Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар абароны Беларусі: Празь некалькі гадоў у складзе АДКБ будуць дзясяткі дзяржаваў


Віктар Хрэнін, архіўнае фота
Віктар Хрэнін, архіўнае фота

Пра гэта кіраўнік вайсковага ведамства Беларусі Віктар Хрэнін заявіў напярэдадні 30-годзьдзя дамовы аб калектыўнай бясьпецы і 20-годзьдзя Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ)

На пытаньне пра пэрспэктывы арганізацыі Хрэнін адказаў:

«Я думаю, што Арганізацыя будзе пашырацца. Мы хутка ўбачым, як зьменіцца ўладкаваньне сьвету, але АДКБ прадэманстравала сваю боегатоўнасьць, сваю міралюбнасьць, і я думаю, што празь некалькі гадоў гэта будзе ўжо не шэсьць краінаў. Гэта будуць дзясяткі дзяржаваў, якія шануюць мір і стабільнасьць, а не агрэсіўнасьць і зьмену палітычнага ладу іншых дзяржаваў». — заявіў Хрэнін.

Дамова аб калектыўнай бясьпекі краінаў СНД была падпісаная 15 траўня 1992 году ў Ташкенце. У яе склад першапачаткова ўвайшлі 6 дзяржаваў — Армэнія, Казахстан, Кіргізстан, Расея, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Першапачаткова дамову называлі Ташкенцкай — па месцы яе падпісаньня.

Азэрбайджан і Грузія далучыліся да дамовы ў верасьні 1993 году, Беларусь — 31 сьнежня 1993 году. Чальцоў дамовы стала 9.

Аднак у 1999 годзе Азэрбайджан, Грузія і Ўзбэкістан адмовіліся ад працягу дамовы.

У 2002 годзе дамова была трансфармаваная ў міжнародную арганізацыю АДКБ, Яе чальцамі сталі Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.

За 20 гадоў, якія мінулі зь дня стварэньня АДКБ, склад арганізацыі не павялічыўся ні на аднаго чальца. А агульная колькасьць дзяржаваў-чальцоў не зьмянілася за 30 гадоў — зь дня падпісаньня Ташкенцкай дамовы, зь якой Ташкент выйшаў 23 гады таму.

Палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст мяркуе, што шматгадовая, за 30 гадоў, дынаміка колькасьці чальцоў дамовы не дае падставаў надта спадзявацца на істотнае ці хоць якое пашырэньне шэрагаў арганізацыі.

Для параўнаньня — Паўночнаатлянтычны альянс (NATO) сапраўды налічвае ў сваіх шэрагах некалькі дзесяткаў чальцоў, а менавіта 30. Пры гэтым з 1999 году колькасьць чальцоў арганізацыі павялічылася на 14, амаль падвоіўшыся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG