Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: акадэмічная супольнасьць зьвярнулася ў Вярхоўны суд у справе Мацкевіча, на анарха-партызан ціснуць у СІЗА


Уладзімер Мацкевіч
Уладзімер Мацкевіч

Праваабарончы цэнтар «Вясна» афіцыйна прызнаў палітзьняволенымі ў Беларусі 1 142 чалавекі. Аднак іншыя ініцыятывы дапамогі палітвязьням паведамляюць, што перасьледаваных у палітычна матываваных справах значна болей.

Зварот навукоўцаў у справе Мацкевіча

У сваім звароце навукоўцы, дасьледчыкі, прадстаўнікі акадэмічнай супольнасьці і дзеячы культуры падрабязна разабралі сутнасьць абвінавачаньняў у дачыненьні да Ўладзімера Мацкевіча і заклікалі суд вынесьці справядлівы і аб’ектыўны вырак.

Яны адзначылі, што з увагай і непакоем сочаць за лёсам палітзьняволенага Мацкевіча, які ўжо больш за восем месяцаў знаходзіцца пад арыштам і ўтрымліваецца ў Сьледчым ізалятары № 1 Менску.

«Тое, што вядома сёньня аб сутнасьці абвінавачаньняў, уступае ў сур’ёзныя супярэчнасьці з публічнай інфармацыяй, якая зьяўляецца даступнай нам, акадэмічнай грамадзкасьці і грамадзтву агулам», — гаворыцца ў заяве акадэмічнай супольнасьці.

Тэксты Мацкевіча зьяўляюцца здабыткам айчыннай і эўрапейскай культуры і гуманітарнай навукі. Як філёзафа і мэтадоляга яго ведаюць у шмат якіх краінах, ягоныя актуальныя напрацоўкі стымулююць дыскусіі і разьвіцьцё філязофскай і навуковай думкі, адзначаецца ў заяве.

«Як грамадзянін Уладзімер Мацкевіч зьяўляецца адным з самых пасьлядоўных абаронцаў незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі, вядомы сваёй прыхільнасьцю да дэмакратычных каштоўнасьцяў і грамадзкага дыялёгу — спосабу грамадзкага і палітычнага ўзаемадзеяньня, вырашэньня сацыяльна-палітычных супярэчнасьцяў і канфліктаў любога ўзроўню».

Акадэмічная супольнасьць заклікала разгледзець справу Ўладзімера Мацкевіча на адкрытым судовым пасяджэньні і забясьпечыць доступ прысутнасьці на ім зацікаўленай грамадзкасьці.

На анарха-партызан ціснуць у СІЗА — Дубоўскага зьмяшчалі ў карцар, Раманаў трымаў галадоўку.

Палітзьняволенага анархіста Сяргея Раманава рэгулярна зьмяшчаюць у карцар, піша тэлеграм-канала «Право на восстание». Днямі бацькі актывіста анархічнага руху трапілі на спатканьне з сынам. Па іх словах, Сяргей моцна схуднеў, бо адміністрацыя баранавіцкага СІЗА-6 рэгулярна зьмяшчае палітвязьня ў карцар. Вядома, што Сяргей у ізалятары піша скаргі, у якіх фіксуе парушэньні яго правоў.

Раней пасьля разгляду апэляцыі на сустрэчы з анархістам Дзьмітрыем Дубоўскім пабывала ягоная сястра Юлія. Паводле яе слоў, падчас спатканьня адна рука Дзьмітрыя была прышпілена кайданком да кратаў.

Як распавёў палітвязень, яго сукамернікі «далёкія ад палітыкі». На «палітычных», паводле Дзьмітрыя, зьдзяйсьняецца сталы ціск.

Сястра Дубоўскага адзначыла, што яе брат схуднеў, бо, як аказалася, трымаў галадоўку.

22 сьнежня анархістаў Аліневіча, Дубоўскага, Разановіча і Раманава прызналі вінаватымі паводле артыкулаў ч. 2 арт. 289 («акт тэрарызму»), ч. 2 і ч. 4 арт. 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў» і ч. 1 арт. 333-1 Крымінальнага кодэксу («незаконнае перамяшчэньне празь мяжу забароненых рэчываў, агнястрэльнай зброі і выбуховых прыладаў» — прызналі вінаватымі толькі Дзьмітрыя Дубоўскага і Ігара Аліневіча) і асудзілі на наступныя тэрміны:

Ігару Аліневічу прысудзілі 20 гадоў зьняволеньня,
Дзьмітрыю Дубоўскаму — 18 гадоў,
Дзьмітрыю Разановічу — 19 гадоў,
Сяргею Раманаву —20 гадоў.
22 красавіка Вярхоўны суд пакінуў пакараньне чатыром анархістам у сіле. На паседжаньне не пусьцілі нават бацькоў палітвязьняў.

Зьняволены фігурант справы «Рабочага руху» паразважаў за што «КГБ малюе яму казку на 15 год»

Палітзьняволены супрацоўнік Беларускай чыгункі Сяргей Дзюба піша з-за кратаў, што больш за месяц адміністрацыя гомельскага СІЗА не перадае лісты «не ад сваякоў». Акрамя гэтага, у сваім лісьце Дзюба паразважаў, якія яго дзеяньні могуць расцэньвацца ўладамі як «злачынства».

«...За тое, што пасьля майго звальненьня я кінуўся дапамагаць людзям: і ваду вазіў у Новую Баравую, і абагравальнікі зьбіраў па Менску і развозіў па Паўднёвым Захадзе, калі зімой была аварыя, і двор свой акультурваў (лавачкі сам зрабіў, замяніў, траву касіў). За гэта, відаць, гэта было нельга рабіць без дазволу „Вялікага“, мне адчайна малююць у КДБ казку на 15 гадоў. (Прабачце, больш расказаць нельга). Галоўнае, што людзі ўсё бачаць, усё памятаюць. А потым усё вырашыцца», — напісаў палітзьняволены.

Сяргея затрымалі 21 верасьня 2021 года. Дзюба праходзіць па крымінальнай справе, узбуджанай па артыкуле аб здрадзе дзяржаве (арт. 356 КК) супраць супрацоўнікаў беларускіх заводаў, якія падтрымалі стачку і ўваходзілі ў «Рабочы рух». Гэтая ініцыятыва 21 верасьня была прызнаная экстрэмісцкай, і адначасова па краіне прайшлі затрыманьні рабочых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG