Аб гэтым Буданаў заявіў у інтэрвію брытанскаму тэлеканалу Sky News. Па словах кіраўніка Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ўкраіны, у Пуціна анкалягічнае захворваньне. Крыніц сваіх сьцьвярджэньняў аб здароўі Пуціна ён не прывёў.
Буданаў выказаў меркаваньне, што актыўныя баявыя дзеяньні паміж Расеяй з Украінай працягнуцца да канца года, прычым пераломны момант наступіць у жніўні. На думку кіраўніка ўкраінскай выведкі, па выніках вайны Ўкраіна верне сабе кантроль над усімі страчанымі на дадзены момант тэрыторыямі, у тым ліку Данбасам і Крымам.
Газэта The Times у суботу таксама публікуе матэрыял аб меркаваных праблемах са здароўем Уладзіміра Пуціна. Яна спасылаецца на аўдыёзапіс размовы, як сьцьвярджаецца, нейкага расейскага алігарха з заходнім інвэстарам, які апынуўся ў распараджэньні амэрыканскага часопіса New Lines. Як сьцьвярджаецца, падчас гэтай размовы, якая адбылася ў сакавіку, расейскі бізнэсмэн кажа пра тое, што Пуцін пакутуе ад раку крыві. Паводле яго ацэнкі, прэзыдэнт Расіі «зварʼяцеў», загадаўшы атакаваць Украіну, і сваімі дзеяньнямі разбурыў расейскую эканоміку. Імя алігарха не называецца.
Раней мільярдэр Алег Цінькоў, які пакінуў Расею і прадаў свой расейскі бізнэс, у інтэрвію Юрыю Дудзю заявіў, што большасьць найбагацейшых расейцаў выступае супраць вайны з Украінай.
Выданьне «Проект» нядаўна апублікавала расьсьледаваньне, зь якога вынікае, што Пуціна часта наведваюць урачы, у тым ліку спэцыялісты па хірургічным лячэньні анкалягічных захворваньняў, у прыватнасьці раку шчытападобнай залозы. Прэса і карыстальнікі сацсетак зьвяртаюць увагу на тое, што Пуцін, нягледзячы на сьцбвярджэньні аб тым, што ён зрабіў прышчэпку ад каранавіруса, працягвае прымаць замежных лідэраў за доўгім сталом, не ўступаючы з імі ў непасрэдны кантакт. Увагу прыцягнула і дзіўная поза Пуціна падчас нядаўняй сустрэчы з міністрам абароны Сяргеем Шайгу.
У Крамлі стан здароўя Пуціна, як правіла, не камэнтуюць ці сьцьвярджаюць, што прэзыдэнт здаровы. Пуцін нячаста зьяўляецца на публіцы, аднак на гэтым тыдні ён удзельнічаў у парадзе ў Маскве 9 траўня і шэрагу нарад.
Уладзіміру Пуціну 69 год. Згодна з прынятымі па яго ініцыятыве папраўкамі да Канстытуцыі, ён можа, у выпадку пераабраньня, заставацца ва ўладзе да 2036 года.