Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 2 траўня: на 18 гадоў завочна асудзілі блогера Бяспалава, новыя затрыманьні за пратэсты


Суд у Менску. Архіўнае фота
Суд у Менску. Архіўнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

Затрыманьні за ўдзел у пратэстах і ў «справе Гаюна»

Пра масавыя затрыманьні ў Беларусі за ўдзел у пратэстах і ў так званай «справе Гаюна» (пасьля таго як сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн») праваабарончаму цэнтру «Вясна» расказалі затрыманыя, якія выйшлі з ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Паведамляюць, што шмат людзей затрымалі ў межах арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі («спрыяньне экстрэмісцкай дзейнасьці») у «справе Гаюна». Большасьць затрыманых — мужчыны. Фігурантаў «справы Гаюна» адпраўляюць у СІЗА.

Апроч гэтага, надалей ідуць затрыманьні паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («актыўны ўдзел у дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»). Паведамляюць пра вялікую колькасьць затрыманых. Праваабаронцы зьвязваюць гэта з тым, што ў жніўні 2025 году заканчваецца тэрмін даўніны прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за ўдзел у пратэстах 2020 году. На Акрэсьціна людзей па-ранейшаму трымаюць у нечалавечых умовах у перапоўненых камэрах, паведамляюць праваабаронцы.

Блогера Сяргея Бяспалава завочна асудізілі на 18 гадоў зьняволеньня

Беларускага блогера, стваральніка тэлеграм-каналу «Мая краіна Беларусь» Сяргея Бяспалава завочна асудзілі на 18 гадоў пазбаўленьня волі і штраф 1 000 базавых велічыняў (42 тысячы рублёў), паведаміла прэс-служба Генэральнай пракуратуры Беларусі.

Бяспалаву інкрымінавалі 10 артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі:

  • распальваньне варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК);
  • паклёп (арт. 188 КК);
  • масавыя беспарадкі (ч. 1 арт. 293 КК);
  • дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 КК);
  • змова з мэтай захопу ўлады (ч. 1 арт. 357 КК);
  • заклікі да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК);
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня (ч. 1 арт. 361-1 КК);
  • паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367 КК);
  • абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 368 КК);
  • дыскрэдытацыя Беларусі (арт. 369-1 КК).

Абвінавачаньне ў Менскім абласным судзе падтрымала Генэральная пракуратура. Судзіў Сяргея Бяспалава Аляксандар Рыбакоў, які ўжо выносіў прысуды палітзьняволеным.

Пра завядзеньне крымінальнай справы супраць Сяргея Бяспалава стала вядома ў сьнежні 2024 году з паведамленьня Сьледчага камітэту. Між тым самога Сяргея Бяспалава афіцыйна аб справе так і не паінфармавалі, паведаміў ён Радыё Свабода перад пачаткам суду:

«Ніхто да мяне так і не зьвярнуўся, у суд не запрасіў, матэрыялаў справы не даслаў. Пра наяўнасьць адваката таксама нічога ня ведаю», — сказаў Бяспалаў.

Сяргею Бяспалаву 32 гады, ён жыў у Менску, займаўся блогерствам, супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі мэдыя. Зьехаўшы зь Беларусі пасьля падзеяў 2020 году, спачатку апынуўся ва Ўкраіне, цяпер жыве ў адной з эўрапейскіх краін. Ён сябра Каардынацыйнай рады, быў выбраны туды ад сьпісу «Незалежныя беларусы» на чале з Максімам Шабуцкім.

Судзьдзя не адказаў Бяспалаву, але зь ім зьвязаўся невядомы

Сяргей Бяспалаў у інтэрвію Свабодзе пасьля завочнага прысуду сказаў, што такі вырак для яго чаканы, што ён нават мякчэйшы, чым мог бы быць:

«Яны зьменшылі штраф з 10 мільёнаў даляраў да 13 тысяч і далі толькі 18 гадоў зьняволеньня, хоць маглі пакараць тэрмінам да 20 гадоў. Я ня меў з судом, сьледчымі ці адвакатамі ніякіх зносін. Хоць я рэальна хацеў пагутарыць з судзьдзём, знайшоў яго кантакты, званіў і пісаў яму ў Тэлеграм. Але ён не адказаў мне».

Сяргей расказаў, што разам з тым у красавіку яму ў Тэлеграм напісаў нейкі чалавек, заклікаў вярнуцца на радзіму, абяцаў, што ён застанецца на волі ў Беларусі, што зь ім паўтораць прэцэдэнт Рамана Пратасевіча, які пайшоў на супрацу з уладамі. Але Бяспалаў успрыняў гэта як правакацыю.

Новыя «экстрэмісцкія фармаваньні»

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі абнавіла «пералік арганізацый, фармаваньняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненьне да экстрэмісцкай дзейнасьці». У яго дадалі адразу пяць «экстрэмісцкіх фармаваньняў»:

Telegram-канал і іншыя рэсурсы ў сацыяльных сетках, а таксама лягатып праекту «Партызанская хваля», якое МУС называе «структурным падразьдзяленьнем «Кібэрпартызанаў» / «Кібэр-зьліваў» («Кибер-Партизаны» / «Кибер-сливы»), прызнаных «экстрэмісцкім фармаваньнем» раней,

  • праект «ХАЙ ТАК TV» тэлеканалу «Белсат» (яго рэсурсы ў мэсэнджарах і сацыяльных сетках, а таксама лягатып у выглядзе надпісу «ХАЙ ТАК TV» на жоўта-сінім фоне);
  • праект «Беларуская грэнадэрская харугва» (у сувязі зь ёю называюць аднайменны чат у Telegram, да якога нібыта датычныя тры дзясяткі чалавек, чые імёны і прозьвішчы МУС пералічвае ў сьпісе «экстрэмістаў»);
  • праект «Народны дэпутат» (гаворка пра YouTube-канал, TikTok і іншыя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, у сувязі з ініцыятывай згадваюцца імёны Аляксандра Кавалёва, Аляксандра Корнышава, Дзьмітрыя Карняенкі і Кацярыны Марэцкай);
  • ініцыятыва «Partyzanka» (у пераліку — рэсурсы ініцыятывы, а таксама імёны Ганны Маціеўскай і Яны Шостак).

Улады Беларусі рэгулярна выкарыстоўваюць абвінавачаньні ў экстрэмізьме для барацьбы з палітычнымі апанэнтамі і іншадумствам у Беларусі.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG