Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 30 сакавіка: блогера і прадусара Савіна асудзілі на 8 гадоў калёніі, у тым ліку за ўдзел у Маршах пратэсту


Суд у Менску
Суд у Менску

Улады Беларусі надалей перасьледуюць грамадзян за выказваньне думак на палітычныя тэмы і пра вайну з Украінай, а таксама судзяць за ўдзел у пратэстах 2020 году.

Блогера Ўладзіслава Савіна асудзілі на 8 гадоў калёніі

У судзе Заводзкага раёну Менску пасьля чатырох месяцаў судовых разбораў агучылі прысуд 34-гадоваму прадусару і блогеру Ўладзіславу Савіну, паведамляе «Вясна».

Яго абвінавацілі ў махлярстве ў буйным памеры (ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу) і арганізацыі і ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях пратэсту (арт. 342 КК), а менавіта тым, што ў 2015–2016 гадах ён, паабяцаўшы больш як 100 чалавекам удзел у першых у Беларусі рэаліці-шоў, не забясьпечыў ім гэтага.

Таксама Савіна абвінавацілі ва ўдзеле ў трох Маршах у 2020 годзе і ў арганізацыі пратэстаў з дапамогай відэаролікаў на сваёй старонцы Instagram.

Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч асудзіла яго на восем гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму — менавіта такога пакараньня прасіў пракурор.

За перадачу фота расейскай вайсковай тэхнікі «Беларускаму Гаюну» затрыманы айцішнік

Затрыманы 32-гадовы IT-спэцыяліст Віктар Кулінка. На праўладных тэлеграм-каналах зьявілася «пакаяннае відэа», дзе ён расказвае, што сфатаграфаваў калёну тэхнікі расейскіх войскаў, якая накіроўвалася ў бок Гомля. Па яго словах, фота ён перадаў у тэлеграм-канал «Беларускі Гаюн», які 15 сакавіка быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем. Паведамляецца, што гэта першы затрыманы за кантакт з ботам «Беларускі Гаюн».

Паводле папярэдняй інфармацыі, Віктару інкрымінуецца арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі — садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці. Гэты артыкул прадугледжвае пакараньне да 6 гадоў калёніі. Акрамя гэтага, яму інкрымінуецца арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу (удзел у экстрэмісцкім фармаваньні) за рэгістрацыю ў «Пляне Перамога», якую знайшлі сілавікі ў тэлефоне.

Палітзьняволенага сябра АГП асудзілі на тры гады «хатняй хіміі»

Сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Сяргеенку 29 сакавіка асудзілі па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу на тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, паведамляе «Вясна». Пад вартай у СІЗА-1 яго ўтрымлівалі тры месяцы. Справу разглядала судзьдзя суду Фрунзэнскага раёну Менску Натальля Бугук.

Мікалая затрымалі 14 сьнежня 2021 году пасьля ператрусу ў яго дома. Сябра АГП затрымлівалі на трэціх і чацьвёртых прэзыдэнцкіх выбарах, ён тады сядзеў на «сутках» на Акрэсьціна. Летась яго затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы.

Рэпрэсіі ў Дзяржынску: сярод мясцовых жыхароў шукаюць «рэйкавых партызан»

Праваабаронцам сталі вядомыя падрабязнасьці рэпрэсій у Дзяржынску, дзе больш за тыдзень сілавікі праводзілі рэйд па пошуку «рэйкавых партызан». Мясцовых жыхароў затрымлівалі і зьмяшчалі ў ІЧУ, у іх дамах ладзілі ператрусы, а некаторых падчас затрыманьняў білі. У ізалятары іх утрымлівалі ў жорсткіх умовах: у камэрах холадна, не выдавалі матрацаў, перадач не прымалі.

Стала вядома, што раніцай 21 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКу затрымалі жанчыну, у якой ёсьць непаўналетняе дзіця. У пастанове на ператрус значылася, што крымінальная справа тычыцца чыгуначнай дывэрсіі 18 сакавіка на станцыі «Коласава». У жанчыны забралі тэлефон, а ў РАУС на яе склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за перасыл паведамленьня з «Хартыі-97» сваёй дачцэ. Суд прызнаў яе вінаватай і пакараў штрафам у памеры 640 рублёў.

З пачатку вайны затрымалі мінімум 8 «рэйкавых партызанаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG