Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы выказалі пратэст супраць пашырэньня магчымасьцяў сьмяротнага пакараньня ў Беларусі


Праваабаронцы заяўляюць пра крытычную недапушчальнасьць выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня і пагрозы яго ўжываньня як інструмэнту палітычнага ціску.

Беларускі Хельсынскі Камітэт, Праваабарончы цэнтар «Вясна» і грамадзкая кампанія «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня» выступілі з супольным зваротам з нагоды ўхваленьня законапраекту, які ўводзіць дадатковыя магчымасьці для сьмяротнага пакараньня.

27 красавіка Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла ў двух чытаньнях законапраект аб зьменах у Крымінальны кодэкс, паводле якога пашыраюцца магчымасьці ўжываньня сьмяротнага пакараньня.

У прыватнасьці, прапануецца ўжываць сьмяротнае пакараньне за падрыхтоўку і замах на злачынствы, прадугледжаныя

  • ч. 2 арт. 124 (Акт тэрарызму ў дачыненьні да прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі),
  • ч. 3 арт. 126 (Акт міжнароднага тэрарызму),
  • ч. 3 арт. 289 (Акт тэрарызму),
  • ч. 2 арт. 359 (Акт тэрарызму ў дачыненьні да дзяржаўнага ці грамадзкага дзеяча) Крымінальнага кодэксу.

4 траўня гэты законапраект ухваліў і Савет Рэспублікі.

«Мы адзначаем, што грамадзтву не прадставілі выразных абгрунтаваньняў неабходнасьці пашырэньня сфэры ўжываньня сьмяротнага пакараньня. Аднак камэнтары дзяржаўных СМІ сьведчаць пра тое, што іх мэта — паўплываць на актыўнасьць пратэставых дзеяньняў супраць удзелу Рэспублікі Беларусь у агрэсіі Расеі супраць Украіны, выкарыстаньня інфраструктуры і тэрыторыі нашай краіны для судзейнічаньня агрэсару.

Пры гэтым неабходна ўлічваць тую акалічнасьць, што жыхары Беларусі пазбаўленыя магчымасьці законнымі мэтадамі ўплываць на ўлады ў такой важнай праблеме, якая непасрэдна закранае іх інтарэсы.

Мы патрабуем ад беларускіх уладаў выконваць міжнародныя абавязаньні ў галіне права на жыцьцё. Нагадваем, што пунктам 2 арт. 6 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельніцай якога зьяўляецца Рэспубліка Беларусь, прадугледжана, што сьмяротныя прысуды могуць выносіцца толькі за самыя цяжкія злачынствы», — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы заяўляюць пра крытычную недапушчальнасьць выкарыстаньня сьмяротнага пакараньня і пагрозы яго ўжываньня як інструмэнту палітычнага ціску.

«Пашырэньне магчымасьці ўжываньня сьмяротнага пакараньня, асабліва ва ўмовах прававога дэфолту, што склаўся ў краіне, стварае перадумовы для цяжкіх злоўжываньняў, адвольнага прымяненьня выключнай меры пакараньня і пазбаўленьня чалавечых жыцьцяў».

Праваабаронцы выступаюць за адмену сьмяротнага пакараньня, у тым ліку ў сувязі з магчымасьцю судовай памылкі, і патрабуюць адмовіцца ад зьмен у заканадаўства, накіраваных на пашырэньне выпадкаў ужываньня сьмяротнага пакараньня; заклікаюць міжнародныя арганізацыі публічна асудзіць гэтыя намеры беларускіх уладаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG