Справа зьняволенай журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай паступіла ў Гомельскі абласны суд, паведаміў яе муж, журналіст Ігар Ільяш, 19 красавіка.
Паводле яго, разгляд можа прайсьці ў другой дэкадзе траўня, калі не раней. Хутчэй за ўсё, суд будзе закрыты.
Журналістак тэлеканалу «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дар’ю Чульцову затрымалі 15 лістапада 2020 году падчас жывой трансьляцыі з акцыі памяці загінулага беларускага актывіста Рамана Бандарэнкі і асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі паводле абвінавачаньня ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх». Паводле вэрсіі сьледзтва, з прычыны стрыму, які журналісткі вялі з аднаго з суседніх высотных будынкаў, быў спынены рух 13 аўтобусных маршрутаў, трох тралейбусных і трох трамвайных.
7 красавіка стала вядома, што Кацярыне Андрэевай выставілі новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве. Ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў зьняволеньня.