Пра гэта паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.
Тыдзень таму пасьля затрыманьня баранавіцкага журналіста Юрыя Ганцарэвіча праўладныя прапагандысцкія каналы распаўсюдзілі відэа ягонага допыту і паведамілі, што Ганцарэвіч затрыманы за тое, што нібыта фатаграфаваў расейскую вайсковую тэхніку і дасылаў фатаздымкі ў незалежныя мэдыя Zerkalo.io і Радыё Свабода.
Паколькі раней улады прызналі вядучыя беларускія незалежныя мэдыя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» (выданьне Zerkalo.io, у адрозьненьне ад Радыё Свабода, ня мае такога статусу), цяпер журналіста абвінавацілі менавіта ў садзейнічаньні такому «фармаваньню».
Учора Юрыя Ганцарэвіча зьмясьцілі ў СІЗА № 6 у Баранавічах. Паводле выстаўленага абвінавачаньня журналісту пагражае да 6 гадоў пазбаўленьня волі.
На гэты момант за кратамі ў Беларусі знаходзяцца 25 прадстаўнікоў мэдыя.