Гэта сьцьвярджае выданьне «Проект», якое, як яно піша, выявіла сьпіс пэрсанальных лекараў, што суправаджаюць прэзыдэнта Расеі ў паездках.
«Адным з практычна пастаянных спадарожнікаў расейскага лідэра аказаўся супрацоўнік Цэнтральнай клінічнай лякарні Яўгеній Селіванаў» — гаворыцца ў расьсьледаваньні.
Пішуць, што тэма яго дысэртацыі — «Асаблівасьці дыягностыкі і хірургічнага лячэньня хворых на рак шчытавіцы пажылога і старэчага ўзросту», і толькі ў Сочы гэты чалавек прылятаў да Пуціна ня менш за 35 разоў.
У тэксьце наўпрост не сьцьвярджаецца, што Пуцін на нешта хворы, і не называюцца канкрэтныя дыягназы.
Прынамсі ў двух выпадках «Проект» можа сьцьвярджаць, што Пуціну праводзілі або апэрацыю, або вельмі сур’ёзную працэдуру, хутчэй за ўсё, у зоне сьпіны, піша выданьне. Гэтыя выпадкі супадалі са «зьнікненьнямі» Пуціна з публічнай сфэры, на якія ў свой час зьвярталі ўвагу мэдыя.
Як гаворыцца ў расьсьледаваньні, часьцей за ўсё адначасова з Пуціным у Сочы былі ў апошнія гады трое лекараў — гэта отарыналярынголягі Аляксей Шчаглоў і Ігар Есакоў і згаданы вышэй хірург-анколяг Яўгеній Селіванаў. «За чатыры гады Шчаглоў прылятаў да Пуціна ў Сочы 59 разоў і прабыў побач зь ім 282 дні, Есакоў — 38 разоў і 152 дні, а Селіванаў — 35 разоў і 166 дзён», — піша выданьне «Проект». «Гэтая брыгада прысутнічае каля Пуціна як падчас афіцыйнага быцьця ў Сочы, так і ў моманты „зьнікненьняў“ кіраўніка краіны».
Апроч іншага, у расьсьледаваньні, прысьвечаным здароўю Пуціна, гаворыцца, што падчас сваіх паездак на Алтай ён нібыта прымае ванны з экстрактам з пантаў — рагоў маладых аленяў.
Журналісты зьвяртаюць увагу на раптоўны сыход Пуціна на самаізаляцыю летась у верасьні. Пасьля гэтага выпадку з многімі людзьмі, у тым ліку замежнымі лідэрамі і асобамі з свайго асяродзьдзя, ён пачаў кантактаваць на вялікай дыстанцыі — сустрэчы расейскага лідэра зь візытантамі за доўгім сталом нават сталі інтэрнэт-мэмам.
«Гэта ўсё зусім няправільная інфармацыя. Тут усё не адпавядае рэчаіснасьці», — сказаў «Проекту» прэс-сакратар прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў.
Як піша былы галоўны рэдактар закрытай цяпер радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў, Дзьмітрый Пяскоў назваў інфармацыю «Проекту» выдумкамі і няпраўдай, а на пытаньне «Ці дакладна, што прэзыдэнт Пуцін ня хворы на рак?» адказаў «Верна».
Рак шчытавіцы ў параўнаньні зь іншымі анкалягічнымі хваробамі характарызуецца больш спрыяльным для пацыентаў прагнозам, ён ня гэткі агрэсіўны і часта паддаецца лячэньню.
Зьліквідаваная цяпер кампанія Project Media была раней прызнаная расейскімі ўладамі «непажаданай арганізацыяй» — пасьля таго, як «Проект» апублікаваў мноства расьсьледаваньняў аб асяродзьдзі Пуціна. Цяпер журналісты сьцьвярджаюць, што «Проект» ня зьвязаны з «непажаданымі арганізацыямі».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.