Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Рэспублікі ўхваліў «расстрэльныя» папраўкі за «замах на тэрарызм»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Законапраект аб зьменах у Крымінальны кодэкс, якімі прадугледжваецца прымяненьне пакараньня сьмерцю за замах на ўчыненьне актаў тэрарызму, сёньня разгледзелі на пасяджэньні Савету Рэспублікі.

Як паведамляе прэс-служба верхняй палаты парлямэнту, зьмены ў КК сэнатары ухвалілі.

Згодна з законапраектам, прапануецца зьмяніць частку 2 артыкула 67, які абвяшчае, што сьмяротнае пакараньне ня можа быць прызначана за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства.

У новай рэдакцыі гэты пункт будзе гучаць наступным чынам:

«Сьмяротнае пакараньне за падрыхтоўку да злачынства і замах на злачынства не прызначаецца, за выключэньнем замаху на зьдзяйсьненьне злачынстваў, прадугледжаных:

  • часткай 2 артыкулу 124 (Акт тэрарызму ў дачыненьні прадстаўніка замежнай дзяржавы ці міжнароднай арганізацыі);
  • часткай 3 артыкулу 126 (Акт міжнароднага тэрарызму);
  • часткай 3 артыкулу 289 (Акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай, або з прымяненьнем аб’ектаў выкарыстаньня атамнай энэргіі, або з выкарыстаньнем радыяактыўных рэчываў або ядзерных матэрыялаў, моцнадзейных, таксычных хімічных або біялягічных рэчываў або спалучаныя з забойствам чалавека);
  • частка 2 артыкула 359 (Забойства дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча, учыненае ў сувязі зь яго дзяржаўнай або грамадзкай дзейнасьцю ў мэтах аказаньня ўзьдзеяньня на прыняцьце рашэньняў органамі ўлады).

У цяперашняй рэдакцыі кодэксу таксама ўказана, што сьмяротнае пакараньне прызначаецца «за асабліва цяжкія злачынствы, зьвязаныя з наўмысным пазбаўленьнем жыцьця чалавека пры абцяжлівых абставінах».

Дэпутаты прапанавалі ўдакладніць гэты пункт і дадаць ў яго злачынствы, санкцыя якіх ужо прадугледжвае сьмяротнае пакараньне ў адпаведнасьці зь дзейным КК: ч. 2 арт. 124, ч. 3 арт. 126, ч. 3 арт. 289 і ч. 2 арт. 359.

27 красавіка дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прынялі законапраект аб зьмяненьнях у Крымінальны кодэкс адразу ў двух чытаньнях. Цяпер, пасьля таго, як законапраект ухвалілі ў Савеце Рэспублікі, яго павінен падпісаць Аляксандар Лукашэнка.

Зьмяненьні ў Крымінальны кодэкс набудуць моц праз 10 дзён пасьля афіцыйнага апублікаваньня паправак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG