Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін загадаў спыніць штурм «Азоўсталі». 57-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Украінскі вайсковец, Севераданецк, красавік 2022 г.
Украінскі вайсковец, Севераданецк, красавік 2022 г.

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, каля 5 мільёнаў чалавек ужо сталі ўцекачамі. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • У часе справаздачы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу Ўладзімір Пуцін аддаў загад скасаваць штурм мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыюпалі.
  • Расея стварыла вакол заблякаванага ёю Марыюпалю чатыры фільтрацыйныя лягеры для мужчын, якія знаходзяцца ў горадзе.
  • Расейцы ўначы абстралялі Зеленадольск, а ўдзень Запарожжа. Загінулых няма.
  • Украінскія памежнікі выйшлі на ахову ўсёй лініі мяжы зь Беларусьсю.
  • Колькасьць уцекачоў ад вайны ва Ўкраіне перавысіла 5 млн чалавек.
  • Расейцы вядуць інтэнсіўныя атакі на Данбасе.
  • Адбыўся пяты абмен палоннымі паміж Украінай і Расеяй.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 21 красавіка

Удары па Запарожжы

21 красавіка расейскія войскі абстралялі Запарожжа. Пацярпелых няма. Жыхароў гораду просяць не фатаграфаваць і не здымаць на відэа прылёты ракет, каб такім чынам не карэктаваць агонь праціўніка.

Гэта ўжо ня першыя ракетныя ўдары па Запарожжы. Расейцы імкнуліся прарвацца да гораду, але зрабіць гэта ім не ўдаецца.

«Азоўсталь» не здаецца, Пуцін скасаваў загад аб штурме

Большая частка Марыюпалю цяпер пад кантролем расейскіх войскаў, апроч прамысловай пляцоўкі мэталюргічнага гіганта «Азоўсталь».

21 красавіка стала вядома, што ў часе справаздачы міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу Ўладзімір Пуцін аддаў загад скасаваць штурм мэталюргічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыюпалі.

ААН: з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі сама меней 2345 мірных жыхароў

Паводле зьвестак на поўнач 20 красавіка ва Ўкраіне зафіксавала 5264 ахвяры сярод мірнага насельніцтва: 2345 забітых і 2919 параненых, — гаворыцца ў паведамленьні ААН. Загінулі 703 мужчыны, 429 жанчын, 44 дзяўчынкі і 63 хлопчыкі, а таксама 70 дзяцей і 1036 дарослых, пол якіх пакуль невядомы. Раненьні атрымалі 339 мужчын, 271 жанчына, 61 дзяўчынка і 66 хлопчыкаў, а таксама 158 дзяцей і 2024 дарослых, пол якіх пакуль невядомы.

У ААН падкрэсьліваюць, што рэальныя лічбы могуць быць нашмат большыя, бо інфармацыя зь месцаў, дзе ідуць баі, даходзіць са спазьненьнем, а таксама шмат паведамленьняў чакаюць пацьвярджэньня.

Зяленскі: Марыюпаль зьнішчаны на 98%

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію францускаму тэлеканалу BFMTV заявіў, што акупанты зьнішчылі ў Марыюпалі 95-98% будынкаў.

«Гэта больш падобна не да вайны, а да тэрарыстычнай апэрацыі Расеі супраць Марыюпалю і жыхароў гэтага гораду. Там усё зьнішчана — 95-98% усіх будынкаў, усё, што ёсьць. Мы з вамі гаворым пра школы, дзіцячыя садкі, звычайныя жылыя кварталы, заводы, набярэжную — гэта прыморскі горад. Усё!» — падкрэсьліў Зяленскі.

З словаў прэзыдэнта, горад увесь час пад абстрэламі, таму многія баяцца нават выходзіць з схованкі. Разам з тым частка людзей рушыла на падкантрольную Ўкраіне тэрыторыю, але частку «эвакуавалі» на падкантрольныя Расеі тэрыторыі. Зяленскі адзначыў, што тысячы людзей, якія выехалі ў Расею або на часова акупаваную частку Ўкраіны, проста зьніклі.

У Марыюпалі больш за 400 параненых украінскіх вайскоўцаў, паведаміў сёньня Ўладзімір Зяленскі.

Захопнікі катавалі студэнта з Азэрбайджану

Амаль месяц катавалі азэрбайджанскага студэнта Гусэйна Абдулаева. Ён трапіў у палон да расейскіх акупантаў пасьля выхаду з Марыюпалю. Пра гэта тэлеканалу «Прямий» паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады ў правах чалавека Людміла Дзянісава.

Абстрэл Зеленадольску

У ноч на 21 красавіка расейскія войскі абстралялі горад Зеленадольск у Днепрапятроўскай вобласьці. Абстрэл вялі з установак «Ураган». Факт абстрэлаў пацьвердзіў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка.

Паводле яго, людзі і дамы не пацярпелі. Вораг ударыў па камунікацыях і пакінуў горад безь сьвятла і вады.

«На гэтую гадзіну спэцыялісты ўсё абнавілі — ёсьць вада і сьвятло. І цяпер усё добра. Добрага ранку!» — напісаў Разьнічэнка.

Дэмантаж абэліску і выдаленьне расейскамоўных шыльдаў

У Бярдзічаве Жытомірскай вобласьці ўлады дэмантавалі абэліск удзельнікам грамадзянскай вайны, а менавіта чырвонай дывізіі Шчорса. У 1919 годзе яна перамагла ў баях за горад сечавых стральцоў Сымона Пятлюры, у цэнтры гораду зрабілі супольную магілу шчорсаўцаў, а над ёю паставілі абэліск. Цяпер яго дэмантавалі ў рамках дэкамунізацыі, піша ТСН.

У Хмяльніцкім тым часам здымаюць расейскамоўныя шыльды — іх набралася ў горадзе некалькі дзясяткаў.

Ва Ўкраіне адбыўся чарговы абмен палоннымі

Украінскі бок вярнуў дахаты 19 чалавек, зь іх 10 вайскоўцаў і 9 цывільных. Па словах віцэ-прэм’ера Ўкраіны Ірыны Верашчук, сярод іх ёсьць параненыя. Яна не ўдакладніла, па якой схеме адбываўся абмен. Міністэрства абароны Расеі з камэнтаром не выступала.

На спадарожнікавых здымках зафіксавалі 300-мэтровую брацкую магілу ў акупаванай войскамі РФ вёсцы Мангуш каля Марыюпалю

Згодна са спадарожнікавымі здымкамі, выкапаная тут траншэя зьявілася арыентыровачна ў канцы сакавіка. На здымку ад 23 сакавіка яе яшчэ не было. На наступным здымку гэтай мясцовасьці ад 29 сакавіка ўжо бачна выкапаная траншэя даўжынёй больш за 300 мэтраў і, верагодна, тэхніка, якая яе зрабіла.

Расейскія войскі бамбяць «Азоўсталь», нягледзячы на адмену штурму, — дарадца мэра

У Марыюпалі расейскія войскі праводзяць бамбардзіроўку і абстрэл тэрыторыі «Азоўсталі», паведамляе дарадца мэра Марыюпалю Пётр Андрушчанка.

«Гэта проста для разуменьня „зялёных калідораў для Азоўсталі“ і „перамогі Пуціна ў Марыюпалі“. Я ўпэўнены — акупанты ня спыняцца да поўнага зьнішчэньня ўсіх, хто ўнутры „Азоўсталі“. Ні нашых абаронцаў, ні цывільных», — напісаў Андрушчанка ў Тэлеграме.

Украінскі бок заяўляе, што на тэрыторыі прадпрыемства знаходзяцца каля 1000 цывільных асобаў і 500 параненых вайскоўцаў, і патрабуе арганізаваць гуманітарны калідор.

У захопленай Херсонскай вобласьці расейскія войскі абвясьцілі мабілізацыю і анансавалі рэфэрэндум

У Херсонскай вобласьці, якая знаходзіцца пад кантролем расейскіх войскаў, абвешчана аб мабілізацыі мужчын, паведамляе прэс-служба Генштабу Ўзброеных сіл Украіны.

Апэратыўнае камандаваньне «Поўдзень» Узброеных сіл Украіны паведаміла, што расейскія войскі пры дапамозе ўкраінскіх калябарантаў рыхтуюць на 27 красавіка фальшывы рэфэрэндум у акупаванай Херсонскай вобласьці.

У Барадзянцы знайшлі дзьве брацкія магілы

Дзевяць загінулых, у тым ліку 15-гадовую дзяўчынку, знайшлі на месцах масавага пахаваньня мірных жыхароў Барадзянкі, паведаміў начальнік паліцыі Кіеўскай вобласьці Андрэй Небытаў.

Брацкія магілы былі знойдзеныя 20 красавіка. У адной зь іх знаходзіліся двое 35-гадовых мужчын, а побач — цела 15-гадовай дзяўчынкі. У іншым месцы пахаваньня паліцыя выявіла чацьвярых мужчын і дзьвюх жанчын, імёны загінулых пакуль не ўстаноўленыя. У некаторых з загінулых ёсьць прыкметы катаваньняў. Целы ўсіх загінулых былі дастаўленыя ў моргі Кіеўшчыны для далейшых экспэртыз.

Кіеў наведалі прэм’ер-міністры Гішпаніі і Даніі

Пэдра Санчэс і Мэтэ Фрэдэрыксэн сустрэліся з Уладзімірам Зяленскім, а таксама наведалі Барадзянку ў Кіеўскай вобласьці. «Узрушаны жахамі і зьверствамі вайны Пуціна на вуліцах Барадзянкі. Мы не пакінем украінскі народ сам-насам», — напісаў Санчэс у твітэры.

Ракетныя ўдары па Запарожжы і Днепрапятроўскай вобласьці

Увечары 21 красавіка ўкраінскія ўлады паведамілі аб абстрэлах некалькіх гарадоў. У Запарожжы ў выніку ўдару расейскай ракетай паранена 8 чалавек, украінская пракуратура завяла крымінальную справу.

У Днепрапятроўскай вобласьці тры ракетныя ўдары былі нанесеныя ў Навамаскоўскім раёне. З прычыны ракетных удараў па чыгунцы пацярпелі 5 чалавек — двое мужчын і тры жанчыны.

У Харкаве разбураныя 1929 жылых дамоў, а каля 30% харкаўчан пакінулі горад

Цяпер з гораду можна выехаць цягніком ці машынай, усе ахвочыя маюць такую магчымасьць, кажа гарадзкі галава Харкава Ігар Церахаў. «Прыкладна 30% харкаўчан — гэта ў асноўным жанчыны, дзеці, пажылыя людзі — выехалі з гораду», — паведаміў ён.

Ваеннае становішча ва Ўкраіне падоўжылі да 25 траўня

Дэпутаты Вярхоўнай Рады Ўкраіны ўхвалілі працяг у краіне рэжыму ваеннага становішча яшчэ на 30 дзён. Ваеннае становішча было ўведзена 24 лютага, у дзень расейскага ўварваньня, рэжым яго дзеяньня працягваўся да 26 сакавіка. Цяпер ваеннае становішча ў краіне будзе дзейнічаць да 25 траўня.

Ваеннае становішча азначае магчымасьць увядзеньня шэрагу абмежаваньняў, у тым ліку — камэнданцкай гадзіны, абмежаваньняў на ўезд або выезд з гораду і іншых.

Украінскія ўлады: адзіны гуманітарны калідор — з Херсонскай вобласьці — не спрацаваў

Заплянаваны на 21 красавіка «зялёны калідор» з акупаваных сёлаў Херсонскай вобласьці ў Днепрапятроўскую, не спрацаваў, напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай ваеннай адміністрацыі Валянцін Разьнічэнка. Гэта быў адзіны калідор, узгоднены бакамі на 21 красавіка.

Падобную заяву зрабіў губэрнатар Херсонскай вобласьці Генадзь Лагута. «Для эвакуацыі насельніцтва было накіравана 10 аўтобусаў, аднак акупанты не прапусьцілі транспарт», — удакладніў ён. Расейскі бок не камэнтаваў гэтыя заявы.

Расейцы захапілі 22 аб’яднаныя тэрытарыяльныя абшчыны ў Харкаўскай вобласьці з 56

Расейскія вайскоўцы захапілі 22 абʼяднаныя тэрытарыяльныя абшчыны ў Харкаўскай вобласьці, 34 працягваюць кантраляваць украінскія ўлады, паведаміў кіраўнік Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

Паводле яго, расейцы выкарыстоўваюць іх як транзытныя зоны.

З пачатку расейскага ўварваньня ў горадзе Папасная Луганскай вобласьці загінула больш за 100 чалавек

Гэта сьцьвярджае кіраўнік аблдзяржадміністрацыі Сяргей Гайдай, спасылаючыся на зьвесткі гарадзкой ваенна-грамадзянскай адміністрацыі. Паводле яго, у горадзе застаюцца больш за 2,5 тысячы жыхароў, эвакуацыя «ўскладненая», «цяпер расейцы кантралююць каля паловы горада».

«Вулічныя баі ідуць бесьперапынку, людзі жывуць у бамбасховішчах, выйсьці на вуліцу ня маюць магчымасьці праз шчыльнасьць абстрэлаў», — піша Гайдай. Ён адзначае, што ў Папаснай няма ацалелых дамоў.

Ва Ўкраіне з прычыны вайны пацярпелі 347 мэдыцынскіх установаў

У выніку вайны ва Ўкраіне на 21 красавіка пашкоджаныя 347 установаў аховы здароўя, 36 зь іх разбураныя; выйшлі з ладу 78 машын хуткай дапамогі, паведаміў міністар аховы здароўя Віктар Ляшко. «Паводле папярэдніх падлікаў, на поўнае аднаўленьне працы з абсталяваньнем гэтым 36 аб’ектам неабходна 13 млрд. грыўняў», — дадаў ён.

Уцекачы ад вайны

Паводле зьвестак ААН, на 15 красавіка больш за 5 мільёнаў чалавек пакінулі Ўкраіну з пачатку вайны 24 лютага. У справаздачах управы Высокага камісара ў справах уцекачоў ААН і Міжнароднай арганізацыі ААН у пытаньнях міграцыі гаворыцца, што агулам Украіну пакінулі 4 790 000 украінцаў і каля 215 тысяч іншаземцаў.

Найбольш уцекачоў з Украіны выехала ў Польшчу — звыш 2,7 мільёна чалавек, на другім месцы Румынія — больш за 725 тысяч чалавек.

На пачатак 2022 году на тэрыторыі Ўкраіны жыў 41 мільён чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Расея ўвяла новыя пэрсанальныя санкцыі супраць грамадзян ЗША і Канады

21 красавіка МЗС Расеі ўвёў пэрсанальныя санкцыі супраць 29 грамадзян ЗША. Сярод іх галоўны рэдактар англамоўнай вэрсіі «Медузы» Кевін Ротрок, сузаснавальнік Фэйсбуку Марк Цукерберг, LinkedIn Раян Расланскі, віцэ-прэзыдэнт ЗША Камала Харыс з мужам і яшчэ шэраг чыноўнікаў, прадпрымальнікаў і журналістаў.

Таксама МЗС Расеі абвясьціў аб пэрсанальных санкцыях супраць 61 грамадзяніна Канады. У ім дзяржаўныя службоўцы, вайсковыя камандзіры, кіраўнікі грамадзкіх арганізацый і супрацоўнікі СМІ.

Міністэрства абароны Расеі вырашыла абмежаваць доступ да зьвестак аб сваяках вайскоўцаў, якія загінулі ва Ўкраіне

Зьвесткі пра вайскоўцаў, што загінулі пры правядзеньні «спэцапэрацыяў», яшчэ з 2015 году сталі дзяржаўнай таямніцай, але льготы іхным сем’ям афармляюць цывільныя чыноўнікі раённых адміністрацыяў. Цяпер Міністэрства абароны РФ просіць урад перадаць гэтыя паўнамоцтвы вайсковым камісарыятам, што зробіць больш закрытай інфармацыю пра загінулых удзельнікаў вайны супраць Украіны, піша ВВС.

Кампанія Henkel абвясьціла, што сыходзіць з Расеі з прычыны вайны

Нямецкая кампанія — вытворца бытавой хіміі Henkel вырашыла спыніць дзейнасьць у Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі. У кампаніі паабяцалі, што 2500 яе супрацоўнікаў пакуль працягнуць працаваць і атрымліваць заробак, а плян выхаду Henkel з расейскага рынку яшчэ рыхтуецца.

У Henkel дадалі, што асуджаюць вайну Расеі супраць Украіны і гвалт над бязьвіннымі мірнымі жыхарамі.

Пуцін падпісаў закон аб арыштах да 15 «сутак» за адмаўленьне «вырашальнай ролі» СССР «у разгроме нацысцкай Нямеччыны»

Пакараньне для фізычных асобаў — штраф да 2 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт да 15 дзён. Для юрыдычных асобаў — штраф да 50 тысяч рублёў, пры паўторным парушэньні ім пагражае прыпыненьне дзейнасьці на тэрмін да 90 дзён.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Расейская тэхніка масава пакідае Беларусь

Тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн» паведаміў, што 85% расейскай тэхнікі ўжо вывезена зь Беларусі. Жыхары беларускага Палесься таксама заўважылі, што вайскоўцаў з Расеі ў гарадах усё менш. Жыхары Гомля кажуць, што наогул не заўважаюць цяпер на сваіх вуліцах расейскіх вайскоўцаў.

Як рэагуе сьвет

Вялікая Брытанія ўвядзе эмбарга на пастаўкі срэбра і ікры з Расеі і павялічыць мыта на некаторыя беларускія тавары

У рамках новых санкцый, пра якія Вялікая Брытанія паведаміла 21 красавіка, уводзіцца забарона на імпарт з Расеі срэбра, лесаматэрыялаў, ікры і іншай прадукцыі. На шэраг тавараў з Расеі і Беларусі, уключаючы алмазы і каўчук, на 35% павялічаць мыта. Таксама Брытанія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы 26 фізычных асобаў і арганізацый з Расеі, у тым ліку — чыноўнікаў Мінабароны і МНС, кіраўнік Расейскай чыгункі, канцэрн «Калашнікаў», ракетна-касьмічны цэнтар «Прагрэс» і інш.

Эстонія і Латвія аднымі зь першых у сьвеце прызналі ваенную агрэсію Расеі генацыдам украінскага народу

Адпаведныя заявы дзяржавы прынялі 21 красавіка. Таксама сёньня Сойм Латвіі прыняў папраўкі ў закон, якія прадугледжваюць магчымасьць пазбаўляць грамадзянства за падтрымку ваенных злачынстваў.

Літва заканадаўча забараніла дэманстрацыю сымбаляў «Z» і «V», а таксама аранжава-чорную стужку

Асобна ў дакумэнце адзначана забарона на аранжава-чорную («георгіеўскую») стужку, літары «Z» і «V». За дэманстрацыю такой сымболікі прадугледжаны штраф у памеры 300–700 эўра, а для юрыдычных асоб ён будзе даходзіць да 1200 эўра. Паўторнае парушэньне цягне за сабой штраф у памеры 500–900 эўра для фізычных асоб або 800–1500 эўра — для юрыдычных асоб.

Раней сымбалі, якія асацыююцца з расейскімі акупантамі, забаранілі ва Ўкраіне, Малдове і Нямеччыне.

Канада ўвяла новыя санкцыі супраць 14 расейцаў

19 красавіка Канада ўвяла санкцыі супраць старшыні расейскага Цэнтрабанку Эльвіры Набіулінай, бізнэсоўцаў Пятра Авэна і Міхаіла Гуцэрыева, сэнатара Аляксандра Торшына, віялянчэліста Сяргея Ралдугіна, дачок Пуціна Кацярыны Ціханавай і Марыі Варанцовай, а таксама яшчэ семярых расейцаў.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG