Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць за «падрыхтоўку тэрактаў» на леташні Дзень Волі ў Менску і Печах. Падсуднаму пагражае сьмяротнае пакараньне


Вячаслаў Маляйчук. Скрын зь відэа апэратыўнай здымкі
Вячаслаў Маляйчук. Скрын зь відэа апэратыўнай здымкі

6 траўня ў Менскім абласным судзе пачалі судзіць 36-гадовага ўраджэнца Піншчыны Вячаслава Малейчука фармальна па «факце арганізацыі 25 сакавіка 2021 году актаў тэрарызму ў гарадах Барысаў і Менск».

Яго абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • арт. 14 і ч. 1 і 3 арт. 289 (замах на акт тэрарызму групай асобаў),
  • ч. 3 і ч. 4 арт. 295 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да выбуховых рэчываў),
  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, дзеяньне якіх заснавана на выкарыстаньні гаручых рэчываў), паведамляе «Вясна».

Справу разглядае судзьдзя Ўладзімер Арэшка. Суд праходзіць у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці невядомыя. Малейчуку пагражае пакараньне ажно да сьмяротнага.

Вядома, што крымінальную справу супраць Малейчука завяла Генпракуратура Беларусі, расьсьледавала яе сьледчае ўпраўленьне КДБ. Яе фігурантамі зьяўляецца ня толькі Маляйчук, а таксама ўдзельнікі ініцыятывы ByPol.

«Устаноўлена, што да супрацьпраўнай дзейнасьці названай незарэгістраванай арганізацыі датычныя Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, а таксама 15 грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой. У якасьці абвінавачаных у крымінальнай справе паводле ч. 4 арт. 16 і ч. 3 арт. 289 КК Беларусі прыцягнутыя 18 асобаў. Фігуранты абвешчаныя ў міжнародны вышук», — заяўляў КДБ 2 красавіка 2021 году.

26 сакавіка 2021 году МУС заявіла, што прадухіліла тэракты ў Чыжоўцы і ў вайсковай частцы ў Печах. На відэа паказалі Малейчука, які казаў, што атрымаў загад ад кагосьці з ByPol. Са словаў Вячаслава на відэа вынікае, што ў яго быў саўдзельнік Яўген, але сёньня судзяць аднаго Малейчука.

Адразу ж пасьля затрыманьня Маляйчук расказаў на камэру пра тое, што мэтай «тэракту» было «выказваньне грамадзянскай пазыцыі». Блізкія мужчыны зьвярнулі ўвагу на нехарактэрныя для яго сухія пратакольныя словы і выразы: «произвести взрыв», «изделие», «транспортное средство», «остановочный пункт». А калі апэратыўнік пытае яго пра мэту, Маляйчук няўпэўнена адказвае: «Ну, пэўна, дэстабілізацыі...» На сьледчым экспэрымэнце Маляйчук зноў жа часта адказвае казённымі фармулёўкамі.

Пасьля затрыманьня КДБ унёс Вячаслава Малейчука і астатніх фігурантаў гэтай справы ў сьпіс асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG