«У ходзе сустрэчы падпісаны шэраг дакумэнтаў, якія рэгулююць двухбаковае вайсковае супрацоўніцтва паміж Казахстанам і Турэччынай», — гаворыцца ў паведамленьні Мінабароны Казахстану.
Падрабязнасьці ў паведамленьні ведамства не прыводзяцца, піша «Радыё Азаттык».
Як паведаміла турэцкае абароннае ведамства, міністар нацыянальнай абароны Турэччыны Хулусі Акар указаў на значнасьць пашырэньня турэцка-казахстанскіх абаронных сувязяў, «у тым ліку ў галіне правядзеньня сумесных вайсковых вучэньняў і абароннай прамысловасьці».
Мясцовае агенцтва Baigenews прыводзіць словы намесьніка міністра абароны Казахстану Султана Камалетдзінава аб тым, што ў рамках візыту казахстанскай дэлегацыі ў Анкару падпісаны шэраг дакумэнтаў, у тым ліку «па гісторыі, музэях, падрыхтоўцы кадраў, разьвіцьці вайсковай навукі».
У адміністрацыі прэзыдэнта Казахстану паведамілі, што прадстаўнікі дзьвюх краін падчас візыту прэзыдэнта Казахстану ў Турэччыну падпісалі пратакол «аб супрацоўніцтве ў галіне вайсковай выведкі», а таксама пратакол аб супрацоўніцтве «ў галіне вайсковых архіваў, вайсковай гісторыі, музэязнаўства і вайсковых публікацый».
Усяго па выніках перамоваў афіцыйных дэлегацый Казахстану і Турэччыны бакі падпісалі 14 дакумэнтаў. Сярод іх — мэмарандум аб супрацоўніцтве ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, пагадненьні аб міжнародных камбінаваных перавозках грузаў і спрашчэньні працэдур мытнага кантролю, мэмарандум аб супрацоўніцтве ў галіне інфармацыйных тэхналёгій.
Такаеў упершыню наведаў Турэччыну зь дзяржаўным візытам пасьля ўступленьня на пасаду кіраўніка дзяржавы ў 2019 годзе. У сераду чакаецца ўдзел казахстанскага прэзыдэнта ў бізнэс-форуме і сустрэча з прадпрымальнікамі Турэччыны.
Візыт Такаева ў Турэччыну праходзіць на фоне ваеннага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Анкара прапанавала пляцоўку для перамоваў паміж Кіевам і Масквой, у Стамбуле ў канцы сакавіка прайшла сустрэча дэлегацый дзьвюх краін, пасьля якой Расея адвяла свае войскі ад украінскай сталіцы. Некаторыя экспэрты зазначаюць, што ў Турэччыны зьявілася магчымасьць умацаваць сувязі зь дзяржавамі Цэнтральнай Азіі, якія Масква лічыць зонай свайго ўплыву.