Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-рэдактарка «Першага каналу» Расеі Марына Аўсяньнікава перайшла ў нямецкі Die Welt


14 сакавіка 2022
14 сакавіка 2022

Былую рэдактарку расейскага «Першага каналу» Марыну Аўсяньнікаву, якая зрабіла ў жывым эфіры праграмы «Время» антываенную акцыю, прынялі на працу ў нямецкае выданьне Die Welt. Паведамляецца, што яна будзе пісаць калёнкі для газэты і браць удзел у падрыхтоўцы навін аб Расеі і Ўкраіне.

Die Welt ужо апублікавала першую калёнку журналісткі, дзе тая расказала, што яе за антываенную пазыцыю цкуюць у сацсетках. Акрамя таго, па словах Аўсяньнікавай, ёй пракалолі шыны на аўтамабілі і заблякавалі карту ў фітнэс-клюбе.

Пры гэтым не паведамляецца, ці пакінула Марына Аўсяньнікава тэрыторыю Расеі. Раней яна заяўляла, што зьяжджаць не зьбіраецца, нягледзячы на тое, што ёй «вельмі страшна».

На фоне гэтага ў панядзелак спікер Дзярждумы РФ Вячаслаў Валодзін заявіў, што трэба пазбаўляць расейскага грамадзянства людзей, якія не падтрымліваюць правядзеньне так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» ва Ўкраіне і «паводзяць сябе подла, па-здрадніцку».

«Яны робяць заявы, падаючы іх як свае асабістыя перакананьні, як барацьбу за мір, а на справе потым усё гэта аказваецца зрэжысаванай адной з краін NATO пастаноўкай, у якой акторы пасьля выкананай ролі атрымліваюць пячэнькі Дзярждэпу», — напісаў Валодзін у сваім тэлеграм-канале, прывёўшы ў якасьці прыкладу Марыну Аўсяньнікаву. На думку Валодзіна, былая рэдактарка «Першага каналу» «зараз будзе працаваць на адну з краін NATO», «апраўдваць пастаўкі зброі ўкраінскім нэанацыстам» і «накіраваньне наймітаў, якія будуць ваяваць супраць нашых салдатаў і афіцэраў».

  • 14 сакавіка жывы эфір праграмы «Время» на «Першым канале» расейскай тэлевізіі быў перарваны антываеннай акцыяй, якая выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. У той час як вядоўца праграмы «Время» Кацярына Андрэева, седзячы ў студыі, расказвала пра пляны ўраду ў зьмякчэньні наступстваў ад заходніх санкцый, у студыю забегла рэдактарка праграмы Марына Аўсяньнікава і стала за сьпіной у Андрэевай з плякатам: «Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць». Акрамя таго, Аўсяньнікава выклала ў сетку відэазварот, у якім заклікала расейцаў пратэставаць супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.
  • Пазьней яе затрымалі, а потым аштрафавалі за заклік да незаконных акцый пратэсту. Сьледчы камітэт праводзіць праверку на прадмет завядзеньня супраць Аўсяньнікавай крымінальнай справы паводле новага артыкулу аб «публічным распаўсюджваньні загадзя лжывай інфармацыі аб выкарыстаньні Ўзброеных сіл РФ», пакараньне ў якім прадугледжвае ад 3 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG