Галоўнае на гэты момант
- Міністар абароны Вялікай Брытаніі заявіў, што Пуцін і яго атачэньне заплацяць за вайну такую ж цану, якую заплацілі нацысты ў сярэдзіне ХХ ст.
- Пуцін, выступаючы на парадзе ў Маскве, не аб'явіў пра ўсеагульную мабілізацыю на вайну, але зноў згадаў «нацыстаў» і «бандэраўцаў». Лукашэнка на мітынгу ў Менску запэўніў слухачоў у працягу прасейскага курсу.
- Яшчэ 173 чалавекі ўдалося вывезьці з абложанага Марыюпалю. Пры гэтым загінулі трое ўкраінскіх вайскоўцаў, а шасьцёра атрымалі раненьні.
- Полк «Азоў» зьвярнуўся да ўкраінскіх уладаў з просьбай дэблякаваць Марыюпаль.
- Імаверна, каля 60 чалавек загінулі пры авіяналёце на школу на Луганшчыне.
- Прызначаны кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Херсонскай вобласьці заявіў пра намер увайсьці ў склад Расеі.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 9 траўня
На ўсходзе Ўкраіны расейцы зруйнавалі манастырскі скіт Сьвятагорскай лаўры і музэй філёзафа Скаварады
На мяжы Данецкай і Харкаўскай абласьцей у вёсцы Даліна расейскія абстрэлы зьнішчылі Сьвята-Георгіеўскі скіт, якія знаходзіўся ў падпарадкаваньні Сьвятагорскай лаўры Маскоўскага патрыярхату.
Паводле Дзяржаўнай службы этнапалітыкі і свабоды сумленьня Ўкраіны, з 24 лютага расейцы зьнішчылі ня менш як 116 збудаваньняў духоўнага значэньня без уліку прылеглых будынкаў у 13 абласьцях Украіны: Кіеўскай, Днепрапятроўскай, Данецкай, Жытомірскай, Запароскай, Луганскай, Львоўскай, Мікалаеўскай, Адэскай, Сумскай, Харкаўскай, Херсонскай і Чарнігаўскай.
Найбольш пацярпелі праваслаўныя храмы — 91.
Расейскія захопнікі ўвялі новыя правілы для марыюпальцаў
Жыхары Марыюпалю могуць перасоўвацца па акупаванай частцы гораду, толькі калі маюць тры даведкі:
- пасьведчаньне аб «фільтрацыі», якое можна ўзяць у акупацыйных «органах унутраных справаў»;
- дазвол на перамяшчэньне па вуліцах горада;
- дазвол на выезд за межы Марыюпаля.
Новыя правілы ўвялі акупацыйныя расейскія ўлады, паведаміла прадстаўніца Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава.
Яшчэ 173 чалавекі эвакуавалі з-пад блякады Марыюпалю і заводу «Азоўсталь»
На падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю ўжо прыбылі 10 аўтобусаў зь людзьмі.
Пра гэта паведаміў Марыюпальская гарадзкая рада на старонцы ў Telegram. У паведамленьні гаворыцца, што дастаць і вывезьці мірных жыхароў з завода ўдалося «цаной трох жыцьцяў нашых салдат і шасьці параненых».
Уцекачы ад вайны
З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,563 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў.
Паводле дадзеных Офісу, больш за 3 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 826 000 чалавек — у Румынію, больш за 530 тысяч — у Вугоршчыну.
У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 681 тысячу чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.
Каля 5 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.
Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.
Што адбываецца ў Расеі
Антыпуцінская дывэрсія ў ляяльным СМІ
У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.eu зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве.
У Маскве 9 траўня адбыўся парад без вайсковай тэхнікі ў гонар афіцыйнага сьвята «Дзень Перамогі»
Пуцін выступіў на парадзе і зрабіў некалькі заяў. Зьвяртаючыся да вайскоўцаў, Пуцін сказаў, што яны змагаюцца за «нашых людзей у Данбасе і за бясьпеку сваёй радзімы»:
«Краіны NATO не захацелі нас пачуць, у іх былі зусім іншыя пляны, вялася падрыхтоўка нападу на Крым, альянс пачаў вайсковае асваеньне прылеглых да нас тэрыторый, усё сьведчыла пра тое, што сутыкненьне з нэанацыстамі і бандэраўцамі будзе непазьбежным».
Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм’ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў
Уладзімір Пуцін папрасіў прабачэньня ў прэм'ера Ізраілю Нафталі Бэнэта за словы Лаўрова пра габрэяў і антысэмітызм, паведамляе канцылярыя Бэнэта. На сайце Крамля ў паведамленьні пра размову з Бэнэтам пра гэта не сказана.
Першага траўня міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў параўнаў Зяленскага з Гітлерам, сказаў, што ў Гітлера была яўрэйская кроў, а самыя заўзятыя антысэміты — самі габрэі.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
У Менску 9 траўня правялі афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Перамогі
У сталіцы Беларусі 9 траўня на цэнтральных вуліцах адбылося шэсьце ў гонар перамогі над нацыстамі ў 1945 годзе. На плошчы Перамогі да трыбуны выйшаў Аляксандар Лукашэнка. У сваім выступе ён заявіў, што Беларусь ня маюць права называць агрэсарам, пры гэтым запэўніў, што краіна пад яго кіраўніцтвам будзе далей заставацца вернай хаўрусьніцай Расеі.
Як рэагуе сьвет
Расейскага пасла аблілі фарбай у Варшаве
Інцыдэнт адбыўся, калі расейскі пасол у Польшчы Сяргей Андрэеў спрабаваў з нагоды Дня Перамогі 9 траўня пакласьці вянок на могілках савецкіх салдат у Варшаве.
У Брытаніі гавораць пра тое, што Расея заплаціць за вайну, як у свой час адказала нацысцкая Нямеччына
Міністар абароны Вялікай Брытаніі Бэн Уолес лічыць, што расейскае камандаваньне, як і прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, нясуць адказнасьць за ваенныя злачынствы падчас маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, што можна параўнаць зь дзеяньнямі нацысцкага рэжыму падчас Другой сусьветнай вайны, заявіў чыноўнік падчас выступленьня ў Нацыянальным музэі войска ў Лёндане.
Замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі зьбіраюцца патраціць на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны
Вярхоўны прадстаўнік Эўразьвязу ў замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў у інтэрвію газэце Financial Times, што краіны ЭЗ павінны сур’ёзна падумаць аб тым, каб перадаць замарожаныя валютныя рэзэрвы Расеі на пасьляваеннае аднаўленьне Ўкраіны.
«Я вельмі „за“, паколькі гэты крок абсалютна лягічны», — сказаў Бурэль.
Міжнародны газавы зьвяз прыпыніў сяброўства Расеі
Міжнародны газавы зьвяз (IGU), сябрам якога з боку Расеі зьяўляецца карпарацыя «Газпром», часова, да далейшага апавяшчэньня, прыпыніў любы ўдзел кампаній з Расейскай Фэдэрацыі ў сваёй дзейнасьці. Як паведаміў «Інтэрфаксу» прадстаўнік аргкамітэту Міжнароднага газавага кангрэсу, які праводзіць саюз, «у сувязі з гэтым Карэйскі газавы саюз, які прымае Кангрэс у 2022 годзе, ня можа рэалізаваць далейшы ўдзел суб’ектаў РФ: ні для выступаў, ні для ўдзелу дэлегацый, ні для ўдзелу ў выставе ці спонсарстве».
Google выдаткуе 10 мільёнаў даляраў на барацьбу з фэйкамі пра вайну ва Ўкраіне
Кампанія Google выдзеліла 10 мільёнаў даляраў для супрацьдзеяньня распаўсюджваньню лжывай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне, паведаміў кіраўнік падразьдзяленьня Google у рэгіёне Эўропа, Блізкі Ўсход і Афрыка на Канфэрэнцыі донараў для дапамогі Ўкраіне ў Варшаве, перадае «Укрінформ».
Паводле ягоных зьвестак, кампанія ўжо выдзеліла Ўкраіне дапамогу ў 55 мільёнаў даляраў. Зь іх 35 мільёнаў даляраў было накіравана на гуманітарныя патрэбы, яшчэ 10 мільёнаў даляраў атрымалі польскія арганізацыі, якія працуюць з часова перамешчанымі асобамі.
«Учора мы анансавалі 1,5 млн гранту для Міжнароднага камітэту ратаваньня, каб пашырыць доступ да важнай інфармацыі пацярпелым ад вайны», — паведаміў ён. Паводле яго, Google да ўжо аказанай дапамогі дадасьць яшчэ 10 мільёнаў даляраў на гуманітарныя патрэбы людзей ва Ўкраіне і яшчэ 10 мільёнаў — на супрацьдзеяньне распаўсюджваньню непраўдзівай інфармацыі пра вайну ва Ўкраіне.
Нафтагазавая кампанія Shell прадае свой заправачны бізнэс у Расеі
Пагадненьне яшчэ не падпісана, бакі ў працэсе перамоваў, удакладніў суразмоўца Forbes. Сярод патэнцыйных пакупнікоў — «Лукойл». Раней кампанія спыніла ўсе свае апэрацыі ў Расеі пасьля яе ўварваньня ва Ўкраіну.
Варшаўская канфэрэнцыя донараў сабрала для Ўкраіны каля $6,5 млрд
У чацьвер у Варшаве адбылася міжнародная канфэрэнцыя донараў па зборы сродкаў для Ўкраіны, на якой было сабрана каля 6,5 мільярда даляраў, паведаміў прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Японія ўвяла новыя санкцыі супраць Расеі
Пад новыя санкцыі, уведзеныя 5 траўня, падпалі 140 фізычных і юрыдычных асобаў, зьвязаных з вайскова-прамысловым комплексам. Таксама ў сьпіс увайшлі некаторыя расейскія банкі.