажа рэжысэр Уладзімер Шчэрбань.
«У гэтым праекце мы зусім выпадкова пачалі працаваць з бліскучай сьпявачкай Русяй, зь яе ўнікальным голасам і манэрай выкананьня аўтэнтычных песень. Яна ўзрушальная драматычная акторка па прыродзе. Цяпер мы зь ёй абмяркоўваем сталеньне і старэньне, што гэта такое. Я ўжо не юнак, і гэтая тэма мне цікавая, гэта мой асабісты досьвед. Увогуле мяне цяпер прыцягваюць толькі пэрсанальныя гісторыі, яны могуць быць нягладкія, зь невыразным мэсыджам, але заўсёды ўнікальныя. І ў гэтым праўда», — кажа Ўладзімер Шчэрбань.
«Мне хацелася б папрацаваць з тэмай старасьці, як яе ўспрымаюць жанчыны, мужчыны, ЛГБТК-людзі, дзеці, — тлумачыць Руся. — Цікава адчуваць розьніцу паміж успрыманьнем старэньня ў постсавецкім грамадзтве і заходнім. Якім чынам чалавек разумее, што ён стары; як грамадзтва даводзіць ягоную старасьць, як гэта пражываць і годна сустрэць».