Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Аўсяньнікава: «Мне вельмі страшна, але я застаюся ў Расеі»


Рэдактарка расейскага «Первого канала» Марына Аўсяньнікава, якая зрабіла антываенную акцыю ў жывым этэры
Рэдактарка расейскага «Первого канала» Марына Аўсяньнікава, якая зрабіла антываенную акцыю ў жывым этэры

Марына Аўсяньнікава, якая зладзіла антываенную акцыю ў жывым этэры «Первого канала» расейскай тэлевізіі, расказала ў інтэрвію нямецкаму выданьню Der Spiegel, што цяпер хаваецца ў сяброў, баіцца крымінальнага перасьледу і «прымае супакаяльныя лекі». Але тым ня менш Аўсяньнікава, паводле яе словаў, не зьбіраецца пакідаць Расею і прымаць прапанову прэзыдэнта Францыі Макрона аб прытулку, бо лічыць сябе «патрыёткай».

«Вельмі турбуюся пра сваіх дзяцей — 17-гадовага сына і 11-гадовую дачку. Абое яны ў Маскве, але не са мной, яны ў бясьпецы», — паведаміла таксама Аўсяньнікава, адзначыўшы, што акцыя, якую яна правяла, стала для яе родных «цяжкім ударам», што яна не адчувае падтрымкі ад іх, а сын папракнуў яе ў «разбурэньні жыцьця ўсёй сям’і».

Таксама Аўсяньнікава расказала пра шматгадзінны допыт пасьля таго, як яе затрымалі. Паводле яе, допыт вёў намесьнік кіраўніка аддзелу барацьбы з экстрэмізмам, якому «ўвесь час тэлефанавалі яго начальнікі». «Ніхто ня верыў, што я сама наважылася на пратэст: усе пыталіся, як я зьвязаная з Захадам, хто мяне навучыў», — паведаміла рэдактарка «Первого канала», дадаўшы, што пакуль супраць яе не завялі крымінальную справу, аднак праходзіць праверка.

«Мне вельмі страшна, але я не шкадую, што назвала вайну вайной, я ўжо перайшла рысу, за якой няма дарогі назад. Застаецца толькі гаварыць проста і адкрыта», — рэзюмавала Аўсяньнікава.

14 сакавіка жывы этэр праграмы «Время» на «Первом канале» расейскай тэлевізіі быў перарваны антываеннай акцыяй, якая выклікала рэзананс ва ўсім сьвеце. Тым часам як вядучая праграмы «Время» Кацярына Андрэева, седзячы ў студыі, расказвала пра пляны ўраду па зьмякчэньні наступстваў ад заходніх санкцый, у студыю ўбегла рэдактарка праграмы Марына Аўсяньнікава, стала за сьпінай у Андрэевай з плякатам: «Спыніце вайну. Ня верце прапагандзе. Тут вам хлусяць» і вымавіла: «Спыніце вайну!» і «Не — вайне!» Акрамя таго, Аўсяньнікава выклала ў сеціва відэазварот, у якім заклікала расейцаў пратэставаць супраць расейскай ваеннай агрэсіі ва Ўкраіне.

Пазьней яе затрымалі, а потым аштрафавалі ў судзе на 30 тысяч рублёў (каля $290) за заклік да незаконных акцыяў пратэсту. Сьледчы камітэт Расеі праводзіць праверку на прадмет завядзеньня супраць Аўсяньнікавай крымінальнай справы паводле новага артыкула КК РФ аб «публічным распаўсюджваньні заведама ілжывай інфармацыі аб выкарыстаньні Ўзброеных сіл РФ», пакараньне паводле якой прадугледжвае ад 3 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG