У наступныя тыдні мы наўрад ці ўбачым жоўта-блакітны сьцяг перамогі над Севастопалем. Як і расейскі салют над Адэсай, узьяднанай з Прыднястроўем, Херсонам і Данбасам. Усё больш відавочна, што вайна зацягваецца.
Перад 9 траўня было шмат размоў пра вырашальную бітву за Данбас. Маўляў, Расея зараз засяродзіць усе сілы на адным кірунку, каб дамагчыся знакавага посьпеху перад сакральнай для Крамля датай — і адбудзецца вырашальнае сутыкненьне. Нешта накшталт Курскай дугі. Ці нават Сталінграда. І вось кожны з бакоў рапартуе пра свае посьпехі. Але што гэта за дасягненьні? З Кіева: «Узброеныя сілы Ўкраіны ўвайшлі і вызвалілі сёлы Чаркаскія Цішкі і Рускія Цішкі, якія ўваходзяць у Цыркуноўскую грамаду». З Масквы: «Нашы войскі занялі горад Папасная Луганскай вобласьці».... Яшчэ паспрабуй знайдзі на мапе тыя Цішкі ці тую Папасную.
Крывавыя шалі вайны
Усё больш відавочна, што Расея ўліпла ў гэтую вайну, як муха ў саладуху. Яны спадзяваліся на лёгкі пераможны марш не ў апошнюю чаргу таму, што за ўсе пасьляваенныя дзесяцігодзьдзі ніколі не сутыкаліся на полі бою з сапраўды сур’ёзным і моцным супернікам. Афганскія маджагеды ці сырыйскія паўстанцы — гэта зусім ня тое ж, што рэгулярныя добра ўзброеныя войскі, якімі камандуюць афіцэры, многія зь якіх вучыліся ў тых жа вайсковых акадэміях, што і расейцы.
Расейскі наступ нібыта і пасоўваецца на поўдні і паўднёвым захадзе — але ледзь прыкметна, на агульнай мапе тэатра ваенных дзеяньняў яго нават не разгледзіш. За амаль тры месяцы ўварваньня не заваявалі ніводнага абласнога цэнтра (калі не лічыць Херсон, які дзіўным чынам быў здадзены ўкраінцамі бяз бою — і з гэтым украінскія ўлады яшчэ маюць намер разабрацца).
Але і сілы ды магчымасьці ўкраінскай арміі, выглядае, многія пераацанілі. У першыя дні і тыдні расейскага ўварваньня сьвет быў у захапленьні і зьдзіўленьні. Усе раптам убачылі, што расейская армія не такая магутная, як лічылася, а ўкраінская — зусім не такая бездапаможная, як можна было чакаць. Але вось мінулі амаль тры месяцы вайны... На працягу іх шмат гаварылася пра чаканы хуткі пералом, але агульная карціна вайны мала зьмянілася ў параўнаньні зь першымі тыднямі. Расейцы хоць і паволі — але пасоўваюцца наперад; украінцы па-ранейшаму застаюцца пераважна ў абароне. Усё выглядае на тое, што расейская армія не настолькі слабая, як многія пасьпяшаліся заяўляць, а ўкраінская не аж такая моцная, каб перайсьці ў агульны наступ. Прынамсі, ці адбілі за гэты час украінскія войскі хоць адзін буйны горад? Ці значна скарацілі яны плошчы акупаваных расейцамі тэрыторый (за выключэньнем Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцей — але там расейцы самі адмовіліся ад першапачатковых плянаў уварваньня і вывелі свае войскі).
Многія чакаюць, што ўсё карэнным чынам зьменіцца, калі Украіна атрымае ў вялікай колькасьці абяцанае заходняе наступальнае ўзбраеньне. Але вайсковыя экспэрты папярэджваюць: хутка зьмяніць сытуацыю на фронце нават у гэтым выпадку немагчыма — важна ня толькі атрымаць новую зброю, але і мець час, каб навучыцца ёй карыстацца.
У гэтай вайне надыходзіць тая стадыя, калі кожны з прыблізна роўных па сіле бакоў спрабуе яшчэ хоць крыху дабавіць, каб дамагчыся пералому на сваю карысьць. Военачальнікам здаецца: яшчэ дадаць агню, яшчэ кінуць на ворага дадатковую дывізію — і перамога будзе за намі. Крывавыя шалі вайны нязначна хістаюцца то ў адзін, то ў другі бок, але ніякай вырашальнай перавагі ні ў кога няма.
Калі ўсё спыніцца? Напэўна, тады, калі ўсё набрыняе крывёй. Калі бакі ўзаемна зьнясілеюць і да ўсіх дойдзе ўсьведамленьне, што сілы амаль вычарпаныя і поўнай перамогі ня будзе. Прыблізна так, як было ў амаль забытай ірана-ірацкай вайне 80-х гадоў, якая цяпер успамінаецца ўсё часьцей.
Як Ірак з Іранам ваявалі
Іран і Ірак — дзьве буйныя блізкаўсходнія краіны — даўно супернічалі за першынство ў Пэрсыдзкай затоцы. У 1979 годзе ў Іране перамагла ісламская рэвалюцыя, экспарту якой пабойваўся ірацкі дыктатар Садам Хусэйн. Разьлічваючы на тое, што пострэвалюцыйны Іран аслаблены, а таксама ў спадзяваньні адшчыкнуць ад суседа багатыя нафтай правінцыі, населеныя арабамі, 22 верасьня 1980 года Хусэйн аддаў загад на ўварваньне.
Але надзеі на хуткі посьпех ня спраўдзіліся. Атакі ірацкіх войскаў захлынуліся. Да канца 1980 года Ірак ня здолеў захапіць ніводнага з чатырох гарадоў, якія плянаваў заняць на пачатку кампаніі. Узяць удалося толькі Харамшахр. Садам Хусэйн страціў веру ў перамогу, але настойваў на працягу вайны. Ірацкія войскі спынілі наступ. А вось іранскія, наадварот, перайшлі да контратак. Да чэрвеня 1982 года яны выбілі акупантаў з усіх сваіх тэрыторый. І самі перайшлі да ўварваньня ў Ірак. Але значных посьпехаў там таксама не дасягнулі. У 1982–1988 гадах вайна працягвалася, але насіла галоўным чынам пазыцыйны характар.
Гэта быў адзін з самых буйных узброеных канфліктаў пасьля Другой сусьветнай вайны. Агульныя страты: каля 700 тысяч толькі забітымі (непараўнальныя лічбы з тымі, якія фігуруюць у цяперашнім расейска-ўкраінскім канфлікце). Пры гэтым ніводзін з бакоў не дасягнуў хоць крыху прыкметных мэтаў. Межы ў выніку засталіся там жа, дзе былі да вайны, ніхто нічога не заваяваў. Зьнясілеўшы, падпісалі мір. Пры гэтым уласным народам кожны з бакоў абвесьціў пра сваю бліскучую перамогу.
Што адметна: вайна спрыяла ўмацаваньню аўтарытарных рэжымаў — і ў Іраку, і ў Іране. У Садама Хусэйна яна зусім не адбіла ахвоты ад новых ваенных авантур: ужо праз два гады ён уварваўся ў Кувэйт. І потым яшчэ доўга дастаўляў нямала клопатаў сьвету сваёй агрэсіўнай палітыкай, аж пакуль яго не павесілі ў 2006 годзе.
«Асуджаныя на перамогу»
Лукашэнка пакуль што свайго прагнозу на зыход вайны не мяняе (цытата з нядаўняга інтэрвію Associated Press):
«Расея асуджаная на перамогу. Расея ня тое што не прайграе, Расея ня можа паводле азначэньня прайграць ці пацярпець паразу ў гэтай апэрацыі. Трэба зыходзіць з гэтага. А якую зброю будзе прымяняць Расея — я магу выказаць свой пункт гледжаньня — залежыць ня столькі ад Украіны, а ад вас, ад NATO. Вы ўжо там пераходзіце чырвоную лінію. Я часам задаю пытаньне Пуціну: ідуць па чыгунцы пастаўкі, з Польшчы найперш. Я задаю пытаньне: чаму пастаўкі гэтай зброі, якая будзе накіраваная супраць рускіх людзей, расейцаў, якія там ваююць, чаму не перапыняюцца? Яны яшчэ асьцярожнічаюць. А гэта ж элемэнтарна, каб спыніць гэтыя пастаўкі. Хутчэй за ўсё, Пуцін ня хоча глябальнага сутыкненьня з NATO».
Лукашэнка тут агучыў тое, што прыемна пачуць Крамлю, у што Пуціну хочацца верыць. Ды і для самога Лукашэнкі іншы варыянт, апроч перамогі Расеі, зусім не прымальны, бо ставіць пад пагрозу ягоную ўласную будучыню. Хоць з рэальнасьцю гэты прагноз мае агульнага ня больш, чым ранейшыя прадказаньні Лукашэнкі пра тое, што Кіеў будзе ўзяты «за 3-4 дні».
А пакуль што ў нас перад вачыма — прывід зацяжной вайны, якая зьнясіліць усіх, хто ў ёй так ці інакш удзельнічае. Ня толькі разбураную бамбаваньнямі і абязьлюдзелую ў выніку масавай міграцыі Ўкраіну. Ня толькі Расею, аслабленую санкцыямі, зь мілітарызаванай эканомікай і заціснутую ў абцугі дэспатычнага рэжыму. Але і Беларусь, якую вайна зачэпіць з усіх бакоў: і з боку Украіны, вельмі важны для Беларусі рынак якой на доўгія гады будзе страчаны; і з боку Расеі, якая ня зможа далей утрымліваць Беларусь у ранейшым аб’ёме і маштабе; і з боку эўрапейскіх суседзяў, для якіх дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, запэцканы яшчэ і ў саўдзеле ў расейскай агрэсіі, канчаткова страціць шанцы на дыялёг і паляпшэньне адносін.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.