Даляр па 2,8 рубля, эўра па 3,05 — такі курс валют у Беларусі паводле Нацбанку на 8 красавіка. Пры гэтым ад пачатку вайны даляр сягаў за 3 рублі, эўра каштаваў больш за 3,6 рубля.
Што будзе далей з курсам даляра
На думку экспэрта BEROC (Кіеў) Анастасіі Лузгіной адкат у падаражэньні даляра і эўра шмат у чым зьвязаны з уплывам расейскага рубля.
«Беларускі рубель паўтарае тэндэнцыю расейскага рубля. Гэта зьвязана з тым, што Расея — самы буйны гандлёвы партнэр Беларусі, у кошыку валют доля расейскага рубля ў Беларусі складае 50%. Расейскія аналітыкі прагназуюць, што калі ня здарыцца нечага надзвычайнага, расейскі рубель у красавіку будзе заставацца на цяперашніх пазыцыях плюс-мінус 5 рублёў, бо Цэнтрабанк Расеі захоўвае жорсткія абмежаваньні. Далейшае сур'ёзнае ўмацаваньне расейскага рубля не прагназуецца», — кажа Анастасія Лузгіна.
Адпаведна, беларускі рубель таксама далей ня будзе ўмацоўвацца, прагназуе экспэртка. У той жа час, рызыкі рэзкіх ваганьняў беларускага рубля да цьвёрдых валютаў захоўваюцца.
«У доўгатэрміновай пэрспэктыве з прычыны санкцый чакаецца пагаршэньне эканамічнага стану ўнутры краіны і паскарэньне інфляцыі. Ужо цяпер можна казаць, што лягістыка дастаўкі тавараў стала больш складанай, у некаторых выпадках адбываецца спыненьне дзеяньня пагадненьняў па экспарце і імпарце. Гэта ўсё будзе аказваць ціск на дынаміку зьменаў кошту беларускага рубля. Калі Нацбанк па-ранейшаму будзе прытрымлівацца палітыкі свабоднага курсаўтварэньня і не ўвядзе жорсткіх валютных абмежаваньняў, як гэта зрабіў Цэнтральны банк Расеі, то мы пабачым адваротную тэндэнцыю на валютным рынку. Гэта будзе паступовае аслабленьне да даляра і эўра на фоне ўнутраных эканамічных фактараў», — кажа Анастасія Лузгіна.
Экспэртка падкрэсьлівае, што цяпер на курс уплываюць зьнешнія прычыны, а ў далейшым на курс будуць больш уплываць унутраныя эканамічныя фактары.
Ці адкоцяцца назад цэны
З прычыны росту даляра ў Беларусі падаражэлі многія тавары, і цяперашняя тэндэнцыя ўмацаваньня рубля на гэта не паўплывала.
«Даляр можа адкаціцца назад, аднак пастаўшчыкі закладаюць у кошт валютныя рызыкі. Рубель умацаваўся, але высокія чаканьні дэвальвацыі засталіся. Зь іншага боку, узьнікаюць дадатковыя цяжкасьці, з прычыны санкцый зьмяняецца лягістыка, трэба шукаць новыя рынкі збыту, што накладае адбітак і на канчатковы кошт. Таму падаражэньне зьвязанае як з аб’ектыўнай неабходнасьцю, так і з суб'ектыўнымі чаканьнямі», — кажа экспэртка.