Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі ў сувязі з нападам Расеі на Ўкраіну


Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн

Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі ў сувязі з расейскім збройным уварваньнем ва Ўкраіну.

У санкцыйны сьпіс трапілі 328 дэпутатаў Дзярждумы Расеі і сама Дзярждума як установа.

Таксама ў сьпісе, акрамя іншых, кіраўнік «Сбербанка» Герман Грэф, жонка мільярдэра Генадзя Цімчанкі, кіраўнікі шэрагу абаронных прадпрыемстваў Расеі, некалькі дзясяткаў кампаній, зьвязаных з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Усяго ў новым сьпісе больш за 400 фізычных і юрыдычных асобаў, паведаміў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Санкцыі прадугледжваюць замарозку актываў, а для фізычных асобаў — забарону на ўезд у ЗША. Акрамя таго, амэрыканскім фізычным і юрыдычным асобам забаронена весьці справы з тымі, хто ўключаны ў санкцыйныя сьпісы.

Таксама, згодна з паведамленьнем Міністэрства фінансаў ЗША, прадметам санкцый могуць стаць трансакцыі з удзелам залатых запасаў расейскага Цэнтрабанку. Раней ЗША і іншыя краіны Захаду замарозілі частку валютных рэзэрваў Банку Расеі.

Раней пра новыя санкцыі абвясьціла Вялікая Брытанія. У санкцыйны сьпіс трапілі Герман Грэф, Алег Цінькоў, Альфа-Банк і іншыя асобы і прадпрыемствы. Чакаецца, што па выніках саміту «Групы сямі» (G7) у чацьвер будзе прынятае рашэньне аб новым міжнародным мэханізьме барацьбы са спробамі абыходу санкцый.

Пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну (24 лютага) ЗША і іх саюзьнікі ўвялі ў дзеяньне некалькі пакетаў эканамічных і пэрсанальных санкцыяў. Расея працягвае баявыя дзеяньні супраць Украіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG