Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на сьвяткаваньні 9 траўня: Мы адзіныя з Расеяй; мы не агрэсары, але будзем усяляк падтрымліваць Расею

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка выступае на плошчы Перамогі, Менск, 9 траўня 2022
Аляксандар Лукашэнка выступае на плошчы Перамогі, Менск, 9 траўня 2022

У Менску 9 траўня правялі афіцыйнае сьвяткаваньне Дня Перамогі. На сходзе на плошчы Перамогі выступіў Аляксандар Лукашэнка.

У сталіцы Беларусі 9 траўня на цэнтральных вуліцах адбылося шэсьце ў гонар перамогі над нацыстамі ў 1945 годзе. На плошчы Перамогі да трыбуны выйшаў Аляксандар Лукашэнка. У сваім выступе ён заявіў, што Беларусь ня маюць права называць агрэсарам, пры гэтым запэўніў, што краіна пад яго кіраўніцтвам будзе далей заставацца вернай хаўрусьніцай Расеі.

Панаракаў ён з прычыны санкцый і адзначыў, што на Захадзе нібыта ігнаруюць высілкі Беларусі «спыніць вайну».

«Я адрасую гэтае пасланьне тым, хто Дзень Перамогі абвясьціў па-за законам, хто разбурае помнікі загінулым вызваліцелям і перш за ўсё сумленнаму салдату. Я, як прадстаўнік краіны пераможцы, зьвяртаюся да народаў краін Захаду. Вашыя палітыкі, зрабілі вельмі шмат, каб вы забыліся, каму сьвет абавязаны вызваленьнем ад фашызму. Сёньня нямногія людзі, якія жывуць за межамі Расеі ведаюць што, што Другую сусьветную вайну выйграў савецкі салдат і Савецкі Саюз...

Сярэднявечная барацьба за тэрыторыі і рэсурсы працягваецца. Толькі на зьмену Крыжовых паходаў прыйшла экспансія замежных фондаў. Тую ж агрэсію назіраем зараз пад лёзунгамі захаваньня правоў чалавека і нейкага ўстойлівага разьвіцьця краін. Але насамрэч палітыкі Захаду не жадаюць прызнаваць таго, што мільярды людзей у сьвеце стагоддзямі жывуць па сваіх законах».

Таксама Лукашэнка абрынуўся з крытыкай на заходніх амбасадараў, якіх ён «ня бачыць тут». Ён назваў заходніх палітыкаў «крывадушнікамі і мярзотнікамі» і сказаў, што прадбачыў такое ігнараваньне, хоць раней заходнія дыпляматы «прыяжджалі ў Хатынь і Трасьцянец».

Акрамя таго, Лукашэнка ўспомніў мігранцкі крызіс.

«Вы хапалі гэтых людзей, якія на ваш заклік ішлі цераз нашу мяжу, і забівалі іх. Там сотні магіл. Вы баіцеся, што людзі іх пабачаць».

Шмат словаў Лукашэнка прысьвяціў Украіне. Ён абвінаваціў яе ў тым, што ў краіне «зноў падняў галаву нацызм», а таксама дадаў, што «Ўкраіне трэба падумаць над тым, каб не прыйшлося зьвяртацца да нас, каб выратаваць цэласнасьць і адзінства ўкраінскай дзяржавы».

Дзяржаўныя сьвяткаваньні ў Беларусі адбываюцца на фоне паўнавартаснай вайны ў суседняй Украіне, якую 24 лютага пачала Расея. Лукашэнка прадаставіў для расейскіх войскаў тэрыторыю для ракетных удараў, перамяшчэньня сіл і правозу параненых у шпіталі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG