Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты расейскага сайту Lenta.ru апублікавалі больш за 10 тэкстаў пра «нікчэмнага дыктатара Пуціна» і вайну ва Ўкраіне


Антываенныя загалоўкі на галоўнай старонцы Lenta.ru
Антываенныя загалоўкі на галоўнай старонцы Lenta.ru

Як прызналіся журналісты, яны зрабілі гэта сьвядома, бязь ціску. Копіі ўжо выдаленых публікацый можна прачытаць у вэб-архіве.

У папулярным расейскім онлайн-выданьні Lenta.ru зьявіліся больш за дзесяць матэрыялаў з крытыкай прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і ягонай вайны ва Ўкраіне. Яны ўжо зьніклі з сайту, аднак копія галоўнай старонкі захавалася ў вэб-архіве, піша Медиазона.

Гэта былі навіны з загалоўкамі «Пуцін разьвязаў адну з кровапралітных войнаў 21 стагодзьдзя», «Уладзімір Пуцін ператварыўся ў бездапаможнага дыктатара і параноіка», «Расейская эліта хворая на кумаўство і падлізьніцтва», а таксама артыкул «Вайной лягчэй прыкрыць правалы ў эканоміцы. Пуцін павінен сысьці. Ён разьвязаў бессэнсоўную вайну і вядзе Расею ў бездань».

Усе артыкулы пачыналіся са словаў аб тым, што «гэты матэрыял ня ўзгоднены з кіраўніцтвам», а за яго публікацыю Адміністрацыя прэзыдэнта пакарае выданьне. У постскрыптуме да артыкулаў за публікацыю бралі на сябе адказнасьць кіраўнік аддзелаў «Экономика» і «Среда обитания» Ягор Палякоў і рэдактар гэтых аддзелаў Аляксандра Мірошнікава.

Крыніца ў выданьні пацьвердзіла, што гэта зрабілі іх супрацоўнікі, замяніўшы тэкст у іншых, ужо апублікаваных навінах.

У сакавіку 2014 году ўладальнік «Афіша-Рамблер-SUP», куды ўваходзіла «Лента.ру», Аляксандар Мамут звольніў галоўнага рэдактара выданьня Галіну Цімчанку і прызначыў замест яе журналіста Аляксея Гараслаўскага. Гэта адбылося празь некалькі гадзін пасьля таго, як Роскомнадзор вынес «Ленте.ру» папярэджаньне за інтэрвію з адным зь лідэраў украінскага «Правага сэктару». Тады частка каманды на чале зь Цімчанкай заснавала выданьне «Медуза» з рэдакцыяй у Рызе.

Журналіст Ягор Палякоў, які апублікаваў навіны, што выклікалі рэзананс, патлумачыў The Insider свае матывы.

«Пасьля масавых блякаваньняў у краіне амаль не засталося мэдыя, якія можна паглядзець без VPN. У нас гіганцкая аўдыторыя, да чаго я ў тым ліку прыклаў шмат намаганьняў, таму мы з Сашай вырашылі, што такі пэрформанс будзе адзіна слушным. Мы адабралі каля 40–45 ключавых выпадкаў \ навін \ фактаў, якія расейскія СМІ пачалі замоўчваць пасьля пачатку вайны, расьпісалі іх максымальна падрабязна і імкнуліся не ўпадаць у „прапаганду наадварот“».

Палякоў мяркуе, што цяпер, пасьля гутаркі з кіраўніцтвам, яны з калегай працаваць больш ня будуць.

Таксама 9 траўня ўладальнікі тэлевізараў Smart TV зьвярнулі ўвагу, што ў апісаньнях тэлеканалаў і праграм зьявіліся антываенныя надпісы: «На вашых руках кроў тысяч украінцаў і сотняў іх забітых дзяцей. ТБ і ўлады хлусяць. Не вайне», — гаварылася ў паведамленьні.

Надпіс бачылі абанэнты МТС ТБ, НТВ-плюс, «Ростелекома», а таксама ўладальнікі мэдыяпрайгравальнікаў Winx. Па адной з вэрсій, хакерам удалося ўзламаць убудаваны плэер тэлевізараў Smart TV.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG