На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аглядальнік Радыё Свабода Віталь Портнікаў.
Портнікаў
Леанід Краўчук — гэта першы прэзыдэнт незалежнай Украіны. І яшчэ старшыня Вярхоўнай Рады, які 28 жніўня 1991 году кіраваў пасяджэньнем парлямэнту, які ўхваліў акт незалежнасьці Ўкраіны.
Цяпер здаецца, што гэта была такая простая рэч, што гэта было само сабою. Гэта не было само сабою. Я лічу, што Краўчук зрабіў велізарны ўнёсак у тое галасаваньне, якое зьмяніла ўсю палітычную гісторыю і Ўкраіны, і Беларусі, і будучай постсавецкай прасторы.
Краўчук усьведамляў, што ў плянах расейскага кіраўніцтва не было незалежнай Украіны. А лідэры краінаў Захаду спадзяваліся, што адбудзецца стабілізацыя сытуацыі пасьля паразы ГКЧП. І яны насьцярожана ставіліся да абвяшчэньня ўкраінскай незалежнасьці.
Не зважаючы на намэнклятурную блізкасьць Ельцына і Краўчука, самая ідэя, што Ўкраіна кудысьці ад Расеі падзенецца, была для Ельцына непрымальнаю. Мэты ў абодвух былі розныя.
Ельцын хацеў пазбыцца Гарбачова, ён хацеў стаць новым царом Расеі, і ён бачыў Украіну як частку гэтай краіны, а Краўчуку трэба было забясьпечыць незалежнасьць Украіны. І Ельцын у Белавескай пушчы, магчыма, нават не разумеў задач Краўчука.
Ельцын і ягонае атачэньне спадзяваліся, што СНД стане інструмэнтам аднаўленьня саюзнай дзяржавы, а Краўчук выкарыстаў СНД для мірнага разводу былых савецкіх дзяржаваў, яму ўдалося пакінуў Ельцына і каманду ў іхных ілюзіях.
Ельцын да апошняга дня ня верыў, што ўкраінцы прагаласуюць за незалежнасьць. Я памятаю гэта з сустрэч зь ягонай дарадцай Галінай Старавойтавай. За некалькі тыдняў да нашага рэфэрэндуму ён быў упэўнены, што Акт аб незалежнасьці ня будзе ўхвалены.
Калі Ельцын і кампанія зразумелі, куды Ўкраіну вядзе Краўчук, яны зрабілі ўсё магчымае, каб адхіліць яго ад улады і дапамагчы Леаніду Кучму стаць другім прэзыдэнтам Украіны. За наступствы таго выбару ў 1994 годзе ўкраінцы расплачваюцца па сёньня.
Той выбар паставіў кропку на далучэньні нас да краінаў, якія тады праводзілі рэальныя палітычныя рэформы і спадзяваліся на ўваход у NATO і ЭЗ. Украінцы выбралі тады саўковую Ўкраіну і заклалі фундамэнт для сёньняшняй вайны.
1994 год ва Ўкраіне, як і ў Беларусі, быў момантам павароту да Масквы. Леанід Кучма, які змагаўся за прэзыдэнцкую пасаду з Краўчуком, лічыў, што трэба аднаўляць сувязі з Расеяй.
Шмат ва Ўкраіне гавораць, што сытуацыя зьмянілася б, калі б у 1991 годзе прэзыдэнтам выбралі не Краўчука, а Вячаслава Чарнавола, лідэра Народнага Руху Ўкраіны. Але шанцы Чарнавола на перамогу былі тады роўныя нулю.
Украінскае грамадзтва было ў прынцыпе не гатовае да незалежнасьці. Большасьць нават не разумелі, што гэта такое. З тых, хто тады мог рэальна прэтэндаваць на прэзыдэнцтва, Краўчук быў найлепшым варыянтам. Украінцы недаацэньваюць гістарычную ролю Краўчука і гістарычную памылку, якую яны зрабілі ў 1994 годзе.
Я ведаў Краўчука з часоў, калі ён быў сакратаром ЦК КПУ па ідэялёгіі. Я пазнаёміўся зь ім у ягоным кабінэце ў ЦК. Я бачыў яго эвалюцыю. І тады, калі я зь ім пазнаёміўся, ён ужо быў сувэрэн-камуністам. Ён быў з тых камуністаў, якія разглядалі тую эпоху як шанец для сябе і для сувэрэнітэту сваіх рэспублік.
Былі іншыя партыйныя кіраўнікі — Уладзімір Івашка, Станіслаў Гурэнка, якія разглядалі Ўкраіну як неад’емную частку імпэрыі. Трэба памятаць, паміж чым і чым мы выбіралі. Мы выбіралі не паміж Чарнаволам і Краўчуком, а паміж Івашкам і Краўчуком.
Краўчук эвалюцыянаваў хутчэй, чым украінскае грамадзтва. У 1994 годзе мы мелі справу з савецкім па сутнасьці грамадзтвам, якое хацела знайсьці паразуменьне з Масквой, і прэзыдэнтам, які імкнуўся ад Масквы дыстанцыявацца.
Да Краўчука ва Ўкраіне па-рознаму ставяцца. Да яго з падазрэньнем ставіцца патрыятычная частка грамадзтва. Але, скажам, Уладзімір Зяленскі ставіўся да яго зь вялікай пашанай. Я таксама стаўлюся да Краўчука зь вялікай пашанай, хаця мы вельмі далёкія адзін ад аднаго зь Зяленскім у поглядах на Ўкраіну.
Мне не падабалася, што адбывалася ў палітычнай карʼеры Краўчука пасьля яго сыходу з прэзыдэнцкай пасады. Мне не падабалася, што ён заставаўся дзейным палітыкам, і не ў найлепшых камандах.
Найлепшай памяцьцю пра Краўчука як пра першага прэзыдэнта нашай адноўленай дзяржавы будзе абарона нашай незалежнасьці і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці, якая была на 24 жніўня 1991 году.